Вы тут

Героі новай эпохі


У Мінску прайшоў форум натхнення для «айцішнікаў».

Па звестках часопіса Forbes, тры першыя пазіцыі ў спісе самых дарагіх брэндаў свету зараз займаюць ІT-кампаніі: Apple, Mіcrosoft і Google. Месца Беларусі ў рэйтынгу высокіх тэхналогій таксама далёка не апошняе: у кожным кутку планеты вядомы такія кампаніі, як Wargamіng, Vіber і многія іншыя. Але трэба выхоўваць і новае пакаленне «айцішнікаў». Менавіта такую мэту ставілі перад сабой арганізатары форума «ІT-Youth-2015» — Парк высокіх тэхналогій і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У сценах першага і прайшло мерапрыемства.

[caption id="attachment_84320" align="alignnone" width="630"]Удзельнікі маглі пракансультавацца ў дасведчаных «айцішнікаў». Удзельнікі маглі пракансультавацца ў дасведчаных «айцішнікаў».[/caption]

Яго ўдзельнікамі сталі больш як 200 маладых людзей з усіх рэгіёнаў Беларусі — як тых, хто ўжо мае свае ІT-праекты, так і тых, хто толькі плануе сваю будучыню ў гэтай сферы. Моладзь мела магчымасць з першых вуснаў даведацца пра спецыфіку працы «айцішнікаў».

Выступленне Ігара Магазінніка, тэхнічнага дырэктара і аднаго з сузаснавальнікаў сусветна вядомага месенджара (праграмы для абмену паведамленнямі) Vіber, задаволіла ўсіх, каго цікавіла гісторыя поспеху кампаніі. Яго каманда працавала над шэрагам праектаў, з'яўляючыся па сутнасці своеасаблівым ІT-інкубатарам. Але менавіта месенджар выйшаў на першае месца, калі за тры дні пасля рэлізу праграмы ёй пачалі карыстацца ўжо мільён чалавек. Дарэчы, ідэя стварэння Vіber узнікла проста: кампаніі, чые супрацоўнікі раскіданы па розных краінах, патрэбен быў сродак хуткай і таннай камунікацыі. Цяпер дадатак мае 573 мільёны зарэгістраваных карыстальнікаў, з якіх 250 мільёнаў карыстаюцца праграмай хаця б раз на месяц.

— Зараз у многіх не зусім правільнае ўяўленне пра інфармацыйныя тэхналогіі, — лічыць дырэктар адукацыйнага цэнтра ПВТ Вадзім Зелянкоў. — Людзі думаюць, што гэта няпыльная праца: сядзіш сабе, папіваеш гарбату ў офісе. Наша задача — паказаць, што гэта прафесія запатрабаваная, але адначасова і вельмі складаная. Рэалізаваць сябе тут могуць людзі рознага складу розуму, не толькі тэхнічнага.

Закрываў выступленні спікераў фіналіст міжнароднага конкурсу «Іntel ІSEF» Павел БАЦЫЛЕЎ. Хлопец распавёў, як прыцягнуць у свой праект 100 тысяч карыстальнікаў. Яго мабільным дадаткам «Хімія Х10», які дапамагае школьнікам рашаць хімічныя задачы, карыстаецца каля 120 тысяч чалавек. Цікава, што Павел напісаў праграму яшчэ падчас вучобы ў школе.

— Я вучуся на спецыяльнасці тэхнік-электронік і сваю будучыню бачу толькі ў ІT, — кажа навучэнец Лідскага каледжа Максім ГУДЗІНОВІЧ. — Калі даведаўся пра гэты форум, адразу вырашыў, што трэба ехаць. Вынес для сябе шмат цікавага і важнага. Асабіста мяне натхніў аповед Паўла Бацылева, бо ён паказвае, што поспеху са сваім стартапам можна дасягнуць нават у вельмі юным узросце без вялікіх фінансавых уліванняў. Ужо вырашыў, што працягваць навучанне буду ў БДУІР. Зараз я займаюся праграміраваннем на PHP (мова для распрацоўкі вэб-дадаткаў. — Аўт.), ужо зрабіў некалькі сайтаў. Нядаўна з'явілася ідэя віртуальнага музея авіяцыі часоў Другой сусветнай вайны з гісторыяй самалётаў, славутых пілотаў і іншай цікавай інфармацыяй. Буду яе рэалізоўваць.

Пра некаторыя ідэі юных «айцішнікаў», што былі прадстаўлены падчас форуму, варта расказаць асобна. Напрыклад, хлопцы і дзяўчаты з інкубатара БДУ ІT House прапанавалі ўвазе публікі свой праект GuіdeMe — дадатак для турыстаў, які сплануе маршрут па любым горадзе планеты ў адпаведнасці з колькасцю вольнага часу, што ёсць у карыстальніка. Яму застаецца толькі выбраць цікавае для сябе: гістарычныя славутасці, музеі, кавярні і гэтак далей. Па словах стваральнікаў, праграма можа быць патрэбна тым, хто любіць падарожнічаць самастойна, людзям, якія часта бываюць у камандзіроўках, а таксама тым, хто хоча больш даведацца пра свой родны горад.

Каманда іDіscount прапанавала вырашэнне актуальнай праблемы — накаплення дзясяткаў зніжкавых і дысконтных картак у кішэнях і кашальках людзей. Праграма будзе выдаваць карыстальнікам віртуальныя карты, захоўваць іх, паказваць актуальны працэнт зніжкі і многае іншае. Для працы дадатку не трэба ніякай спецыяльнай апаратуры, акрамя смартфона з камерай. Стваральнікі мяркуюць, што іх рашэнне спадабаецца малому бізнесу, бо яно амаль не патрабуе грашовых выдаткаў.

Праект CіtyVіbe займаецца стварэннем праграмы, якая трымае карыстальніка ў курсе ўсіх цікавых яму падзей, што адбываюцца ў горадзе. Акрамя буйных мерапрыемстваў, інфармацыю пра якія лёгка знайсці ў інтэрнэце на спецыялізаваных сайтах, CіtyVіbe інфармуе і пра іншыя, неразрэкламаваныя, падзеі, напрыклад, «кватэрнікі».

Пасля прэзентацыі ўсе восем каманд паўдзельнічалі ў ментар-сесіі з экспертамі. Пераможцамі і ўладальнікамі гран-пры Mentor Day 2 стаў праект GuіdeMe. Яго аўтары будуць прадстаўляць краіну на міжнароднай ІT-канферэнцыі SLUSH 2015 у Хельсінкі.

Дарэчы, тым, хто толькі пачынае ствараць нешта сваё, варта мець на ўвазе: на практыцы толькі каля двух працэнтаў стартапаў становяцца ўдалымі праектамі. Але не трэба баяцца памылак: сярод тых, хто не здаўся і здзейсніў другую спробу, поспеху дасягае амаль палова.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

— Мне гэты форум падаецца вельмі важным, бо моладзі трэба пачуць як мага больш гісторый поспеху і няўдач іншых людзей, — падзяліўся сваім меркаваннем Ігар Магазіннік. — Гэта, з аднаго боку, матывуе рабіць нешта самому, а з іншага, дае той досвед, які ў любым выпадку давялося б адчуць на сваёй скуры пазней. Вядома, удзел у форуме — яшчэ не гарантыя ўдалага праекта, бо гэта не тая сфера, у якой можна навучыцца ўсяму па кніжках.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.