Вы тут

МУЗЫКА НАС ЗВЯЗАЛА!..


У кожнага чалавека ёсць свае захапленні. Хтосьці цікавіцца танцамі, нехта — вышываннем ці вязаннем. Адны прысвячаюць вольны час калекцыяніраванню, а іншыя займаюцца спортам або навукай. У мяне таксама было шмат хобі: бісерапляценне, лепка з гліны, саломапляценне, габелен. Я займалася танцамі, наведвала тэатральны гурток, а потым сама сабе шукала занятак: клеіла, выразала, займалася арыгамі — спрабавала сябе ў любым відзе ручной працы, ці hand made. Але галоўнае маё захапленне — музыка. Ужо каторы год хаджу на заняткі па гітары і фартэпіяна. Гэта зусім не падобныя адзін да аднаго інструменты. Чаму я захацела асвоіць менавіта гітару? Справа ў тым, што мой тата і цётка самі вучыліся іграць. На хатніх святах яны спявалі любімыя песні. Я падпявала і думала, што калісьці таксама так змагу!

21-5

...Свой першы ўрок і знаёмства з настаўнікам Андрэем Яўгенавічам Каленікам я запомніла надоўга. Словы «грыф», «лады», «верхняя і ніжняя дэкі», «парожкі» — гэта ўсё былі незразумелыя паняцці, якія трэба было завучыць. Азнаёмілася з нотамі, а пазней сыграла маленечкую песеньку «Васілёк». Памятаю і свае першыя больш сур'ёзныя творы. З кожным годам мая папка з нотамі папаўнялася, таўсцела. Потым я выйшла на новы ўзровень — пачала выконваць такія п'есы, як «Астурыя» Ісаака Альбеніса, эцюды, накцюрны, прэлюдыі... Вельмі прыемна перабіраць пальцамі струны гітары, слухаць мелодыю, якая пад імі нараджаецца. Мая колішняя мара дзяцінства спраўдзілася, і я вельмі шчаслівая.

У апошні, самы цяжкі, год навучання ў музычнай школе ў мяне змяніўся педагог па гітары: да нас прыйшоў Юрый Нестаравіч Калеснік. Дарэчы, амаль уся яго сям'я «музычная»: сын таксама выкладчык, а ўнукі вучацца іграць на розных інструментах. Мне падабаецца выкладанне гэтага настаўніка. Праграма тая ж, а метады і падыходы іншыя... На пятым годзе навучання трэба здаваць экзамены па гітары, сальфеджыа і музычнай літаратуры. Зразумела, вельмі цяжка сумяшчаць заняткі музыкай і падрыхтоўку да выпускных іспытаў пасля адзінаццатага класа. Але прыемна, што я стану выпускніцай адразу дзвюх школ: гімназіі і мастацкай. У апошняй ужо трэці «дыплом» атрымаю (бо маю ўжо два пасведчанні: аб заканчэнні тэатральнага і танцавальнага гурткоў).

Але ж займаюся я не толькі ў музычнай школе. У вольны час вучу розныя акорды і песні для сябе. Мая гітара вісіць на сцяне ў пакоі, і я рэдка магу прайсці міма і не дакрануцца да яе, не зняць, каб пайграць. Мелодыі супакойваюць мае трывогі і нядобрыя пачуцці.

З дзясятага класа я пачала іграць у гімназіі. Пазней мяне і сяброўку-спявачку запрасілі на абласны турыстычны злёт, адным з конкурсаў якога быў патрыятычны. За выкананне песні «У руках аўтамат» мы пачулі шмат апладысментаў і нават занялі чацвёртае месца (вялікі поспех для першага разу, ці не так?!). Не забылася потым прапанаваць сябе ў якасці гітарысткі і на свяце апошняга званка, дзе для выпускнікоў прагучала кранальнае «Когда уйдём со школьного двора»... У наступным годзе ўжо выступала на раённым конкурсе для воінаў-інтэрнацыяналістаў.

...Вельмі прыемна адчуваць сябе на сцэне, але ж справа не толькі ў публічных выступленнях. На перапынку наш дружны клас спявае ўсім вядомыя песні, і да нашай кампаніі падцягваюцца астатнія. Так мы знаёмімся яшчэ бліжэй, даведваемся пра музычныя густы адно аднаго, а таксама пра самога чалавека. Я пераканалася, што музыка насамрэч збліжае людзей.

Яшчэ пяць гадоў таму ў нашай школе мастацтваў я запісалася на заняткі па фартэпіяна як на дадатковы прадмет. З педагогам Святланай Міхайлаўнай Дзімохінай мы выбіраем, а потым разбіраем тую ці іншую п'есу. Мяне ўражваюць меладычнасць і плаўнасць гукаў у фартэпіяна. Яны вабяць і інтрыгуюць.

Я люблю займацца музыкай, бо ёсць у ёй штосьці асаблівае. Музыка — гэта мастацтва, і яна ж — стан маёй душы.

Юлія АДАМОВІЧ,
вучаніца 11 класа гімназіі №1
імя У.А. Караля г. Чэрвеня.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.