Вы тут

Вініл з «канверта», ці Пра што могуць расказаць пласцінкі?


...Не так даўно мне пашанцавала — у конкурсе выйграла новенькую вінілавую пласцінку, амаль забыты сёння носьбіт гуку. Такія рэчы асабіста ў мяне выклікаюць прыемнае трымценне і задавальненне: яны больш душэўныя, ствараюць незвычайную атмасферу... Ці мне толькі падаецца? Калісьці вініл быў цэлай эпохай у музычнай сферы. Сёння пласцінкі амаль зніклі, іх можна ўбачыць хіба што на «блышыных» рынках ды на тэматычных вечарынах у клубах. Але ёсць і тыя, хто «замарочваецца» і слухае музыку менавіта на вініле.

21-7

Выбіраючы паміж дыскам і пласцінкай, я аддам перавагу другому варыянту, — кажа аматар-калекцыянер вінілу з Мінска Алік КОТАЎ, у зборы якога больш за дзве сотні пласцінак. Эколаг-праекціроўшчык да свайго хобі прыйшоў выпадкова.

— Чатыры гады таму я захварэў і пайшоў на бальнічны, — распавядае суразмоўца. — І трапіўся мне на вочы адзін кінафільм, зараз, праўда, не згадаю яго назву, але дакладна памятаю: у ім былі Космас, вініл і музыка Ріnk Flоуd. Я настолькі ўразіўся ўбачаным, што падумаў: музыку я люблю, дыскі збіраю, чаму б не перайсці на вініл? Не паспеўшы паправіцца, я паехаў па савецкую «круцёлку» і прывёз яе дадому. У мяне было некалькі пласцінак — сябар збіраўся выкідваць, але аддаў мне. Гучанне спадабалася і мне, і майму кату (смяецца). Так усё і закруцілася, а цяпер гэтае захапленне ўжо не спыніць.

Знаёмства з вінілам у Аліка адбылося, натуральна, яшчэ ў дзяцінстве: у хлопчыка было шмат пласцінак з дзіцячымі казкамі, якія не надта яму падабаліся. Затое яго бацька, як сапраўдны меламан, слухаў хард-рок і меў у калекцыі альбомы савецкіх і замежных выканаўцаў, хаця сам аддаваў перавагу касетам (а пасля — дыскам), бо з пласцінкамі «цырымоніцца» не любіў. Маці да захаплення мужа ставілася спакойна, з умовай «абы не гучна».

— У бацькі быў прынцып: як бы ні было цяжка з фінансамі, раз у месяц ён набываў хаця б адну пласцінку. І мне казаў: «Вымярай набытае не адданымі грашыма, а атрыманымі ўражаннямі», — заўважае калекцыянер.

На гэтае правіла Алік не забываецца і сёння і не ўпускае магчымасці набыць жаданую пласцінку. Праўда, прызнаецца, што часам «жмецца», доўга «аблізваецца» на спакушальны вініл — кошты вагаюцца ад 50 тысяч рублёў да мільёна і нават больш. Дарэчы, у 1980-ых гадах пласцінкі каштавалі ад аднаго да трох рублёў. За замежны фірмовы вініл можна было выкласці палову зарплаты, якая ў сярэднім складала 100—150 рублёў. Нашмат больш каштавала якасная апаратура, прайгравальнікі і ўзмацняльнікі — кошты даходзілі да 300 рублёў.

— Увогуле, час быў цікавы. Напрыклад, калі ў СССР афіцыйна вініл выдаваўся толькі дзяржаўнай фірмай «Мелодыя» (рэпертуар якой няцяжка ўявіць), у Ленінградзе з'явілася неафіцыйная фірма «АнТроп» прадзюсара Андрэя Трапілы. Для савецкага меламана, які не жадаў слухаць айчынную эстраду, пласцінкі вытворчасці Трапілы былі адзінай магчымасцю папоўніць калекцыю запісамі замежнага року. Даволі часта канверты гэтых выданняў афармляліся не так, як арыгіналы. Назвы песень перакладаліся на рускую мову, на «блін» ставіўся надпіс «Запіс па трансляцыі», што на той час пазбаўляла ад праблем з аўтарскімі правамі. У мяне ёсць некалькі пласцінак выдання «АнТроп». Як правіла, гэта тонкі вініл у канверце з друкам сярэдняй якасці, — адзначае Алік і дэманструе альбом «Пінк Флойд» «Шкада, што цябе тут няма» (надпіс на канверце зроблены на рускай мове). Аднак нельга сказаць, што выдаваліся толькі пласцінкі замежных выканаўцаў — не забыўся Андрэй Трапіла і на айчынных: многія запісы груп «Машына часу», «Акварыум», «Кіно», «Агата Крысці» — таксама яго справа.

У савецкія часы дарагія пласцінкі прывозілі з-за мяжы тыя, хто меў магчымасць выязджаць. Карыстаўся папулярнасцю югаслаўскі, польскі і балгарскі вініл — ён быў таннейшы за арыгіналы, аднак горшы па якасці. Сёння набыць старую, але якасную пласцінку можна ў Германіі, Польшчы і іншых краінах Еўропы. У Беларусі, на жаль, гэты рынак не так моцна развіты: «Мелодыі» шмат, сапраўдных рарытэтаў мала. Магчымыя месцы для пакупкі хіба што аўкцыёны і «блышыныя» рынкі: часам там можна знайсці нешта каштоўнае, бо ў апошні час з'яўляецца ўсё больш аматараў вінілу, адпаведна, асартымент расце.

— Не так даўно набыў у Мінску пласцінку з кантры-песнямі Элвіса Прэслі за 272 тысячы рублёў. Раю завітаць на сустрэчы філафаністаў (так называюць калекцыянераў гуказапісаў), якія праходзяць па суботах у Палацы культуры трактарнага завода. Там прадаюць дыскі, пласцінкі. Людзі збіраюцца, каб пагутарыць, абмяняцца запісамі. Самае прыемнае — набываць вініл у калекцыянераў: з імі можна дамовіцца пра праслухоўванне, абмен, проста пагутарыць «за музыку», як правіла, яны добра ведаюць адзін аднаго.

Адны калекцыянеры збіраюць усе альбомы і сінглы канкрэтнага гурта, іншыя — выданні аднаго лэйбла (фірмы), трэція наогул «прызнаюць» толькі вініл, узвышаючы якасць яго гуку над іншымі носьбітамі і фарматамі. Так, у размове мы паступова пераходзім да «хваробы на вініл».

— Чаму вініл сёння страціў ранейшую папулярнасць? Адны не вераць у яго асаблівае гучанне, другія лянуюцца вазіцца з пласцінкамі, трэція лічаць вініл састарэлым фарматам, — разважае Алік. — Я ў гэтыя спрэчкі не лезу, бо аўдыяфілы (людзі, якія любяць высокую якасць гуку) могуць спрачацца па любой тэме. Мне падаецца, аўдыяфілія — гэта хвароба. Людзі не насалоджваюцца гучаннем музыкі, а раскладваюць яе на «лічбы», намагаюцца вымераць чысціню і глыбіню гуку. Ёсць выдатная фраза, якая іх характарызуе: «меламаны слухаюць музыку, а аўдыяфілы — шумы ў паўзах паміж трэкамі». Я не лічу, што вініл гучыць лепш за астатнія носьбіты, проста ён мне падабаецца. Адзінае, у чым я ўпэўнены: кожны пры яго праслухоўванні адзначыць нешта сваё: кагосьці ўразіць гук, кагосьці — расчаруе. Гэта нармальна.

Сярод вінілафілаў шануюцца першапрэсы — першыя выпускі альбома, якія пасля могуць перавыдавацца. Яны каштуюць дорага, але часам бываюць дзіўныя выпадкі. У Аліка ёсць сябар, які трымае першапрэсы запакаванымі: яны проста стаяць на палічцы і радуюць яго вока. Свой вініл ён ні разу не паслухаў і наўрад ці ажыццявіць гэтую задуму, бо нават прайгравальніка не мае. Арамя таго, філафаністы пільна сочаць за нумарамі на пласцінках і штрых-кодамі — па іх лёгка даведацца, з якіх яны партый, у якіх краінах былі выдадзены. Алік за першапрэсамі не ганяецца: у яго калекцыі ёсць і савецкая «Мелодыя», і балгарскі «Балкантон», фірмовы вініл — арыгіналы і навастворы, перавыданні. Сам вінілафіл займаецца алічбоўкай пласцінак. З такой просьбай да яго звяртаюцца сябры і знаёмыя, якія хочуць кампакт-дыск, алічбаваны спецыяльна для іх, з матэрыялам з адной ці некалькіх пласцінак.

Сёння ў Расіі адраджаюць выпуск вінілавых пласцінак. Але, па словах суразмоўцы, аўдыяфілы «адварочваюць нос» ад новага вінілу з прычыны якасці мастэрынгу (працэс падрыхтоўкі і пераносу запісанай фанаграмы на носьбіт для наступнага памнажэння). Да гэтай пары няма адзінага меркавання, ствараецца сваё «клішэ» для вінілу альбо пласцінкі штампуюць з таго ж лічбавага носьбіта, што і асноўны тыраж на кампакт-дысках.

Для Аліка вініл — гэта не фетыш, а музычны носьбіт, вельмі прыемны ў выкарыстанні. Разваротныя канверты некаторых замежных выданняў можна разглядаць як творы мастацтва: настолькі яны бываюць насычаныя дэталямі і інфармацыяй. Асабіста ў Аліка не атрымліваецца слухаць вініл і адначасова займацца хатнімі справамі: гэты фармат схіляе да нетаропкасці, удумлівасці. Вінілу супрацьпаказаны брудныя рукі — брудныя ці падрапаныя дарожкі адразу чуваць. Таму сваю калекцыю Алік захоўвае ў поліэтыленавых абгортках, працірае паверхню пласцінак перад праслухоўваннем.

Рэдкі «экспанат» у маёй калекцыі — канцэртны запіс выступлення групы Hеаrt на амерыканскім радыё, з размовамі вядучага і нават рэкламнымі паўзамі. Гэты вініл трапіў да мяне праз знаёмага калекцыянера, — дзеліцца сваімі скарбамі Алік. — Самая старая пласцінка — госпел-спявачкі Мехеліі Джэксан, датаваная 1960 годам. Яна не дарагая і не рэдкая, але трапіла да мяне зусім як новая. А самая новая — любімы альбом блюзавай спявачкі Бэт Харт — была выпушчана ў 2007 годзе і лічыцца «навастворам». Альбомы гуртоў мінулых часоў звычайна набываю на тым носьбіце, на якім яны выдаваліся. Сучасныя альбомы набываю на кампакт-дысках — у калекцыі іх больш за 400 штук, толькі самыя любімыя дублюю вінілам.

На развітанне вінілафіл пажадаў чытачам не слухаць чужыя словы пра вініл, а абавязкова самім паслухаць пласцінкі — хаця б для таго, каб дакрануцца да музычнай гісторыі і сфарміраваць уласнае ўяўленне пра гэтую з'яву.

Кацярына РАДЗЮК.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.