Вы тут

Спатканне


Урывак з апавядання

Яніна Пінчук нарадзілася ў Бабруйску. Скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ. Захапляецца гісторыяй, палітыкай, замежнымі мовамі, жывапісам. Надрукаваныя ў майскім нумары «Маладосці» апавяданні «Спатканне» і «Дуэль» — першыя ў шэрагу твораў будучай (але ўжо цалкам напісанай) кнігі «Горад мрой».

df

Нам прынеслі каву і дэсерты. Ірландскую з чарнічным тварожнікам — мне, капучына з яблычным штрудзелем — Арыне. Яшчэ тры хвіліны мы маўчалі: святадзейнічалі маленькімі срэбнымі відэльчыкамі і атрымлівалі асалоду ад духмянага, да ачмурэння смачнага напою.

— Як там маецца генерал?

— Нармалёва.

Арына кіўнула. Калі з ім усё ў парадку, то і са мной — адпаведна.

— Сёння ён быў сумны, пра штосці трывожыўся, — уздыхаю.

— Можа, засумаваў па табе. Ці часта ты пра яго думала апошнім часам?

З сорамам прызнаюся:

— Не.

Я была занята праблемамі творчасці і самакапання. Колеры на маіх карцінах былі не тыя. Лініі, радкі, праца, характар — усё было не тое. Бадай, гэтае лета зойме першае месца па колькасці пралітых слёз і віна, па колькасці засмучэння, сораму, самазневажання, разладу, хрыплых істэрычных рыданняў у адзіноце. Але потым я нязменна буду ўспамінаць яго як вельмі «творчае» і «рамантычнае». Вось ідыёцтва.

— Дык ты не думала пра генерала?

У яе голасе дакор.

— Сёння мы бачыліся на Вайсковых могілках. Ну, ты ведаеш. Шкада, што яны такія маленькія, там нават зацішнай адзіноты амаль не адчуваецца. Хоць там так хораша, прыгожа.

Мілы мой генерал! Я ішла сёння да цябе. Спачатку перайсці на другі бок праз трамвайныя пуці, потым нырнуць у двор, а там — зачараваны касцёл. Белы, гожы, ён стаіць на ўзвышэнні, як на пастаменце, каменныя сцены якога аплёў дываном дзікі вінаград.

У двары касцёла растуць ніцыя вербы. Шатры з вострага лісця мудрагеліста прапускаюць святло, малюючы на цёплых дарожках дзіўныя ўзоры. Цяжкія, каньячнага колеру створкі дзвярэй расчынены, у змроку храма мільгочуць свечкі — тут таксама адмысловая тэрыторыя, адлучаная ад усяго, што знадворку. Тут і так чароўнае месца, а ўнутры касцёла — як быццам бы яшчэ адзін узровень, яшчэ большая глыбіня таямніцы. Тут цудоўна. Чаму ж я ніколі не заходзіла туды, што мяне трымае? Ды нічога асаблівага. Аднак цяпер я сыходжу адсюль. Касцёл так і застаецца для мяне загадкай, неразгаданай, але той, што вабіць, як святло далёкага маяка.

Адна вуліца завецца Чырваназоркавая, другая — Смалячкова; я ведаю, што гэта быў снайпер — наш, беларускі, у гады Другой сусветнай. Я так люблю гэтыя пяціпавярховікі, і ў мяне ёсць аформленая мара — мне б хацелася тут жыць. Мне ўжо здаралася выслухваць ад людзей, што мае жаданні — дробнабуржуазныя, мяшчанскія, што няможна мераць мару грашыма, але... У чым мая загана — у тым, што я дакладна ведаю, чаго хачу? Тым больш ніхто, апроч мяне і некалькіх пасвячоных, не ведае, якім таемным сэнсам я напаўняю самыя банальныя дзеянні, наколькі метафізіка для мяне важнейшая за фізіку.

Утульныя, ціхія вулачкі пасярод самага цэнтра, бружмель у агародчыку, зноў бялізнавыя вяроўкі, а вунь наперадзе — дамы пяцідзясятых гадоў на пару сем'яў (і як толькі не абваліцца гэты пакрыўлены балкон?), вунь прабегла котка, трыпутнік у расколінцы пад нагамі, вадасцёкавыя трубы, бэзавае лісце, прывіднае святло з-за аблокаў. А вось мой любімы кандыцыянер! Так, Наста мае рацыю: ён выглядае, як выдраны кавалак самалёта. Велізарны, ён зачароўвае сваім злавесным гудам, які ўздымаецца раптам, нарастаючы, і ад гэтага бягуць мурашкі па спіне, як у дзяцінстве, нібы зноў пабачыўшы індустрыяльныя збудаванні на фоне крывавага заходу сонца. Італія... Вось ужо ніколі б не падумала, што Залатая Горка нагадае мне Італію. Проста там мяне таксама інтрыгавала тое, што я цяпер спецыяльна вучылася бачыць наноў: незвычайная форма вадасцёкавай трубы, чорныя лапіны сажы на жаўтлявай хаце — сляды пажару, плюшч на сцяне, жук-насарог на асфальце, васковыя тычынкі ў белых духмяных кветках, смаўжы, што выпаўзаюць ноччу на жвір стаянкі, грозныя вялікія кандыцыянеры.

Шпіталь МУС — будынак, аточаны пышнай зелянінай і прыстойнай, з пікамі, агароджай. Тут ён таксама ўяўляецца мне: глядзіць з-за жалезных прутоў, як арыштант, да аднаго прута дакранаючыся рукой — нерашуча, нібы нават узяцца асцерагаецца. Ён не ў бальнічнай адзежы, у поўнай форме, у шэрым кіцелі. Але вочы такія сумныя, нібыта жыць яму засталося два дні, і ён хацеў мяне ўбачыць — а я ў гэты час, вядома, недзе швэндалася, піла, танцавала і рагатала ўголас абы з кім.

Сэрца зашчамляе, і па ўсім целе прабягае разрадам хваля салодка-пакутнага болю, які выбівае слязу. Я пачынаю лаяцца, слаць генерала куды далей, і паскараю крок, адскокваючы ад агароджы, а прыступ пакуты закіпае ўжо ў мяне ў горле. Бегам, бегам...

Заходжу на могілкі нясмела, з чорнага хода, з той вулачкі, дзе жаданыя двухпавярховыя хаты. Тут зямля напамінае мармур, яна такая ж цвёрдая на сцяжынках і ўся ў яркіх разводах зялёнага моху. Вакол стаяць абеліскі пад шатамі цемнаватых сакавітых крон, праз якія прабіваецца пяшчотнае, свежае сонечнае святло, а цяпер — тое самае цьмянае латуневае ззянне. Ён чакае мяне ля аднаго з помнікаў, аддзяляецца ад яго, быццам доўга так стаяў, абапёршыся.

— Мой генерал...

Ён абдымае мяне, не можа стрымаць уздыху. Па маёй шчацэ паўзе сляза — гэта ўсё, што засталося ад успышкі болю пару хвілін таму. Ён сумаваў. Божа, якое пяшчотнае сэрца ў гэтага старога ваякі...

Яніна Пінчук

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.