Вы тут

Я памятаю пра цябе, Друя!


Мы з вамі вельмі багатыя. Неверагодна багатыя да таго самага моманту, пакуль можам дакрануцца да дрэва ў Белавежскай пушчы, увайсці ў блакітную ваду браслаўскага возера, задуменна прысесці каля старадаўняга Барысавага каменя... І ўсё гэта амаль задарма — сачы толькі за раскладам электрычак. Але багацце наша нашмат большае, чым мы думаем. Багацце наша ў тых рачулках і крынічках, што хаваюцца ад вялікіх дарог, у грыбных палянах і балотах з журавінамі, у старых касцёлах і цэрквах.

[caption id="attachment_84331" align="alignnone" width="600"]Кас­цёл Свя­той Троіцы. Кас­цёл Свя­той Троіцы.[/caption]

Зусім недалёка ад славутых Браслаўскіх азёр, сярод безыменных лясоў, на самай мяжы з Латвіяй, хаваецца сапраўдная перліна старадаўняй беларускай культуры — Друя. Яна знаходзіцца далёка ад маёй малой радзімы, але ж запала ў душу, калі я толькі туды ўпершыню прыехала. У свае часы гэта быў і горад, і пасёлак гарадскога тыпу, а сёння — проста аграгарадок. У канцы ХІV стагоддзя (а ўзгадваецца Друя першы раз у летапісе ў 1386 годзе) пасяленне налічвала больш за 136 двароў. У даваенныя часы ў Друі пражывала больш за 5 тысяч чалавек, а зараз яно дасягае хіба што паўтары тысячы...

Шмат чаго можна расказаць пра Друю. Як прайшлася па раёне вайна, як было знішчана яўрэйскае гета, як ужо ў наш час з ракі Друйкі выцягвалі Барысаў камень ХІІ стагоддзя, як аднаўлялі яўрэйскія могілкі, якія існавалі тут з 1542 года. Але ведаеце, ад чаго баліць? Ад слова «было». Баліць ад слова «руіны». Баліць ад слоў «амаль што не захавалася»...

Я вельмі хацела б расказаць вам больш падрабязна пра касцёл Святой Троіцы, але на апісанне яго трохсотгадовай гісторыі не хапіла б і цэлага нумара газеты. Храм разам з кляштарным комплексам спачатку належаў манахам-бернардзінцам, потым некаторы час заставаўся ва ўласнасці дыяцэзіяльных ксяндзоў, затым перайшоў да ордэна марыянаў, пры якіх стаў улюбёным месцам адпачынку і духоўнага развіцця інтэлігенцыі, а таксама месцам, дзе нараджалася менавіта беларуская каталіцкая культура. Падчас вайны кляштар бачыў і ксяндзоў, якія сталі ахвярамі, і адначасова карнікаў, якія прадумвалі свае знішчальныя аперацыі на другім паверсе дома, акурат над манаскімі пакоямі. Нацярпеўся касцёл і тады, калі ў яго ў 1944 годзе трапіла авіябомба. Не мог ніяк аднавіцца і пасля вайны, але перажыў гэтыя часы, і нябёсы ўздыхнулі з палёгкай: у 1989 годзе касцёл перадалі вернікам і пачалася яго рэстаўрацыя.

Жыхары Друі не забываюцца на сваю святыню — тут кожны дзень праводзяцца набажэнствы, пры парафіі дзейнічае хор, сёстры рыхтуюць людзей да споведзі і шлюбаў. Але з кожным годам усё менш запатрабаваным робіцца гэты велічны храм. І атрымліваецца, што такая важная частка нашай гісторыі паціху пачынае рабіцца славутасцю ўсяго толькі раённага маштабу.

...Глядзіш на гэтую старую цэглу, абваленую тынкоўку, пустыя пакоі, і пачынае балець сэрца... А зусім блізка, менш за сто кіламетраў ад Друі, знаходзіцца «астравок шчасця» — Браслаў. Шмат турыстаў не толькі з СНД, але і з краін Заходняй Еўропы адпачываюць на нашых азёрах, знаёмяцца з помнікамі архітэктуры і захапляюцца прыгажосцю нашай краіны. Яны гатовы ахвяраваць свой час на вывучэнне нашых культурных скарбаў, бо для іх наша гісторыя — такая ж цікавая, як для нас — замежныя палацы і саборы. І вось толькі ўявіце сабе, што на зусім малой адлегласці ад цікаўных і адкрытых да пазнання людзей, сярод лясоў, хаваецца маленькая, але такая важная для нашай гісторыі Друя.

Сцены могуць разбурацца, рамы могуць рассыпацца, кветкі будуць вянуць кожную восень, але калі мы будзем памятаць, то можам змяніць усё. Мы ўмацуем сцены, заменім рамы, пасадзім новыя кветкі. Калі мы толькі будзем памятаць і ведаць... І як толькі да канца зразумеем, што сцены разбурае не час, а забыццё, мы ўратуем наш культурны і гістарычны скарб. І тады разам адбудуем не толькі Друю.

Паліна Грыб,
студэнтка І курса факультэта культуралогіі
і сацыякультурнай дзейнасці БДУКМ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.