Вы тут

Рэўнасць — крыж ці дыягназ?


Праслухаўшы чарговы вячэрні «канцэрт» з кватэры збоку, прымаю рашэнне ранкам крыху падражніць суседку. Усе іх сваркі і скандалы адбываюцца праз яе, цяпер ужо ведаю, паталагічную рэўнасць. Яна не раўнуе яго хіба толькі да кнопкі ліфта. Усё астатняе — на пяць хвілін пазней прыйшоў не толькі з працы, але з крамы, гаража, нават са школьнага сходу — можа стаць падставай для грозных разборак. Нехта з ім павітаўся на вуліцы ў яе прысутнасці, яму прыязна ўсміхнулася касірка ў акенцы — гэта ўжо наогул надзвычайнае здарэнне. Ну а калі б нейкая дзівачка адважылася пазваніць на хатні тэлефон і папрасіла паклікаць гаспадара, то лепей было б небараку адразу ісці з хаты. Жонка, нібы вопытны шпіён, рэгулярна праглядае званкі і паведамленні ў мабільным тэлефоне мужа, уважліва «ператрасае» камп'ютар.

Пра ўсё гэта хочаш не хочаш, а даводзіцца слухаць падчас іх высвятленняў адносін: у нашых панэльных дамах ад такога нікуды не дзенешся. Дык вось спачатку падобныя сваркі суседзяў выклікалі ў мяне толькі смех. Думала нават, што гэта адзін са спосабаў іх любоўнай гульні. Але пару разоў пасля вячэрніх скандалаў даводзілася сустракаць яго ранкам ля ліфта, і рабілася відавочна, што мужчына варты спачування. Ён так старанна пазбягаў сустрэчы вачыма, так напружана перакладваў ключы з кішэні ў кішэню, быццам нешта шукаў, і меў зусім няшчасны, змарнаваны выгляд, нібы вінаваты быў і перада мной, і перад усім светам. Што і казаць, нялёгка жывецца чалавеку.

Некалькі разоў я спрабавала загаворваць з ёй здалёк, узгадвала як быццам незнарок, што ўчора званіла знаёмая мужа з другога горада. Суседка нават не падтрымлівае такую размову, можа, не верыць. А на гэты раз я расказала, што збіраю мужа на навуковую канферэнцыю ў Волагду. І рада, што едзе туды са сваёй каляжанкай, бо пасля аперацыі і доўгай хваробы аднаго адпускаць у далёкую дарогу было б неяк страшнавата. Ужо і білеты купілі... Яна глядзела на мяне, як на іншапланецянку. Так, як паглядзелі б вы на чалавека, які расказаў, што ў боршч ён падсыпае пяску альбо попелу. Паводле разумення гэтай жанчыны, так не бывае, таму што так у прынцыпе быць не павінна.

А ва ўсім астатнім мае суседзі — добрая, прыстойная сям'я. Яна працуе ў сістэме камунальнай гаспадаркі, ён — рабочы, вельмі станоўчы прыветлівы чалавек. Гаспадар мае ўмелыя рукі: кватэру рамантуе сам, наколькі мне вядома, на лецішчы ўсё сам паспявае — і дом прывёў да парадку, і прыбудову ўзвёў, сад, агарод даглядае. Яна не з'яўляецца вялікай аматаркай лецішча, але кожныя выхадныя суправаджае мужа, каб толькі быў на вачах.

...І калі на гэты раз мы зноў сустрэліся з ім у ліфце і, не знаходзячы нічога новага, сусед стаў перакладваць ключы ды іншыя рэчы, у выніку чаго выпаў з кішэні і разваліўся на часткі тэлефон, у мяне прамільгнула крамольная думка: а ці не пазнаёміць яго з маёй незамужняй прыяцелькай. Калі чалавеку ўвесь час даводзяць, што ён свіння, павінен жа ён урэшце зарохкаць. Народная мудрасць.

Апошняе, вядома, жарт. І так сям'я ўвесь час жыве як на вулкане. Асабліва жонка. Дарэчы, такія людзі, паталагічныя раўніўцы, заслугоўваюць шкадавання. Яны пастаянна знаходзяцца ў стане стрэсу. Хваравітае ўяўленне малюе тысячы карцінак магчымай здрады. Названыя сюжэты ў сваю чаргу бударажаць нервовую сістэму. І аўтару іх бывае вельмі, мякка кажучы, несалодка, ён можа страціць спакой, сон, душэўную раўнавагу. Нядаўна давялося чытаць, што ў чалавека, які пакутуе ад рэўнасці, парушаецца баланс выпрацоўкі гармонаў у галаўным мозгу. А гэта ўжо сімптомы хваробы з усімі магчымымі наступствамі. Хвароба ж, зразумела, патрабуе лячэння. Таму варта не саромецца звяртацца да псіхолага і псіхіятра. Лепш, вядома, атрымаць нейкую параду, магчыма, курс лячэння, чым рабіць невыносным сваё жыццё і жыццё блізкага чалавека.

Падобная сітуацыя апісана ў рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Памятаеце, якія сцэны рэўнасці ладзіла жонка хірургу Ярашу? Доктар з залатымі рукамі і вялікай душой, на якога літаральна маліліся хворыя, вымушаны быў пастаянна пакутаваць ад зусім неабгрунтаваных нападак сваёй палавіны, якая ва ўсім астатнім была ледзь не ідэал — узорная гаспадыня і маці, прыгожая жанчына, нядрэнны ўрач.

Несумненна, лепей падобныя прыклады сустракаць у літаратуры, чым у жыцці. Але і жыццё на іх багатае. Некалькі гадоў таму давялося пісаць пра трагедыю ў Пінску. Немалады муж забіў сваю нашмат маладзейшую жонку і застрэліўся сам. Сын-пяцікласнік застаўся без бацькоў з-за рэўнасці, якая прыняла форму цяжкай паталогіі. Такія выпадкі, на шчасце, і ў судовай практыцы сустракаюцца як выключэнне. Варта памятаць пра іх і не даводзіць сітуацыю да абсурду.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.