Вы тут

Больш іглічных і шматгадовых


У сталіцы высадзяць звыш 2 мільёнаў раслін.

Пасля зімы для мінскіх службаў добраўпарадкавання ўжо паспела наступіць і завяршыцца актыўная пара па ўпрыгожанні горада. Паводле інфармацыі жыллёвай гаспадаркі, яны чысцілі горад сумесна з 250 тысячамі жыхароў. Аднак на гэтым праца не спыняецца. Наперадзе лета, а там і шмат іншых важных спраў.

21-38

У парках з'явяцца слуцкія паясы

У сталіцы ўжо паспелі пасадзіць больш за 500 тысяч летніх раслін на гарадскіх аб'ектах. А да завяршэння перыяду пасадкі плануецца высадзіць больш як 2 млн. Як адзначыла кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі «Мінскзелянбуд» Анжаліка Пузанкова, сёлета плануецца пасадка шматгадовых і іглічных раслін. Іх актыўна высаджвалі ў Фрунзенскім, Савецкім раёнах, на праспекце Незалежнасці.

«Мы збіраемся правесці гарадскі конкурс сярод раёнаў на найлепшы кветнік. Пакуль яшчэ рэгламент мерапрыемства распрацоўваецца, але цалкам магчыма, што гэта будзе кампазіцыя cа шматгадовых і іглічных раслін», — патлумачыла Анжаліка Пузанкова.

У афармленні кветкавага дызайну сталіцы сёлета ўжо з'явіліся навінкі. Упор, перш за ўсё, ідзе на кветкі, найбольш устойлівыя да гарадскіх умоў. Гэта калібрахоа розных расфарбовак, новыя сарты петуній. Зменяцца таксама і кветкавыя кампазіцыі.

«Мы звернемся да беларускай тэматыкі і створым клумбы па матывах слуцкіх паясоў. Дадатковае кветкавае афармленне з'явіцца на плошчы Якуба Коласа, зноў жа з ужываннем шматгадовых раслін», — адзначыла кіраўнік службы.

Але расліны не толькі з'яўляюцца. З прычыны дрэннага санітарнага стану сёлета ў Мінску выразалі каля 150 дрэў. У асноўным гэта дрэвы, якія растуць уздоўж праезнай часткі. Новыя ж імкнуцца пасадзіць далей ад неспрыяльнага месца, як правіла, за тратуарам. Такім чынам змяншаецца ўплыў супрацьгалалёдных рэагентаў.

Хочаш парадак — заключы дагавор

Сёння ў мінскай гарадской жыллёвай гаспадарцы актыўна вядуць работы па рамонце асфальтабетонных пакрыццяў і дваровых праездаў. Паспелі адрамантаваць 35 тысяч кв.м. Завозяць новы пясок у дзіцячыя пясочніцы. Ужо завяршаецца першы пакос травы на траўніках.

Усяго ж сёлета плануецца адрамантаваць 580 дваровых тэрыторый і 110 тысяч кв.м асфальтавага пакрыцця.

Падыходы да добраўпарадкавання двароў працягваюць змяняцца. Сёння жыхары самастойна могуць фінансаваць дзейнасць камунальных службаў па добраўпарадкаванні на дагаворнай аснове. Сюды ўваходзяць такія работы, як замена і ўстаноўка дзіцячага гульнявога абсталявання, прачыстка смеццеправодаў, вываз будаўнічых адходаў і ўстаноўка сістэм відэаназірання. Як адзначае начальнік аддзела добраўпарадкавання санітарнага стану і працы з насельніцтвам «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі» Маргарыта Язінская, найбольш актыўна грамадзяне выдаткоўваюць сродкі на азеляненне і кветкавае афармленне прыдамовых тэрыторый. Сёлета плануецца прыцягнуць на выкананне работ па добраўпарадкаванні каля 22,5 млрд рублёў са сродкаў насельніцтва.

«Паводле заключанага дагавора даецца пэўная растэрміноўка, да паўгода. Жыхары з'яўляюцца гаспадарамі свайго двара і маюць права актыўна браць удзел у яго добраўпарадкаванні», — адзначыла Маргарыта Язінская.

Амаль 500 непрыдатных аўто

Службы добраўпарадкавання вырашаюць таксама пытанні з аўтамабілямі, якія ўжо не прыдатныя для язды, але па-ранейшаму займаюць парковачныя месцы ў двары. З пачатку года на сталічных дваровых тэрыторыях выявілі 492 такія аўто. Але з кожным годам іх становіцца ўсё менш.

«Такія машыны сёння своечасова імкнуцца выяўляць і прыбіраць. Аператыўныя дзеянні ў гэтым выпадку магчымыя дзякуючы пільнасці грамадзян. Пры выяўленні нядзейнага аўто яго здольны прыбраць не больш чым за 3 месяцы, пасля ўсіх неабходных працэдур», — патлумачыла Маргарыта Язінская.

Яна таксама адзначыла, што ў сталіцы новыя паркі і скверы сёння знаходзяцца толькі на стадыі праектавання і ў найбліжэйшы час не з'явяцца. Што да пляцовак для выгулу жывёл, то ў горадзе іх сёння 38. Будаўніцтва новых праблематычнае праз шчыльнасць забудоў і ў гэтым годзе таксама пакуль не плануецца.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

 Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.