Вы тут

Тайная жорсткасць можа стаць яўнай


Медыкі будуць вывучаць праблемы хатняга насілля.

У краіне выдадзены вучэбна-метадычны дапаможнік для медыцынскіх работнікаў «Медыцынскія і сацыяльныя аспекты гендарнага і хатняга гвалту». Ужо сёлета ўрачы пачнуць вывучаць у межах асобнага курсу псіхалогію гвалту і метады псіхатэрапеўтычнай карэкцыі агрэсіі.

— Многія жанчыны не расказваюць пра сваю сітуацыю ўрачам, нават калі звяртаюцца па меддапамогу, — кажа адна з аўтараў дапаможніка, загадчыца кафедры псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ірына
БАЙКОВА
. — Калі медыкі не будуць распытваць пацыентак аб магчымым гвалце ў блізкіх стасунках, то абсалютная большасць выпадкаў застанецца незаўважанай. Менавіта ў работнікаў нашай службы ёсць магчымасць стварыць атмасферу, у якой жанчына адчуе сябе камфортна і, магчыма, раскажа сваю гісторыю і папросіць аб неабходнай падтрымцы. Медыцынская картка іграе важную ролю ў прыцягненні крыўдзіцеляў да адказнасці, а таксама падчас прыняцця рашэнняў у жыллёвых і іміграцыйных пытаннях. Медработнік можа аказаць дапамогу сам, а можа пры неабходнасці і накіраваць да іншых спецыялістаў — у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва, «крызісны» пакой пры цэнтры, раённае аддзяленне ўнутраных спраў.

Сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння па процідзеянні хатняму гвалту была распрацавана ў межах праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Першымі пратакол міжведамаснага ўзаемадзеяння падпісалі ўстановы аховы здароўя Брэста. Паводле слоў галоўнага спецыяліста ўпраўлення аховы здароўя па акушэрстве і гінекалогіі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, эксперта па пытаннях хатняга гвалту, гендарнай адукацыі і выхавання Эдуарда МІШЧУКА, год таму ўпраўленне падрыхтавала загад «Аб парадку дзеянняў медыцынскіх работнікаў арганізацый аховы здароўя Брэсцкай вобласці па аказанні дапамогі ахвярам гвалту ў сям'і». На рэспубліканскім узроўні існуе заканадаўчая база, паводле якой медработнік павінен паведамляць пра траўмы пацыентаў у органы ўнутраных спраў — пры наяўнасці падстаў, якія дазваляюць меркаваць, што менавіта гвалтоўныя дзеянні нашкодзілі здароўю пацыента.

Колькасць зарэгістраваных правапарушэнняў у быце вырасла летась на трэць і склала 42 тысячы. «Праблема рэгулюецца цяпер новымі нормамі закона, — тлумачыць начальнік упраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Алег КАРАЗЕЙ. — Гэта стала магчымым у выніку дзейнасці праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, у прыватнасці, падрыхтоўкі Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», які змяшчае меры, скіраваныя на процідзеянне хатняму гвалту, у тым ліку магчымасць прымяніць ахоўнае прадпісанне. Яно абмяжоўвае пэўныя дзеянні для тых, хто ўчыніў у сям'і гвалт. Акрамя таго, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае ўжо адказнасць — штраф або арышт — за нанясенне пабояў, якія не пацягнулі за сабой прычынення цялесных пашкоджанняў; наўмыснае прычыненне болю, фізічных або псіхічных пакут сваяку або члену сям'і, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства. Сёння гэта адзін з асноўных артыкулаў, які дапамагае перамагаць гвалт у сем'ях».

42 тысячы выпадкаў сямейнага гвалту не адлюстроўваюць, вядома, глыбіню праблемы. Прыцягненне агрэсара да адказнасці адбываецца па заяве пацярпелага боку, аднак большасць пацярпелых не гатовы на такі крок. Далейшыя прафілактычныя меры ўздзеяння на агрэсара прымяняюцца толькі па факце ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння, а таму супрацоўнікі міліцыі праводзяць прафілактычную работу з пацярпелымі.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Рука дапамогі

На пачатак гэтага года ў краіне функцыянавалі 105 «крызісных» пакояў. У Брэсцкай вобласці — 5, Віцебскай — 28, Гомельскай — 14, Гродзенскай — 9, Магілёўскай — 25, Мінскай — 23, Мінску — 1. Летась сюды звярталіся 175 разоў. Часовы прытулак у такіх пакоях атрымлівалі і дарослыя, і дзеці.

На агульнанацыянальную «гарачую лінію» для пацярпелых ад хатняга гвалту 8-801-100-8-801 паступіла з 2012 года каля 3 тысяч званкоў, звязаных менавіта з фізічным, сексуальным, псіхалагічным, эканамічным насіллем.

У прытулках некамерцыйных арганізацый з 2012 года атрымалі дапамогу 317 жанчын і 297 дзяцей. Усяго ў такіх прытулках 25 ложкаў. Грамадская арганізацыя «Радзіслава» практыкуе прадастаўленне прытулку на даволі працяглы час.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.