Вы тут

Грудзьмі пракладзём дарогу сабе!


Некалі вядомая балерына Валачкова працягвае падтрымліваць сваю папулярнасць звыклым ужо, аднойчы вынайдзеным спосабам — яе фатаграфіі з'явіліся ў свецкай хроніцы ў стылі «ню». Так, так, «и вновь продолжается бой...» ці, як гаварыла Сусанна з савецкага фільма «Самая абаяльная і прыцягальная», не нарадзіся прыгожай, а нарадзіся актыўнай. На сваіх любімых Мальдзівах Настасся знялася ў такім мікрабікіні, што яно быццам ёсць, а быццам яго і няма... А развітваючыся з астравамі, колішняя прыма балета гэтак жа па завядзёнцы сфатаграфавалася топлес. Ды што там Валачкова? Гэтак жа традыцыйна напярэдадні лета інтэрнэт-карыстальнікі абмеркавалі бюст Даны Барысавай, фігуру Ксеніі Сабчак і іншых «зорак», выстаўленых на ўсеагульны агляд. Пасыл публічных людзей зразумелы, маўляў, «як тут вызначыш узрост, калі з люстэрка табе кожную раніцу падміргвае 18-гадовая?» Хаця мы разумеем і іншае, тое, што «ў кожнай дзяўчыны ёсць туфлі, у якіх зручна толькі сядзець».

21-19

Аб'ядноўвае ўсіх вышэйпералічаных персанажаў (заўважце, мужчын сярод іх няма) фактычна адно: данесці сваю «праўду» да свету яны імкнуцца, у прамым сэнсе слоў, пракладваючы дарогу грудзьмі. Тое, што гэта дзейсны спосаб (для каго заявіць пра сябе, для каго — зарабіць), пацвердзіла нядаўняя навіна. У інтэрнэце з'явіўся новы трэнд — надпісы на... дзявочых грудзях. Група «Прэм'ер-міністр» з іх «По ночам в тиши/ я пишу стихи/ пусть твердят, что пишет каждый/ в девятнадцать лет...» нервова курыць убаку, прыгадваючы, што «в каждой строчке/ только точки/ после буквы «л»... Сучасныя падлеткі таксама пішуць, толькі не вершы каханай, а сваё імя на грудзях сяброўкі. І выкладваюць фоткі ў інтэрнэт (тут бы ўжо нервова закурыў Аляксандр Сяргеевіч з яго «Я к вам пишу — чего же боле?/ Что я могу ещё сказать?»). Сучасны падыход больш прагматычны: «Закаханасць — гэта калі вы любіце ў жанчыне толькі некаторыя яе часткі».

Напачатку такія гульні сярод моладзі былі чарговай забаўкай. («Сарамлівы, але вельмі выхаваны хлопчык, ухапіўшы дзяўчынку за грудзі, сказаў: «Прабачце, але дзякуй!») Але з цягам часу, паколькі быў попыт, з'явілася і прапанова: прыватным чынам так стала зарабляць многа дзяўчат. Пішуць, праўда, што спосабы аплаты былі не зусім зручнымі, ды і гарантый ніхто ніякіх не даваў. («Ён трымаў яе за талію, а яна яго за дурня. Так і сядзелі: ён малоў языком пра каханне, а яна матляла нагамі».) Пакуль не знайшоўся нехта, хто гэтую ідэю не дадумаўся манетызаваць. Быў створаны сэрвіс, які максімальна спрасціў працэс: за дзесяць долараў цягам гадзіны кліенту, які папярэдне пакінуў адрас пошты і тэкст пажадання, а таксама аплаціў паслугу, абяцаюць выслаць фота з дзявочым бюстам. О, ёсць нават бізнес-версія! Гэта калі за плату, у чатыры разы большую, можна самому выбраць мадэль. Больш за тое, ахвотныя дзяўчаты могуць нават самі паспрабаваць сябе ў ролі носьбіта паведамлення. Ад іх чакаюць селфі ў ніжняй бялізне і гатовы плаціць па сто долараў у дзень. Як там спявае Таццяна Буланава? «Ясный мой свет, ты напиши мне/ Слезою дождя на мокром окне,/ Ясный мой свет, ты напиши мне/ Весенним лучом на белой стене...» Толькі сто баксаў, грошы — наперад. «Прошу я — напиши весточку мне,/ Хоть строчечку ты напиши».

Што можна сказаць пра ўсё гэта? Займацца маралізатарствам неяк не хочацца: усё роўна дарэмна. Як у тым анекдоце: «Усё, што ні робіцца — да лепшага. Проста не заўсёды да вашага». Таму, калі нешта нельга перамагчы, лепш гэта ўзначаліць. Выступаю з прапановай па ўдасканаленні. Гэта ж які рэсурс! Вось слухайце. Павіншаваць, напрыклад, сябра надпісам на дзявочых грудзях — гэта, вядома, добра. Але трэба глядзець глыбей. Скажам, вы не можаце доўгі час выклікаць сантэхніка. Дык вы яму — опанькі! — адмысловую «эсэмэсачку». Прычым не па інтэрнэце: нанятая вамі мадэль ідзе ў ЖЭС, пытаецца, хто тут патрэбны сантэхнік, а потым — раз! Расшпільвае на грудзях гузікі: азнаёмцеся і распішыцеся ў атрыманні! Пасля гэтага не тое што адзін сантэхнік, уся брыгада прыбяжыць да вас. Ці вось яшчэ варыянт. Хочаце папрасіць у боса прыбаўкі да зарплаты? Уявіце, ідзе пасяджэнне савета дырэктараў. Тут у канферэнц-зале з'яўляецца ўсхваляваная сакратарка і кажа галоўнаму: «Іван Іванавіч! Вам тэрміновае паведамленне!» Далей заходзіць прыгожая дзяўчына, а лепш — некалькі (ну, трэба ж босу падрабязна патлумачыць, чаму вы варты большага заробку, каб усё было, прабачце за каламбур, не галаслоўна!), і пры дапамозе лёгкіх рухаў рук прад'яўляюць перад начальнікам вашу петыцыю. Савет дырэктараў аднагалосна выказваецца на вашу карысць. Ну, як вам ідэйка? Толькі ёсць падазрэнні, што такая ж даўно прыйшла ў галаву спадарыні Валачковай. А вы думаеце, чаму яна так упарта штогод паўтарае здымкі ў стылі «ню»? Ды проста рэкламуе «рэкламную плошчу»! Захоча які алігарх адправіць адмысловую «эсэмэсачку». Як думаеце, каго прыгадае першай у якасці жывога носьбіта?

...Ды жартую я, вядома. Каму трэба грудзьмі пракладаць дарогу, дык гэта... лету. Як у жарце: хутчэй бы ўжо яно прыйшло — так хочацца ў расшпіленым пухавіку пахадзіць. Вось тут, я думаю, усе толькі «за» будуць. Ды і, калі цёпла, прадмет абмеркавання лепш відаць...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.