Вы тут

«Нават прыходзяць па параду: нараджаць або не»


Дэпутаты пра ролю прафсаюзаў і прафсаюзнага лідара

Учора ўскладаннем вянкоў да Кургана Славы распачаліся мерапрыемствы VІІ з'езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. На форум прыбылі 500 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны і замежныя госці. Па словах старшыні ФПБ Міхаіла ОРДЫ, Курган Славы выбраны для старту невыпадкова: гэта помнік, які будаваўся сіламі ўсяго народа і ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі быў рэканструяваны па ініцыятыве федэрацыі. У першы дзень форуму «Звязда» звязалася з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія прыйшлі ў парламент з прафсаюзных арганізацый. Нас цікавіў іх погляд на ролю прафсаюзаў у сучасным жыцці беларускага грамадства.

Ігар СТАНКЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях:

— Прафсаюзныя арганізацыі павінны быць. Яны з'яўляюцца «лакмусавай паперай» таго, што адбываецца ў той або іншай арганізацыі, на прадпрыемстве. Прафесійны саюз акумулюе ўсё, пачынаючы ад эканамічных пытанняў прадпрыемства і заканчваючы абаронай сацыяльных інтарэсаў членаў прафсаюза. Самым галоўным дакументам, які рэгулюе ўзаемаадносіны паміж наймальнікам і работнікам, з'яўляецца калектыўны дагавор. Яго можна назваць канстытуцыяй прадпрыемства. У ім прапісаны сацыяльныя льготы, абарона правоў работнікаў, планы развіцця прадпрыемства. Пры гэтым важна разумець, што сутнасць любога калектыўнага дагавора ў паляпшэнні артыкулаў Працоўнага кодэкса, пагаршэнне тут недапушчальнае. Дагавор гэты абавязкова ўзгадняецца з членамі прафсаюзнага камітэта. Такім чынам прафесійны саюз уплывае на прыняцце рашэнняў у арганізацыі, паляпшэнні ўмоў працы, яе аплаты.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — магутная арганізацыя, у ёй сёння налічваецца каля 4 мільёнаў членаў, і яе ролю ў абароне інтарэсаў работнікаў нельга недаацэньваць.

— Сяргей Веньямінавіч, да абрання ў парламент вы ўзначальвалі прафкам на ліцейным заводзе. Наколькі складана быць прафсаюзным лідарам у такім калектыве? — спыталі мы ў Сяргея ДУДКІНА, члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарту і сувязі:

— Рабочыя на заводзе — людзі простыя і шчырыя. Працаваць з імі і лёгка, і складана. Трэба ўмець размаўляць з імі на адной мове. І заўсёды казаць праўду. Рабочы чалавек не пацерпіць крывадушнасці і абыякавасці. Мне было лягчэй, бо сам адпрацаваў 10 гадоў на МАЗе фармоўшчыкам. У такіх працоўных калектывах прафсаюзны лідар больш навідавоку. Там немагчыма хітраваць...

— З чым у прафкам на заводзе прыходзяць людзі?

— З самымі рознымі праблемамі. Часцей за ўсё — вытворчымі, па аплаце працы, расцэнках, тэхніцы бяспекі. Бытавых праблем таксама хапае. Прыходзяць і з пытаннямі, вырашэнне якіх не ўваходзіць у кампетэнцыю старшыні прафсаюзнага камітэта, тым не менш я ніколі не адмаўляў. Займаўся і дапамогай у арганізацыі пахаванняў, прычым не толькі супрацоўнікаў завода, але і іх сваякоў. Жонкі скардзяцца на мужоў... Нават прыходзілі па параду: нараджаць або не, выходзіць замуж або не...

— Раілі нараджаць?

— Вядома! Чалавек жа не прыходзіць проста так, яго вымушае да гэтага складаная жыццёвая сітуацыя, патрэба ў падтрымцы. Работа старшыні прафкама — гэта яшчэ і псіхалагічная дапамога членам калектыву. У рабоце прафсаюзаў шмат руціннай работы: арганізацыя экскурсій, спартыўных мерапрыемстваў. Але не мае рацыі той, хто кажа, што роля прафсаюзаў абмяжоўваецца раздачай падарункаў і арганізацыяй карпаратыўных свят. Тым не менш і гэта някепска, нехта павінен і гэта рабіць.

— Ведаю, што ў нашых ІT-фірмах арганізацыі карпаратыўных мерапрыемстваў надаецца шмат увагі...

— Так, для забеспячэння здаровай атмасферы ў калектыве гэта важна. Але я лічу, што нашым прыватным фірмам таксама неабходны прафсаюзы. Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі нярэдка чую пра парушэнні працоўнага заканадаўства з боку наймальнікаў у камерцыйных прадпрыемствах. Напрыклад, супрацоўнікам фірмы не аддаюць працоўныя кніжкі ў дзень звальнення, не залічваюць работу ў працоўны стаж, не выплачваюць абяцаныя прэміі, затрымліваюць заробак... Быў бы там прафсаюзны лідар, думаю, гэтага б не было, бо свядома ніводны наймальнік парушаць закон не стане.

— Лічыце, што прафсаюзы не страцілі сваёй значнасці?

— Не страцілі. Грамадства змяняецца, і рэфармавацца прафсаюзы будуць, але яны не знікнуць. Проста трэба працаваць. Дарэчы, зараз сярод кіраўнікоў прафсаюзаў нямала маладых людзей.

— А што вы думаеце наконт аўтаномнай работы прафсаюзаў?

— Не трэба незалежнасць разумець як здольнасць ставіць перашкоды для наймальніка, бо сэнсу ў гэтым няма. Калі крытыкуюць, не прапануючы спосабы паляпшэння сітуацыі, то плёну няма. Прафсаюз павінен супрацоўнічаць з працадаўцам.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?