Вы тут

Стук-грук, абы з рук


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» ідзе гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Пта́шыць — карпатліва збіраць, назапашваць. Цікава, што па-руску, пташыць — значыць пЫрхаць, весці легкадумнае жыццё.

Сцікава́ць — угледзець, заўважыць. «Сцяпан не сцікаваў, як увайшоў той, пра каго ён думаў», — піша Якуб Колас.

Лоўж — галлё, скінутае ў кучку. «Драбналессе сохла ў маленькіх лаўжах», — чытаем у Барыса Сачанкі.

Рондаль (устарэлае слова) — каструля з ручкай. «Худы яго твар быў ружовы і блішчаў, як вычышчаны рондаль», — чытаем у трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

Мошаст (устарэлае слова) — шаўковая тканіна з кароткім густым ворсам. Раней шапкі насілі з машастовымі аколышкамі.

Вяроза — выдумка, вымысел, фантазія. У «Новай зямлі» Якуба Коласа чытаем: «Няўжо то праўда, не вяроза? Няўжо канец табе, пагроза».

Цяп-ляп — рабіць што-небудзь нядбала, спехам, абы-як. Беларусы яшчэ скажуць: стук-грук, абы з рук; абы-як, чапаніна-лапаніна. Рускія — как придётся, спустя рукава, шаляй-валяй. Выраз «цяп-ляп» паходзіць з рускай мовы, дзе ёсць прыказка «Тяп — ляп да й корабль», якая характарызуе працу, выкананую хутка, абы-як. У нас людзі кажуць: «Цяп ды ляп ды на «а можа» — рабіць не гожа».

Як у сук уляпіць — сказаць вельмі трапна, дарэчы, беларускі сінонім — патрапіць у дзясятку, трапіць у цэль. Рускі — попасть в десятку; не в бровь, а в глаз.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?