Вы тут

Як дагадзіць са смакам хлеба?


Наша чытачка з вёскі Леніна Дзяржынскага раёна Ганна Станіславаўна Арцюшэўская паскардзілася на смак хлеба, які дастаўляе да іх аўтакрама.

— Раней з Дзяржынска вазілі чорны хлеб двух відаў: фармавы і подавы кшталту «Нарачанскага». Ён нас цалкам задавальняў. Недзе з месяц таму без папярэджання пачалі вазіць хлеб і батоны з Узды. Той хлеб шэры, есці яго я не магу. Спрабавала дазваніцца ў раён, каб высветліць, чаму аўтакрама пачала вазіць такі нясмачны хлеб, дык мяне толькі пераадрасоўвалі з аднаго нумара на другі. Так адказу я і не атрымала. Цяпер даводзіцца прасіць знаёмых, каб прывезлі з іншых мясцін нармальнага чорнага хлеба. Няўжо на старасці гадоў мы не заслужылі з'есці таго, што нам падабаецца, — у канцы размовы Ганна Станіславаўна ледзьве не расплакалася.

Насамрэч, як расказала нам начальнік гандлёвага аддзела Дзяржынскага раённага спажывецкага таварыства Ларыса Збітнева, у райцэнтры выпякаюць толькі батоны і дробнае печыва кшталту булачак. Чорны хлеб і раней вазілі з Барысава. Цяпер аўтакрама сапраўды забяспечвае ў тым ліку і жыхароў Леніна хлебам з Узды.

— За месяц мы прадаём 16 тон такога хлеба. Ніякіх нараканняў няма, у тым ліку ад жыхароў райцэнтра. Я сама ела яго — нармальны смак. Можа, справа якраз у ім? Як той казаў, дзеду міла, а ўнуку гніла... Я размаўляла з вашай заяўніцай. Яе аргумент: хачу чорны, а не шэры. Зразумейце, ну колькі латкоў з хлебам можа перавезці аўтакрама? Мы не можам зрабіць так, каб яна заязджала на некалькі хлебазаводаў і брала, умоўна кажучы, у кожным месцы па адным-два латкі хлеба розных гатункаў. Заўсёды знойдуцца незадаволеныя спажыўцы, якім, напрыклад, падавай толькі мінскі хлеб, — слушна, на наш погляд, даводзіла аргументы Ларыса Аркадзеўна.

Напрыканцы размовы начальнік гандлёвага аддзела раённага спажывецкага таварыства паведаміла, што на працягу тыдня ў Леніна аўтакрама будзе вазіць хлеб з Клецка. Яго выпякае камбінат кааператыўнай прамысловасці. Павозяць і прыслухаюцца да водгукаў жыхароў. Па цане (а гэтае пытанне таксама закранала ў сваім звароце Ганна Станіславаўна, параўноўваючы кошты на хлебапрадукцыю з Дзяржынска (насамрэч, нагадаем, з Барысава) і Узды), як запэўніла Ларыса Аркадзеўна, клецкі хлеб будзе не даражэйшы за барысаўскі.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.