Вы тут

Ініцыятывам патрэбна падтрымка


У тым ліку — матэрыяльная

Выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны пройдзе на наступным тыдні ў Бярозаўскім раёне.

Сенатары маюць намер разгледзець пытанне «Аб рабоце мясцовых Саветаў Брэсцкай вобласці па забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамаснай тэрыторыі». Удзельнікі мерапрыемства абмяркуюць асаблівасці фарміравання мясцовых бюджэтаў, работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання па стварэнні новых рабочых месцаў і прыцягненні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца; праблемы занятасці насельніцтва, а таксама іншыя пытанні.

Кожнаму з кіраўнікоў мясцовых Саветаў ёсць што сказаць з нагоды пералічаных пытанняў. Сваімі думкамі некаторыя з іх падзяліліся з нашым карэспандэнтам.

Сяргей АШМЯНЦАЎ, старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў:

— Мы ўжо даўно прыйшлі да высновы, што жыццёва важныя пытанні, якія датычаць работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, транспарту, бытавога і гандлёвага абслугоўвання, трэба разглядаць менавіта з выездам на месца — на выязных сесіях, прэзідыумах, пасяджэннях пастаянных камісій. Пры гэтым дэпутаты сустракаюцца з насельніцтвам, абмяркоўваюць надзённыя праблемы з працоўнымі і пенсіянерамі. Потым тыя ж пытанні ўзнімаюцца ўжо на іншым узроўні — у гутарках са старастамі вёсак, дэпутатамі мясцовых Саветаў, прадстаўнікамі органаў тэрытарыяльнага самакіравання. Такая работа дазваляе кожнаму дэпутату паспрыяць выпрацоўцы правільнага рашэння, а таксама паглядзець, як рэалізуюцца раней прынятыя праграмы і рашэнні, параўнаць падыходы органаў улады ў сваім рэгіёне з суседнімі, заўважыць нешта новае.

Дарэчы, старшыні сельскіх і пасялковых Саветаў традыцыйна запрашаюцца на сесіі аблсавета, якія разглядаюць пытанні выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту вобласці і зацвярджаюць прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту на чарговы год. Кожны можа ўзяць слова і выказаць сваю думку. Асаблівую задачу органы мясцовага самакіравання бачаць у рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства, спрыяюць умацаванню працоўнай дысцыпліны, а таксама навядзенню парадку ў гарадах і сельскіх населеных пунктах.

Аляксандр СЕЛІФОНТАЎ, старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Літаральна тры дні таму вопыт нашага камітэта тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея» вывучалі спецыялісты з Брэста і Пінска. «Надзею» ўтварыла група энтузіястаў ва ўсходнім мікрараёне горада. Сёння камітэт аб'ядноўвае 25 дамоў, у якіх пражывае каля
5 тысяч чалавек. Названая структура мае свой рахунак у банку, на які паступаюць грошы, сабраныя жыльцамі, і іншыя сродкі. Напрыклад, «Надзея» атрымала невялікі грант ад Сусветнага банка развіцця. Дык вось, за час існавання камітэта знешні выгляд дамоў, пад'ездаў, двароў, якія ўвайшлі ў суполку, істотна памяняўся. Удалося не проста навесці чысціню, прыгажосць у шматкватэрных дамах, але і навучыцца яе падтрымліваць. Самі людзі цяпер за гэтым уважліва сочаць.

Па прыкладзе «Надзеі» ў Баранавічах утвораны яшчэ чатыры падобныя камітэты. Відавочна, што справа гэта перспектыўная. Там, дзе знойдзецца група энтузіястаў-аднадумцаў, можна пераканаць жыхароў далучыцца да агульнага ўдзелу ў навядзенні парадку. Але відавочна і другое: настаў час знайсці законныя рычагі падтрымкі такой вось народнай ініцыятывы. Камітэтам грамадскага самакіравання трэба дапамагаць матэрыяльна. Сабралі людзі грошы, адрамантавалі пад'езд, сваімі сіламі ўпрыгожылі двор, разбілі клумбы, пабудавалі дзіцячыя пляцоўкі... Далей жа абавязкова паўстане пытанне аб ямачным рамонце дарогі насупраць дома, іншых капіталаёмкіх мерапрыемствах, якія грамадскай суполцы не пад сілу. І тут важна, каб падключаўся горад, каб людзі адчувалі сустрэчны рух. Неабходна, каб падтрымка была не толькі эпізадычнай, як гэта здараецца цяпер, калі камітэту тэрытарыяльнага самакіравання дапамагалі правесці зварачныя альбо іншыя работы, а мела пастаянны ўстойлівы характар на законнай аснове.

Мікалай ЧЫЖ, старшыня Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Адзін час нават абмяркоўвалася пытанне аб тым, ці патрэбны наогул дэпутаты сельскіх Саветаў. Дык вось, паводле майго глыбокага пераканання, трэба не толькі іх выбіраць, але і ўсяляк падтрымліваць, павышаць іх статус. Добра, што цяпер гэтым дэпутатам далі магчымасць адзін дзень у месяц атрымліваць вызваленне ад асноўнай работы і працаваць у сваіх акругах. Патлумачу на прыкладзе. У нас аб'ядналі былыя Боркаўскі і Сігневіцкі сельсаветы. Цяпер у аб'яднаную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку ўваходзіць 20 вёсак. У палове населеных пунктаў пражывае не больш за 50 чалавек. Старшыня сельскага Савета можа аб'ехаць усе вёскі, скажам, раз на месяц у лепшым выпадку. А калі дэпутат, умоўна кажучы, настаўніца Марыя Пятроўна, хаця б на некалькі хвілін зойдзе да кожнага, асабліва пажылога, чалавека з маленькай вёсачкі, пацікавіцца справамі, клопатамі, праблемамі, такі візіт стане падзеяй для вяскоўца. Ён не будзе адчуваць сябе пакінутым, забытым. Вось гэта і ёсць работа з насельніцтвам, пра якую мы гаворым на кожнай сваёй сесіі.

І яшчэ адзін прыклад. За апошнія два гады насельніцтва раёна сабрала 334 мільёны рублёў уласных сродкаў на добраўпарадкаванне могілак. У названым кірунку зроблена вялікая работа. У кампаніі па зборы грошай цяжка пераацаніць ролю дэпутатаў менавіта пярвічнага ўзроўню.

Іван ДАЎЖУК, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў:

— З усяго шырокага спектра работы мясцовых Саветаў я хацеў бы выдзеліць клопат дэпутатаў аб навядзенні парадку ў райцэнтры і вёсках. У Кобрыне не першы год існуе адпрацаваная схема, якая, на маю думку, дае станоўчыя вынікі. Па месцы жыхарства створаны дваровыя камітэты, якія праводзяць суботнікі, нядзельнікі добраўпарадкавання. Справу падтрымліваюць і працоўныя калектывы, калі ўпрыгожваюць тэрыторыю вакол прадпрыемстваў і побач з імі. У нас праходзяць рэгулярныя гарадскія конкурсы-агляды на самае лепшае ўтрыманне тэрыторый, пераможцы заахвочваюцца. І Кобрын сёння выглядае па-сучаснаму, нам не сорамна прымаць гасцей з любых гарадоў і краін.

А ў вёсках дзейнічаем у асноўным праз сельскія сходы. На сходы стараюся выязджаць як найчасцей. Пасля такіх сходаў наведзены парадак на многіх могілках. Людзі не толькі дапамагалі сваім удзелам, напрыклад, у расчыстцы ад лішняй расліннасці, але і збіралі грошы на агароджу, на фарбу, на аплату тэхнікі. Практыка сходаў паказала, што вельмі важна правільна правесці тлумачальную работу, пераканаць людзей у неабходнасці ўдзелу кожнага ў агульнай справе.

Валерый ГЕРМАН, старшыня Жамчужненскага сельскага Савета дэпутатаў Баранавіцкага раёна:

— Сёння асаблівую актуальнасць набывае ўменне падтрымаць ініцыятыву людзей і падштурхнуць грамадскую свядомасць да добрай ініцыятывы. Напрыклад, у пасёлку Жамчужны людзі гадамі складвалі бытавыя адходы ля хлявоў. І хоць смецце не звальвалася ў кучу — жыхары складвалі яго ў мяхах, але не вельмі эстэтычна ўсё гэта выглядала. Мы пагаварылі з людзьмі, пасля чаго ўладальнікі падсобных памяшканняў сабралі грошы і залілі кантэйнерную пляцоўку. Цяпер там стаяць кантэйнеры, смецце рэгулярна вывозіцца, і не ўзнікае пытанняў ні ў санітарнай, ні ў прыродаахоўнай службаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.