Вы тут

Яўген Лашкоўскі: «Нечаканыя сітуацыі трымаюць тэлевядучага ў тонусе»


На тэлеканале АНТ ён адзін з самых вядомых вядучых. Яўген Лашкоўскі быў сярод першых, з кім падпісалі ў свой час кантракт, і вось ужо 13 гадоў мы бачым яго на экране ў «Нашых навінах». На фоне сваіх калег наш герой — асоба не публічная. Пабыць дома, прыгатаваць нешта смачнае альбо сустрэцца з сябрамі, якія захаваліся яшчэ са школы, ці заехаць у госці да бацькоў пасля працы — такі стыль жыцця больш імпануе яму. Мы сустрэліся з тэлевядучым пасля прамога эфіру, каб больш даведацца пра яго жыццё за кадрам...

22-15

— У пачатку мая вы адзначылі свой дзень нараджэння. Ёсць прадчуванне жыццёвых перамен?

— Я ў свой дзень нараджэння ляцеў з Маямі і ў самалёце задумаўся пра ўзрост. Мне 34, хаця выглядаю я старэйшым — даюць усе 45, што мяне ніколькі не крыўдзіць, а нават забаўляе. А ўнутрана я адчуваю сябе наогул 27-гадовым хлопцам. Нават свае 33 успрыняў спакойна. Калі ў мяне і бываюць нейкія дэпрэсіўныя настроі, то я вельмі хутка пераключаюся на пазітыўнае. Не люблю доўга філасофстваваць ці корпацца ў сабе. Памятаю, тэлефануе мне летась тата і віншуе з днём нараджэння: «Сынок, са святам цябе! 33 — гэта ўзрост Хрыста». А я яму: «Вось-вось... У гэтым узросце яго забілі!..» Пасля чаго бацька вытрымаў тэатральную паўзу і кажа: «Але ж пасля ён уваскрэс!». Не магу сказаць, быццам з узростам адбываецца нейкая пераацэнка каштоўнасцей, падсумоўваецца нешта. Не хацеў бы нічога вяртаць, бо цалкам задаволены сваім жыццём і ўдзячны за тое, што маю.

— Сваёй атмасферай дзень нараджэння не вяртае вас у дзяцінства?

— Шчыра кажучы, у душы я вялікае дзіця. Магу ноччу сарвацца і некуды паехаць. Адзінае, праз што крыху няёмка ў такія дні, — маё няўменне аддзячыць за падарунак. Я вельмі стрыманы ў сваіх рэакцыях.

— Калі гаварыць пра падарункі, то вам больш падабаецца дарыць іх ці прымаць?

— Адназначна дарыць. У мяне ёсць у гэтым патрэба. І перыядычна я раблю нешта прыемнае сваім блізкім людзям. Напрыклад, калі еду з працы і планую праведаць бацькоў, то спачатку абавязкова іду ў краму, каб набыць ім нешта смачнае. Альбо ёсць у мяне адна суседка па дачы, якая любіць ліліі. Варта мне недзе заўважыць новы прыгожы сорт — я купляю яго ёй у падарунак. У сакавіку быў у Маскве, і вяртаючыся ў Мінск, убачыў прыгожыя ярка-сінія ліліі. Хоць і спазняўся ўжо на цягнік, але ўсё роўна купіў для яе некалькі цыбулінак. А калі мне робяць падарункі, то я думаю пра тое, каб гэта хутчэй скончылася.

— Цяпер даволі актуальнай з'яўляецца тэма фінансавага крызісу. На ваша жыццё ён неяк паўплываў?

— У плане грошай я не аднойчы адчуў гэты ўплыў. У мяне неяк складваецца, што як толькі нешта такое здараецца, то я сутыкаюся з наступствамі, вярнуўшыся аднекуль. Зараз, напрыклад, калі адбылася вядомая сітуацыя з расійскім рублём, я быў у Егіпце. І грашовыя выдаткі ў адпачынку пасля нагадалі пра сябе адчувальна. Зразумела, што і заработная плата была ў адным эквіваленце, а цяпер стала іншай. На дадатковых даходах крызіс таксама адбіўся. Паколькі я вяду яшчэ канцэрты, то, калі недзе арганізацыі ўрэзалі свае фінансавыя выдаткі, і мой даход скарачаецца.

— Вы эканомны чалавек ці лёгка траціце грошы?

— На жаль, я вельмі лёгка аддаю грошы. Не магу навучыцца эканоміць. Добра, калі перад зарплатай хоць нешта застанецца на картцы.

— Вы жывяце за горадам. Цяга да зямлі і прыроды ў вас калі прачнулася?

— Так, былі ў жыцці перыяды, калі я наведваўся да дзядулі ў Пскоўскую вобласць. Той час, бадай што адзіны, які я хацеў бы перажыць наноў. Прыязджаючы да дзеда ў вёску, я ўсюды быў з ім: сядзеў на кані, пакуль ён баранаваў ці араў, мне тады было гадоў пяць. З часам касіць навучыўся і таксама ўпадабаў гэты занятак. Уставаць трэба было раненька, бо для касьбы самы спрыяльны час, калі раса ёсць, а потым спёка невыносная. Дзед у сваю чаргу мяне шкадаваў і не будзіў раніцай. Праз гэта я часам на яго крыўдаваў. А потым вырас і ўжо дапамагаў дзеду, бо з узростам займацца такой працай яму стала цяжка. Не магу патлумачыць, чым абумоўлена мая цяга да жыцця за горадам, але вось так усё адно да аднаго склалася.

— Некаторыя характарызуюць вас як аптыміста і рамантыка, маўляў, не страцілі гэтыя рысы да сёння...

— Мне складана пра гэта меркаваць. Але сітуацыі бываюць розныя, і калі не можаш змяніць абставіны, то перагледзь сваё стаўленне да іх. Атрымаецца пераключыцца — значыць усё нармалізуецца. Я сапраўды вельмі рэдка бываю ў дрэнным настроі. З узростам, праўда, стаў больш сентыментальным.

22-14

— Што можа прымусіць вас заплакаць?

— Адзін з нядаўніх выпадкаў быў падчас прагляду святочнага канцэрта на Дзень Перамогі. Мне вельмі падабаецца песня «Малітва» ў выкананні Людмілы Гурчанкі. І, пачуўшы кампазіцыю на адным расійскім тэлеканале, я не стрымаўся.

— А якія рамантычныя ўчынкі здзяйснялі дзеля дзяўчат?

— Не магу пахваліцца, быццам меў багатую фантазію, што датычыцца рамантыкі. Памятаю, кветкі дарыў, гуляць любілі. Рабілі па начах у мяне дома радыёгазету.

— Дарэчы, калі займаліся школьным радыёвузлом, ці думалі пра выбар будучай прафесіі ў гэтым напрамку?

— Тэлебачаннем цікавіўся, прычым інтарэс мой выклікаў менавіта тэхналагічны працэс. Я заўсёды глядзеў праграмы пра тэлебачанне. Была ў свой час праграма Паўла Каранеўскага «Тэленавігатар», дзе ён расказваў пра тэлевізійнае жыццё знутры. Яе ніколі не прапускаў, толькі шкадаваў, што выпускі такія кароткія. Радыё цікавіла менш. У нас была беларускамоўная гімназія з агульнаэстэтычным ухілам, таму журналісты часта завітвалі ў госці. А аднаго разу папрасіў зрабіць мне пропуск на радыё, каб паглядзець, як манціруюцца праграмы. Ва ўніверсітэце рабіў курсавыя, выкарыстоўваючы знятыя на відэа інтэрв'ю, хоць мала што ведаў пра іх стварэнне. Але з такой дзейнасцю сябе ніяк не атаясамліваў.

— Бацькі адразу ўхвалілі ваш выбар прафесійнай дзейнасці?

— Маці і бацька ў мяне па прафесіі інжынеры, таму спачатку яны былі супраць нават майго паступлення ва Універсітэт культуры і мастацтваў. У школе я шмат удзельнічаў у рознай самадзейнасці. Быў у нас харэаграфічны тэатр, і я там дапамагаў. У 11 класе мы паехалі са спектаклем «Маленькі прынц» у Германію, і ўжо пасля гэтага бацькі дазволілі паступаць ва Універсітэт культуры. Хаця я цэлы год наведваў заняткі па матэматыцы, фізіцы і рускай мове пры БНТУ. Потым, пры паступленні, здаваў зусім іншыя прадметы. А на чацвёртым курсе ўніверсітэта даведаўся пра кастынг на АНТ, прайшоў яго — і маё жыццё склалася іначай.

SONY DSC

— Па адукацыі вы «культуролаг-менеджар». Якая перспектыва вас чакала, калі б не выпадак?

— Ну, вышэйшая кропка ў кар'еры — стаць міністрам культуры ці адукацыі (усміхаецца). Але яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце я атрымаў працу на тэлебачанні.

— Першы прамы эфір запомніўся?

— Было сапраўды страшна. Але мой першы эфір стаў для ўсіх знаёмых і блізкіх вялікай падзеяй. Памятаю, нікому амаль што не гаварылі пра яго, але ў той дзень маме абарвалі тэлефон званкамі.

— Вы больш за дзесяць гадоў працуеце на выпусках навін. Не з'явілася аскомы?

— Адназначна тут складана сказаць. Зразумела, як і ў любой прафесіі, ты з часам да ўсяго прывыкаеш. Але ў маёй працы трэба заўсёды быць гатовым да пазаштатных сітуацый. У прамым эфіры можа адбыцца што заўгодна: адключыцца святло, здарыцца нешта з суфлёрам, і такіх нечаканасцей шмат. Ці, дапусцім, выпуск навін нельга зацягваць па часе больш чым на 10 секунд, бо інакш уся лінейка «паляціць». А рэклама, сацыяльныя ролікі і гэтак далей павінны выйсці ў запланаваны час. Таму ўсялякія нечаканыя сітуацыі трымаюць тэлевядучага ў тонусе. На навінах ніколі не засумуеш.

— Вам хапае 10-хвіліннага выпуску навін, каб адчуць асалоду ад прамога эфіру?

— Выпускі бываюць розныя па сваёй працягласці. Не мае значэння, колькі часу ты ў прамым эфіры, таму што праца там — сканцэнтраваны працэс, які дае адчуванне, быццам ты знаходзішся ў іншым вымярэнні. Нават агаварыўшыся недзе, вядучы мае адчуванне, быццам перажыў вечнасць. Разам з тым прамы эфір — гэта неймавернае задавальненне.

— Па сутнасці, вядучы на тэлебачанні — прафесійная вяршыня, не ўлічваючы адміністрацыйныя пасады. Куды цяпер вам хочацца расці?

— Часта запытваюць: калі чакаць майго павышэння? Але я такі чалавек — куды радзіма пашле, там і буду працаваць. Былі ж у мяне праекты «Дзве зоркі», «Песня года Беларусі» і «Музычныя вечары ў Мірскім замку», у якіх я працаваў вядучым. У тэлемюзікле «Паўлінка» змог прадэманстраваць сябе як акцёр — зусім іншая спецыфіка працы. Думаю, час пакажа, дзе яшчэ змагу рэалізаваць сябе. Пакуль што мяне ўсё задавальняе.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.