Вы тут

Алё, народ на провадзе


Чалавек мяркуе...

«Мама, а калі ў нашай кватэры будзе цёпла?» — «У маі, сынок, у маі».

Падманула дзіця гэтая маладзіца: май сёлета выдаўся халодным.

Як нараджаюцца плёткі

Сёстры баба Ліда і баба Ганька зімавалі дома, у вёсцы. Іх сусед, дзед Грыша — у горадзе, толькі вярнуўся.

Да іх, да лавачкі, ён, вядома ж, падышоў, павітаўся.

І не больш за тое: адразу ж цягу, адразу ж дамоў... А ўжо там — то ў склеп, то ў хлеў, то ў хату... Толькі дзверы ляпаюць.

— Во, ты глянь, як носіцца! — бачачы гэта, зайздросцяць суседкі. — І ногі яму не баляць!

— Значыць, у нявесткі добра было, значыць, глядзела яна старога.

— А ты дык ужо і разабралася... Можа, добра, а можа і не. Можа, яго ветрам ганяе?

— А то і праўда...

Вайна пад стрэхамі

Прыяцелька свайго шчасця не ведала: жыла, як белы чалавек, са сваім катом, у сваёй кватэры, аж пакуль суседнюю нейкі дуралей не купіў. З месяц таму пераехаў, жыве, днём чорт ведае, чым ён займаецца, а вось ноч-апоўнач — кінафільмы глядзіць. І каб жа тады, як людзі, збавіць хоць трохі гук, а то ж не!

— У мяне праз яго — ну ніякага сну, — скардзіцца кабета.

— А ты падушку на галаву... — раяць добразычліўцы.

— ...Каму? Суседу? — удакладняе Марына.

— Сабе таксама добра... І бярушы ў аптэцы прадаюць... Можна яшчэ ваты ў вушы ўткнуць.

— Спрабавала... Не памагае! Адно — калі два пальцы ўсунуць. Вось так, — паказвае на сабе жанчына. — Доўга, праўда, не патрымаеш...

— А ты іх — у клей «Момент». А потым — у вушы і спі сабе.

...Нікчэмная, пустая парада. Прыяцелька ёй, вядома ж, не скарыстаецца, але па начах, можа, успомніць калі, можа, усміхнецца.

Што безумоўна ж, лепш, чым з падушкай ісці на суседа.

Успомніла баба...

Чаго не зробяць вытворцы, каб прасунуць тавар! І яшчэ зразумела, каб новы! А то ж... малако. Што-што, а яно, як здавалася, у рэкламе патрэбы не мае. Праўда, само, а вось цана... Білборды па горадзе: літр — шэсць тысяч пяцьсот рублёў!

Успомніла баба, як дзеўкай была: а некалі на тысячу менш каштавалі «Жыгулі».

Лячыся, нябожа...

Сябрук напалохаўся: сэрца з рытму сарвалася — адзін раз, другі... Мусіў пайсці па дактарах. Тыя, як варта было чакаць, «паганялі» яго па кабінетах — абследавалі, навыпісвалі розных рэцэптаў.

З імі ён у найбліжэйшую аптэку зайшоў — прыцаніўся да лекаў.

Сэрца забалела яшчэ больш.

Гэта па-нашаму?

Дом. Вячэра. Гарбата.

З ёй, гарачай, ды ў цёплай кампаніі добра пасядзець за сталом, добра (калі на самоце) пастаяць на балконе. І тады — па глытку адпіваючы — заадно паглядзець на прыціхлы праспект, на асвечаныя ліхтарамі белыя «свечкі» каштанаў, на стаянку машын.

Там, дарэчы, ці не ўвесь аўтапрам сабраны. Столькі розных мадэляў... Яблыку не ўпасці, а ўжо машыну паставіць...

Зрэшты, адна «дзірачка», здаецца, вызваляецца... Праўда, на хвіліну, не болей, бо потым нехта пад'язджае, досыць спрытна паркуецца, выходзіць са сваёй машыны, прыстройваецца (прабачце!) да задняга кола суседняй — патрэбу спраўляе.

І гэта (калі машына чужая) можна зразумець, і нават апраўдаць. Тым, прынамсі, што патрэба — малая і, відаць жа, вельмі неадкладная. Тым, што раён, магчыма, незнаёмы (дзе тут будзеш прыбіральню шукаць?), а гадзіна шарая, людзей паблізу няма ды і шкоды вялікай таксама — ні зямлі, ні машыне...

Але ж... Ну чаму не сваёй?

Крыўда

Анекдот. Мужчына-кадравік пытаецца ў жанчыны:

— Колькі вам гадоў?

Тая какетліва:

— Ну, да 30 мне бліжэй, чым да 20.

— А калі канкрэтна?

— 50.

...Сцяпанаўне — куды болей, але яна малайчына: можа не ўспомніць, што сёння ела на сняданак, але пры гэтым ва ўсіх падрабязнасцях расказаць, як пасля смерці бацькі маці выйшла замуж за іншага, як адзін за адным нарадзіла чацвёра дзяцей, як душылася працай сама і «душыла» яе, старэйшую, бо ўсіх меншых трэба было карміць, абмываць, забаўляць...

— Во якое дзяцінства... Мама каб хоць разок абняла мяне, каб пацалавала... Як абакрала...

І дзіця, і сябе.

Двое

Ці любіла яна?

Магчыма...

Як магчыма і тое, што проста час быў выходзіць замуж, клікаў «туды» хлопец ва ўсіх адносінах добры, а ўжо ж закаханы... За такога грэх не ісці.

Бацькі ім вяселле прыгожае зладзілі: што для вёскі тады ў навіну было — прафесійнага фатографа нанялі. Ён шмат што здымаў — і ў ЗАГСе, і дома. Усе госці на картачках! А ўжо ж нявеста з жаніхом...

На адным са здымкаў яны ўдваіх — твар у твар... Ён высокі, даўгарукі. І яна быццам птушачка: трапіла ў «сіло» (з абдымкаў) і ўсё — жыць ці не жыць, а калі жыць, то як, залежыць ад «лаўца».

...Ён, той «лавец» і муж, вось ужо трыццаць гадоў гэты здымак з сабою носіць — як ілюстрацыю да крылатага: «Мы нясём адказ за тых, каго прыручылі».

Скажы...

Адна і тая ж Матрона, толькі ў іншай спадніцы: раней ля першых сядзенняў у грамадскім транспарце быў надпіс кшталту «Месцы для пасажыраў з дзецьмі ды інвалідаў», цяпер — павесілі спецыяльны знак.

А толку, можна сказаць, ніякага, бо месцаў па-ранейшаму няма. Дакладней — ёсць, але яны заняты, прычым сапраўднымі інвалідамі — па зроку (бо, уткнуўшыся ў свае тэлефоны-планшэты, нічога вакол не бачаць), па слыху (бо ў навушніках нічога не чуюць...). Ну, хіба калі «ў лоб» сказаць:

— Малады чалавек, гэта месца маё.

Голас у дзеда па-маладому бадзёры, гучны, таму з месцаў «зрываюцца» аж тры «інваліды». Чацвёрты (на добрым падпітку) — па-ранейшаму сядзіць, а горш за тое, праз губу цэдзіць:

— Тваё месца, дзед, на могілках...

— Як вы можаце?! Як вам не сорамна?! — заступаюцца за чалавека іншыя пасажыры. Але той іх «паслуг» не прымае. «Не трэба, я сам», — спыняе ўсіх жэстам і, падсеўшы да таго «інваліда», па-змоўніцку пытаецца:

— Слухай, у цябе дзядуля ёсць?

Дзяцюк, вылупіўшы вочы, глядзіць на старога.

— ...А бабуля? — працягвае той. — Па вачах бачу — ёсць... Дык ты як прыедзеш да іх, вазьмі і скажы: «Ваша месца — на могілках». Толькі ж глядзі — не забудзься...

Дзед гаворыць нешта яшчэ, але аўтобус якраз спыняецца — адчыняе дзверы. Хлопец куляй вылятае на прыпынак.

...Не для таго, відаць, каб хутчэй прыбегчы дамоў — да бабулі з дзедам. Не для таго, каб сказаць ім — пра месца.

Пайсці... Каб застацца

З Коласа:

...І ты , чалавеча,
як снег у адлігу:

Упаў і сканаў, і няма.

Што хоць крыху ды суцяшае — сканаў не першым і не апошнім, штосьці паспеў зрабіць, пакінуць нашчадкаў. У Міхайлавіча (светлай памяці!) аж сямёра ўнукаў-праўнукаў — у вялікай, раптам апусцелай хаце з досыць яркай пазнакай: «Здесь живет ветеран Великой Отечественной войны»...

— Усё, болей «не живет», — кажа сыну нехта з радні. — Давядзецца здымаць «шыльду»?

— А навошта? — не разумее той. — Хай вісіць.

...І няхай хоць чужыя людзі думаюць, што ветэран тут жыве. І што іх у нас яшчэ шмат.

Чалавек мяркуе...

Кватэра была як лялечка — утульная, чыстая і да краёчкаў, як той казаў, поўная розным дабром. «Усё Васечку, усё сыночку нашаму будзе, калі мы памром», — разважалі бацькі.

А калі памерлі, Васечка быў другі раз няўдала жанаты, хворы, таму ў хуткім часе не стала і яго.

Кватэра — з усім тым нажытым дабром — дасталася яго ўдаве (для бацькоў — чужой чужаніцы). І яна ў ёй жыве... З новым мужам ды дзецьмі ад першага...

Праўду кажуць: чалавек мяркуе, а Бог размяркоўвае.

Хоць часам і неяк дзіўна.

«На блакітным сподачку»

У вёсцы глухіх платоў, дзякаваць Богу, мала — далёка відаць, далёка чуваць.

— Э-э, сусед, ты куды гэта зганяў? — нясецца над штыкетнікам.

— У свой гарод.

— А што пад пахай нясеш?

— Не паверыш, паўлітра адкапаў!

— Як гэта?.. Пакажы!

— Табе аднаму — нецікава... Ты давай, унука пакліч.

Дзе ўнук (гарадскі, гадкоў чатырох), там і сын з нявесткай — натоўп, можна сказаць. Сусед задаволены:

— Баяцца не будзеце? — па-змоўніцку пытаецца ў гарадскіх. І, пачуўшы адказ (найперш ад дзіцяці), «раскрывае карты»: «лёгкім рухам правай рукі» вымае з-за пазухі чорны «абрэз» краталоўкі, вытрасае на асфальт... крата.

— Фу, якая гадасць!

— А ён жывы?!

— Ад'еўся, бач! Гладкі-гладкі...

— А які прыгожанькі...

— Можна пагладзіць?

— Вось каб на футра такіх налавіць! — нясецца з «натоўпу».

Расчараваны голас толькі адзін:

— Цьфу... А казаў, «паўлітра адкапаў...»

— І не падмануў, — смела даводзіць сусед. — У нас, брат, з жонкай дамова: я ёй крата на блакітным сподачку, а яна мне — бутэльку.

...Мала пакуль што ў вёсцы глухіх ды высокіх платоў: далёка відаць тут. І гэтак жа далёка чуваць.

Той мясцовы Шчукар, прынамсі, праз нейкія паўгадзінкі ўжо зноў у гародзе — штосьці капае... Ды з вясёлым посвістам...

Можа, граду, можа, чарговыя паўлітра?

Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.