Вы тут

Піянерскі касцёр


Як ператварыць віртуальныя прыгоды ў сапраўдныя, і навошта гэта патрэбна.

Гэта першая сёлета сапраўдная майская навальніца, што балявала над горадам добрую гадзіну, высвеціла маланкамі адзін з самых яркіх дзіцячых успамінаў. Школа ідзе «на касцёр». Была такая добрая традыцыя: на дзень нараджэння піянерскай арганізацыі пасля скарочаных заняткаў усе вучні і настаўнікі арганізавана выпраўляліся на бераг возера. Ад школы гэта было далекавата, дый ад самой вёскі адлегласць добрая, таму гэты арганізаваны паход успрымаўся як цікавая прыгода. Вядома, усе атрыбуты былі ў наяўнасці: і горны, і барабаны, і сцягі. Але прымусу, як той казаў, не было — было проста весела ісці шумным натоўпам па квітнеючай вясковай вуліцы.

Як і належала, праводзілі ўрачыстую лінейку, з рапартамі кожнага атрада і старшыні савета дружыны старэйшаму піянерважатаму. Гэта таксама было весела, асабліва калі ўся лінейка пачынала дружна крычаць дэвіз дружыны імя Сяргея Міронавіча Кірава: «То, что отцы не допели — мы допоем, то, что отцы не достроили — мы достроим». Чамусьці добрая траціна піянераў увесь час гарлала не «достроим», а «доделаем», і атрымлівалася такая бадзёрая жыццярадасная какафонія, што нават настаўнікі ледзь стрымлівалі ўсмешкі.

Але галоўным было, безумоўна, само вогнішча, якое старэйшыя хлопцы рыхтавалі загадзя — гэткі высокі «шалаш» з жэрдак і сухога галля. Яго запальванне было таксама своеасаблівым рытуалам, і калі полымя разгаралася і сягала да неба, на душы станавілася неяк урачыста і ўзнёсла. Гэта было сапраўднае свята, якога кожную вясну чакалі з нецярпеннем.

А яшчэ «на кастры» прымалі ў піянеры другакласнікаў, якім да мая споўнілася дзевяць гадоў і якія добра вучыліся (астатнім завязвалі гальштукі ўвосень, ужо ў трэцім класе, у спартыўнай зале, і гэта здавалася сумным і нецікавым). Мне пашчасціла быць сярод выбраных у маі, і ўрачыстую клятву мы давалі пад спевы салаўёў і патрэскванне вогнішча... Але тут, як бывае толькі позняй вясной, невядома адкуль узялася хмара, і праз колькі хвілін лінуў такі дождж! Маланкі, здавалася, лупілі проста пад ногі, гром буркаў над галавой, а мы — і старэйшыя, і меншыя, і настаўнікі з важатымі — несліся стрымгалоў да адзінага месца, дзе можна было схавацца — да дамбы, якая перагароджвала рэчку, робячы з яе возера і выводзячы ў вялізным бетонным тунэлі пад дарогай. Вось у гэты самы тунэль мы і пазаскоквалі, плюхаючы па калена ў вадзе, слізгаючыся на згладжаных ракой каменьчыках. Стоячы і ледзь не падаючы ў добрай-такі плыні вады, трымаючы над галавой гольфы-басаножкі ў адной руцэ, другой мы беражліва прыціскалі да грудзей новенькія гальштукі, якім не далі намокнуць...

І ўсё гэта разам было такое шчасце, што і сёння, праз трыццаць гадоў, калі разам з майскай маланкай успыхне ў памяці гэты ўспамін, хораша стане на сэрцы, бы пагладзіла яго мяккая кашэчая лапка. І падобны ўспамін не адзіны. Былі паходы, былі турыстычныя злёты, быў цімураўскі рух. Так, гэта былі рэчы абавязкова-ідэалагічныя, і нашы настаўнікі і піянерважатыя, пэўна, давалі нейкія справаздачы і ставілі нейкія «галачкі». Але для дзяцей яны ўмелі ўсю гэту «абавязалаўку» ператварыць у свята, у падзею, у цікавае спаборніцтва. (Дагэтуль аднавяскоўцы са смехам згадваюць, як «цімураўцы» з нашага класа бабулі Гаркоўскай перацягалі ў сенцы ўсю дрывотню, бабка цэлую зіму па дровы на вуліцу не выходзіла. Ці як вывезлі на спецыяльна дзеля гэтага запрэжаным кані ўсе папяровыя мяшкі з саўгаснага свірана — гэтак мы збіралі макулатуру).

Што ў выніку? У выніку школу мы пакідалі амаль роднымі людзьмі, і нават праз трыццаць гадоў, як бы ў каго ні склаўся лёс, хто б кім ні стаў, пры сустрэчы спыняемся і размаўляем — пра справы, пра сям'ю. А не кідаем холадна «прывітанне», спяшаючыся перайсці на другі бок вуліцы.

А яшчэ — і гэта, бадай, самае галоўнае, — словы «Перамога», «Вялікая Айчынная», «Радзіма» і «Бацькаўшчына», незалежна ад адукацыі і пісьменнасці, заўсёды пішам з вялікай літары. Нас так навучылі ў школе і мы так адчуваем. Без сумненняў і без варыянтаў.

Нехта скажа: маўляў, узялася старое ўспамінаць. Час цяпер іншы, дзеці іншыя. Згодна. Але дзеці і сёння застаюцца дзецьмі. Так, каб адцягнуць іх ад манітора камп'ютара, трэба добра пастарацца, прапанаваць ім нешта нашмат цікавейшае, чым жыццё ў віртуальным свеце. Напрыклад, адаптаваць тую самую забытую «Зарніцу» пад сучаснае ўспрыняцце — з казачнымі перашкодамі, з выкарыстаннем тых жа планшэтаў ці смартфонаў для задання па арыенціроўцы. Ці арганізаваць паход — не проста з палаткамі ды рукзакамі, а на пошукі... скажам, слядоў напалеонаўскіх скарбаў. Ці збітага ў час вайны савецкага самалёта... Тут вам і прыгоды, і вывучэнне гісторыі, і выхаванне. Варыянтаў можна прыдумаць безліч, было б жаданне.

Дзеля чаго гэта трэба? Каб словы «Перамога» і «Радзіма» з малой літары не пісалі.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.