Вы тут

Што механічная галава... адказала «Звяздзе»?


 або Як я размаўляў з... Сакратам!

У Полацкім дзяржаўным універсітэце рэканструявалі механічную галаву, якую зрабілі ў XVІІІ стагоддзі. Яна, уявіце сабе, адказвала на пытанні. Праўда, злыя языкі пагаворвалі, што рабіў гэта адукаваны манах, якога не было бачна. Але тое, мабыць, і не важна... І ў наш час механічная галава здзіўляе. Па сутнасці ўнутры — яна камп'ютар... Але, калі пачынае размаўляць гучным і строгім голасам, мурашкі па скуры прабягаюць. Адчуванне, што насамрэч галава жывая!

Адкрыццё выставачнай кампазіцыі «Рэканструкцыя праекта Габрыэля Грубера «Механічная галава» адбылося ў рамках Дня ўніверсітэта. Карэспандэнт «Звязды» адзіны з журналістаў асмеліўся задаць пытанне механічнаму цуду.

Габрыэль Грубер — інжынер, механік, матэматык, архітэктар, фізік, медык — быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. Ён жа — генерал Таварыства Ісуса (езуіты) у Расіі. Вядома, што ў 1784 годзе прыехаў у Беларусь. Быў выкладчыкам розных навук у Полацкім езуіцкім калегіуме. Грубера высока цанілі Кацярына ІІ і Павел І. З імі ён пазнаёміўся ў 1797 годзе падчас наведвання імператарам Полацка...

Знакамітасцю музея калегіума была механічная галава, якую і ўзнавілі. У выніку карпатлівых даследаванняў ва ўніверсітэце высветлілі, што яна мела рухомыя вочы, твар Сакрата і адказвала на некалькіх мовах. Цяпер галава размаўляе і па-беларуску (што вельмі прыемна), а таксама на рускай, англійскай, нямецкай і нават лацінскай мовах.

Перад выпрабаваннем гасцей прэзентацыі папярэдзілі, што механізм яшчэ недасканалы. Маўляў, галава ўсё больш імкнецца адказваць на філасофскія пытанні. А вось будзённыя ёй мала цікавыя. Таму можа заўпарціцца і праігнараваць пытанне...

Адказваць галава будзе пасля звароту: «Дазвольце спытаць». Ёй задалі ўсяго некалькі пытанняў. Самым першым было адвечнае: у чым жа ўсё-такі сэнс жыцця? Галава сказала, што ў жыцці няма іншага сэнсу, акрамя таго, які чалавек сам надае яму, раскрываючы свае сілы і жывучы дабратворна. Знайсці сваю дарогу, даведацца пра сваё месца ў жыцці — вось у чым сэнс... Гэта значыць трэба быць самім сабой.

Рэктар універсітэта пацікавіўся, што навучальную ўстанову чакае ў будучыні? У адказ пачуў: «Усё створанае са стараннасцю вялікай, працамі шматгадовымі і намаганнямі многіх годных людзей не толькі да захаванасці прыводзіць, але і прымножыцца. І славу годную далёка за межамі зямлі полацкай знойдзе».

Я запытаўся (вядома, па-беларуску): як павялічыць інтарэс да беларускамоўнай прэсы, у прыватнасці да найстарэйшай газеты «Звязда». Галава доўга думала. Урэшце пачуў спачатку на латыні, а потым на беларускай мове: «Адказ з часам знойдзеце самі».

— Ва ўніверсітэце выкладалі вядомыя людзі Еўропы. Адным з іх з'яўляецца Габрыэль Грубер. Ён разам з іншымі выкладчыкамі і вучнямі стварыў механічную галаву, якая ўвайшла ў гісторыю... У нашы дні мэта ўніверсітэта — знайсці карані і адрадзіць традыцыі, што былі закладзены ў гэтай навучальнай установе, — пасля выпрабаванняў механічнага цуду звярнуўся да прысутных рэктар Полацкага ўніверсітэта Дзмітрый Лазоўскі, доктар тэхнічных навук, прафесар.

Нюансамі вырабу галавы падзяліўся Аляксандр Прохараў, скульптар, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— Дзяніс Дук, доктар гістарычных навук, прафесар, прарэктар універсітэта па вучэбнай рабоце, знайшоў адпаведныя звесткі пра галаву з тварам Сакрата. А рэктар загарэўся ідэяй узнавіць яе. І для гэтага былі прыцягнуты многія спецыялісты. У прыватнасці, я ляпіў галаву. Вырабіў яе з пластычных матэрыялаў (сілікону. — Аўт.), каб яна магла гаварыць і маргаць вачыма, — сказаў ён.

Галава — цудоўны «атракцыён», які, безумоўна, упрыгожыць музейную экспазіцыю ўніверсітэта. Але яе плануюць выкарыстоўваць у тым ліку і ў вучэбных мэтах разам з сучаснымі адукацыйнымі «аксесуарамі».

Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара

Полацк — Віцебск

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Галава і «Грубер»

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.