Вы тут

Фінансы адаптавалі для «чайнікаў»


Аўтары вымушаны былі двойчы перарабляць падручнік пасля крытыкі ад жонак

У Нацыянальным банку выдалі беларускую рэдакцыю кнігі «Фінансавая асвета». Выданне заклікана павысіць узровень ведаў беларусаў у галіне асабістых фінансаў і даступна выкладае такія важныя пытанні, як кіраванне грашовымі сродкамі, планаванне бюджэту, назапашванне зберажэнняў, крэдытаванне, страхаванне і многія іншыя.

Вучыцца не сорамна

Кніга з'яўляецца сумесным праектам Нацыянальнага банка Беларусі і кампаніі Vіsa. Упершыню навучальны дапаможнік з аналагічнай назвай быў выпушчаны Расійскай эканамічнай школай пры падтрымцы кампаній Vіsa і Sіtі Foundatіon у 2009 годзе. Аўтары, загадчык кафедры фінансаў Расійскай эканамічнай школы, прафесар, дырэктар праграмы «Майстар фінансаў» Аляксей Гараеў і судырэктар праграмы «Фінансавая асвета» Расійскай эканамічнай школы Валерый Чумачэнка, асноўнай мэтавай аўдыторыяй кнігі лічаць студэнтаў і маладых людзей.

«Нягледзячы на тое, што выданне з'яўляецца прадуктам працы вялікай інтэрнацыянальнай каманды, яно прайшло адаптацыю, зыходзячы з беларускіх рэалій, — заявіў на прэзентацыі намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў. — Сёння праблема фінансавай асветы актуальная ва ўсім свеце. У нашай краіне ўжо рэалізуецца адпаведны план, у рамках якога мы дастаткова паспяхова рухаемся і супрацоўнічаем з удзельнікамі рынку і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, ініцыятывы якіх у гэтай галіне могуць быць вельмі карыснымі і цікавымі. Наша задача — не саромецца вучыцца і генерыраваць новыя ідэі для дасягнення поспеху».

Распаўсюджваць кнігу плануецца праз абласныя ўпраўленні Нацбанка, з дапамогай грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», праз Нацыянальную бібліятэку, а таксама публікацыю на Адзіным інтэрнэт-партале фінансавай асветы.

Нельга верыць рэкламе

Кніга з'яўляецца акадэмічным дапаможнікам па асабістых фінансах. У лёгкай манеры аўтары расказваюць пра тое, як паспяхова распараджацца асабістым бюджэтам, якія інструменты інвеставання можна выкарыстоўваць для абароны і памнажэння зберажэнняў. Чытэльнасць падручніка і даступнасць для самых далёкіх ад фінансавай сферы людзей аўтары праверылі на сваіх жонках. «Пасля іх крытыкі мы двойчы перараблялі кнігу, каб яна стала зразумелай для звычайных людзей», — сказаў Валерый Чумачэнка.

«Фінансаваму рынку патрэбны спажыўцы, якія не вераць слепа ў рэкламу, не дапускаюць вялікіх фінансавых памылак. Спажыўцы, якія робяць асэнсаваны выбар», — лічыць адзін з аўтараў. Другі, Аляксей Гараеў, удакладняе: «Кніга дае разуменне сутнасці фінансавых прадуктаў».

Асвета ў смартфонах

Генеральны менеджар Vіsa ў СНД і Паўднёва-Усходняй Еўропе Мэндзі Лэмб заявіла, што «фінансавая асвета павінна суправаджаць чалавека ледзь не з самага нараджэння, яшчэ ў дзіцячым садку. І, зразумела, у школьнай ды ўніверсітэцкай адукацыі гэта павінен быць такі ж натуральны прадмет, як і астатнія».

У той жа час рэгіянальны менеджар Vіsa ў Беларусі і Малдове Ігар Кавалёў адзначыў высокі ўзровень развіцця безнаяўных плацяжоў у Беларусі: «На канец 2014 года 27,7% ад усіх аперацый былі безнаяўнымі. Гэты вельмі добры паказчык, які сведчыць пра высокую ступень фінансавай адукаванасці жыхароў краіны».

Дарэчы, па словах Сяргея Дубкова, у хуткім часе можа з'явіцца спецыяльны дадатак для смартфонаў па фінансавай асвеце, што дапаможа яшчэ больш ахапіць аўдыторыю.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ,

Фота аўтара

22-30

Валерый Чумачэнка і Аляксей Гараеў
падпісалі экзэмпляр падручніка спецыяльна для нашай газеты.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».