Вы тут

Насмарк: лячыць або сам пройдзе?


Пагаворым пра самае распаўсюджанае захворванне верхніх дыхальных шляхоў, звычайную з'яву пры вострых рэспіраторных вірусных захворваннях, тое, што можа напаткаць ваша дзіця і зімой, і летам. Такім чынам, банальны насмарк, або востры неспецыфічны рыніт. Непрыемнасць, якая ўяўляе з сябе вострае запаленне слізістай поласці носу. Што з гэтым рабіць ці не рабіць, расказвае ўрач-метадыст 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Галіна САФРОНАВА.

Што спрыяе?

* Пераахалоджванне

* Паніжаная імунная абарона арганізма

* Кантакт з хворымі на вострыя вірусныя рэспіраторныя захворванні, занясенне ў насавую поласць патагенных мікробаў.

Як развіваецца?

1-я стадыя. Працягласць — некалькі гадзін. Сухое раздражненне, пасля сверб, смыленне слізістай, казытанне ў носе, чханне. Часта яшчэ ўзнімаецца тэмпература цела да 38 градусаў, з'яўляюцца галаўны боль, агульная слабасць, кволасць.

2-я стадыя. Працягласць — некалькі сутак. Сасуды пашыраюцца, слізістая ацякае, у вялікай колькасці выпрацоўваецца слізь. Цяжка дыхаць, тэмбр голасу парушаецца. Зніжаюцца нюх і ўспрыманне смаку. Слізістая і скура носа чырванеюць «дзякуючы» аміяку, які ў вялікай колькасці змяшчаецца ў слізістых выдзяленнях. Часам насмарк выклікае запаленне слізістай вачэй — кан'юнктывіт, слёзацячэнне, шум і закладзенасць у вушах.

3-я стадыя. 4-5-ы дзень захворвання. Аднаўленне слізістай. Узмацняюцца абарончыя сілы арганізма, паколькі пашкоджанне эпітэлію спрыяе размнажэнню патагеннай мікрафлоры (выдзяленні перастаюць быць вадкімі і празрыстымі, іх становіцца менш).

Калі нічога не рабіць

Існуе памылковае меркаванне, што востры рыніт лячыць не трэба — праз тыдзень сам пройдзе. А між тым такія пацыенты пасля сутыкаюцца з ускладненнямі — запаленнем пазух і сярэдняга вуха, фарынгаларынгатрахеабранхітам, урэшце, усё гэта становіцца хранічным.

Пры своечасовым і правільным лячэнні рыніт працягваецца ад 7 да 10-12 дзён.

Бацькі павінны ведаць, да чаго можа прывесці парушэнне насавога дыхання на фоне частага або зацягнутага насмарку ў дзіцячым узросце.

Гэта могуць быць:

парушэнне сну, хуткая стамляльнасць, зніжэнне памяці, парушэнне работы сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, парушэнне метабалізму, прыпыненне ў фізічным і разумовым развіцці, дэфармацыя шкілета твару.

Вось чаму важна своечасова звярнуцца да педыятра або атарыналарынголага.

Лечым правільна!

Насмарк можна лячыць у хатніх умовах. Аднак рабіць гэта трэба з улікам вышэйзгаданых стадый развіцця захворвання.

На 1-й стадыі паказаны нажныя ванны, расціранні ног; патагонныя сродкі (чай з малінай, мёдам, ліпавымі кветкамі); фітанцыды (удыханне здробненага часнаку, цыбулі); гарачкапаніжальныя, антыгістамінныя прэпараты; супрацьвірусныя лекі (аксалінавая мазь, інтэрферон і інш.).

На 2-й стадыі працягваюць прыём антыгістамінных прэпаратаў, дабаўляюць пратарголавыя або каларголавыя кроплі ў нос, альбуцыд; паказана ультрафіялетавае апраменьванне.

Да таго, як скарыстацца кроплямі, трэба навучыцца правільна ачышчаць носік ад слізі. Для гэтага падыдзе самы звычайны фізраствор (натрыю хларыду 0,9%), які можна купіць у любой аптэцы. Можна прыгатаваць і самім — у разліку чайная лыжка солі на 1 л вады. Ваду нагрэць да 37-38 градусаў і закапаць у кожны насавы ход. Праз 2-3 хвіліны нос трэба ачысціць ад слізі. Толькі цяпер можна закапаць сасудазвужальныя кроплі. Яны звужаюць сасуды, якія забяспечваюць крывёй слізістую носа, і змяншаюць ацёчнасць, а таму дыханне нармалізуецца (часткова або поўнасцю). Акрамя таго, адкрываюцца пратокі паміж насавой поласцю і прыдатачнымі пазухамі, што папярэджвае развіццё ў іх запалення.

Сачыце, у тым ліку падчас сну, каб не было перадазіроўкі. Гэта можа праявіцца пахаладаннем рук і ног, стратай свядомасці, слабасцю, пасіненнем губ, парушэннем каардынацыі рухаў і маўлення. Такое здараецца не штораз, аднак далёка не рэдкасць.

Некаторыя бацькі думаюць, што цалкам бяспечныя кроплі — масляністыя і імі можна карыстацца калі заўгодна. Але гэта не так. Па-першае, яны прымяняюцца толькі пры атрафічных насмарках (калі ў носе ёсць сухія коркі). Па-другое, дзецям да 3 гадоў нельга капаць у нос прэпараты ментолу (гэта можа выклікаць ларынгаспазм і нават сутаргі).

На 3-й стадыі выкарыстоўваюць мясцовыя антыбіётыкі ў выглядзе кропляў або спрэяў. Паказаны цеплавыя працэдуры: салюкс, сіні колер, УВЧ-тэрапія, лямпа «Біяптрон».

Для поўнага аднаўлення дыхання вельмі важная дыхальная гімнастыка. Дзіця неабходна навучыць паглыбленаму выдыху. Гімнастыку можна праводзіць у любым становішчы (седзячы, лежачы, стоячы, напалову седзячы), пачынаючы з 2-гадовага ўзросту. Праводзіць яе рэкамендуецца ў выглядзе гульні — гэта могуць быць рухі, якія імітуюць задзьмуванне свечкі. Трэба набраць у рот паветра, затрымаць яго там на некалькі секундаў і зрабіць глыбокі выдых.

Для прафілактыкі:

1. Пастаянна загартоўвайце дзіця.

2. Своечасова і правільна лячыце любыя захворванні носа, глоткі і гартані.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».