Вы тут

Адкуль марскія львы ў Свіслачы?


Таямніцы невядомага цырка.

Загадкі ніколі не ляжаць на паверхні, да іх трэба ісці пакручастым шляхам. Таму ўпершыню ў жыцці я трапляю ў адну з самых улюбёных устаноў дзяцей і дарослых не з параднага, а са службовага ўвахода. Мяне сустракае жанчына, у якой гордая постаць, пастаўлены голас і макіяж прыгажуні нямога кіно пачатку мінулага стагоддзя выдаюць тэатральную актрысу. Адзначаю, што амаль не памылілася, калі даведваюся: перада мной — артыстка цырка, паветраная гімнастка, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта і ўладальніца медаля Францыска Скарыны Настасся ТУМАНАВА. Як у сябе дома, яна праводзіць мяне па заблытаных цыркавых калідорах і лесвіцах, паказвае тое, чаго звычайны глядач ніколі не ўбачыць...

[caption id="attachment_84741" align="alignnone" width="600"]23-34 Эле­мен­ты кас­цю­ма з ну­ма­ра «Май­стар ма­сак» — ця­пер так­са­ма экс­па­на­ты.[/caption]

У пошуках месца для арэны

— Цырк у знаёмым нам выглядзе ўпершыню на беларускія землі прывёз нямецкі князь Голенберг у 1850 годзе. Гэта быў балаганчык, які стаяў у маёнтку князя ў мястэчку Дукора, — пачынае расповед Настасся Мікалаеўна ў музеі Белдзяржцырка.

Сярод іншых экспанатаў тут ёсць прашэнне аб будаўніцтве ў Мінску першага стацыянарнага будынка цырка, якое ў 1884 годзе падалі ўладам вядомыя цыркавыя артысты браты Нікіціны. Прашэнне задаволілі, і яны распачалі будаўніцтва.

Першы мінскі цырк, які стаяў на Саборнай плошчы (цяпер  плошча Свабоды, паміж ратушай і Акадэміяй музыкі), быў драўляны, у ім маглі размясціцца 800 гледачоў. Аднак прастаяў тут будынак нядоўга. Па адной з версій, ён быў вышэйшым за крыжы цэркваў, што ў тыя часы было недапушчальна і выклікала нараканні духавенства і прыхаджан, аднак, хутчэй за ўсё, прычына была не зусім у гэтым. Справа ў тым, што цыркавы люд высмейваў у тым ліку і духавенства, таму гарадскія ўлады палічылі неабходным перанесці будынак падалей ад святыняў.

Праўда, «з'ехаў» з аседлага месца ён не адразу. У 1885 годзе ў Мінск са сваёй праграмай прыехаў Стыпіёнэ Чынізэлі, які быў, як бы мы цяпер сказалі, цыркавой «мегазоркай» таго часу. У музеі дасюль захоўваецца афіша аб яго прыездзе. Дарэчы, унікальная яна яшчэ тым, што на ёй намалявана ўсё, што ўвайшло ў праграму таго далёкага відовішча ў пазамінулым стагоддзі. Дзякуючы афішы таксама можна даведацца, што ўсе нумары тагачаснага цырка былі... коннымі. Увогуле, усё ў цырку ідзе, так бы мовіць, «ад каня»: на якой бы арэне свету вы не апынуліся, паўсюль класічны манеж будзе ў дыяметры складаць 13 метраў. Менавіта такім павінен быць мінімальны метраж, пры якім конь па коле можа развіць сваю максімальную хуткасць — галоп.

Але вернемся да Чынізэлі. Сусветная славутасць упрасіў гарадскога губернатара пачакаць з пераносам адзінага ў горадзе цырка. Саступка была зроблена, аднак у канцы 1885 года будынак з плошчы ўсё ж прынялі. У выніку яму давялося некалькі разоў змяніць сваё месцазнаходжанне: у свой час цырк стаяў і каля опернага тэатра, дзе цяпер карпусы былой другой гарадской бальніцы, пазней — у раёне Камароўскіх палёў (цяпер тут цэнтральны сталічны рынак, а тады — прадмесце горада).

Нарэшце цырк апынуўся ў сваім больш-менш сталым месцы — у Гарадскім садзе (цяпер парк Горкага), на тым баку набярэжнай, дзе цяпер размяшчаецца помнік пісьменніку, толькі метраў за 150 уверх ад яго. Установа стала называцца летнім паўстацыянарам — зімой спектаклі там не праводзіліся, бо было холадна, а памяшканні не абаграваліся. Новы будынак таксама быў драўляны, але меў ужо 1200 месцаў. Ёсць фотаздымак таго цырка: над уваходам у шацёр вялізнымі літарамі напісана «Гладильщиков». Мікалай Гладзільшчыкаў быў першым рускім дрэсіроўшчыкам-утаймавальнікам, і такім чынам цырк рэкламаваў артыста, які прыехаў на гастролі.

У 1930 годзе цырк рэканструявалі. Праз пяць гадоў яго дырэктарам стаў Барыс Кабішчар, які яшчэ да вайны атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР і ордэн «Знак Пашаны».

[caption id="attachment_84743" align="alignnone" width="600"]23-36 Ста­рыя афі­шы — го­нар му­зея.[/caption]

...Чарговая прэм'ера ў цырку была прызначана на 22 чэрвеня 1941 года. Хто ж ведаў, што ў гэты дзень пачнецца вайна? Кіраўніцтва было ў роспачы: даваць прэм'еру ці не? У Мінск са сваімі джыгітамі прыехаў знакаміты наезнік Алібек Кантэміраў. Экзатычных марскіх ільвоў прывезла Ірына Сідоркіна. Квіткі раскупілі імгненна, прайшла генеральная рэпетыцыя... Каб не падводзіць гледача, прадстаўленне ўсё ж вырашылі правесці. А ў ноч з 23 на 24 чэрвеня падчас налёту фашысцкай авіяцыі ў будынак цырка трапіла бомба. Пачаўся страшны пажар, артысты кінуліся ратаваць сваіх жывёл. А што было рабіць Ірыне Сідоркінай з яе марскімі львамі? Разам са сваім бацькам яна прыняла рашэнне сагнаць гадаванцаў у... Свіслач. Пры дапамозе камандаў іх сталі накіроўваць да ракі, але побач выбухалі бомбы, і спалоханыя звяры паварочвалі назад да палаючага будынка... Толькі праз некаторы час камусьці прыйшла ідэя заматаць марскім ільвам ласты і тым самым пазбавіць іх магчымасці рухацца. Так і зрабілі, і перанеслі жывёл у ваду на руках.

— Хочацца верыць, што такім чынам іх выратавалі, бо праз пэўны час нашых жывёл бачылі ў водах Дняпра, — дадае Настасся Туманава.

Паверыць у гэта, вядома, складана, але ж бывае, што цуды здараюцца...

У вайну шапіто ў Гарадскім садзе было разбурана. Аднак у 1946 годзе ўсё той жа дырэктар Барыс Кабішчар вярнуўся ў Мінск і аднавіў цырк на ранейшым месцы, дзе ён прастаяў да 1958 года. Гэта быў цырк-шапіто на 1200 месцаў, падораны нашай сталіцы горадам Арлом. У якасці ганарару ў Арол адправілі каністру найлепшага хлебнага самагону і сала ў чатыры пальцы таўшчынёй — нечуваная раскоша для пасляваеннага часу...

Неўзабаве пасля вайны ўрад СССР прыняў рашэнне аб будаўніцтве ў краіне 20 цыркаў: па адным у сталіцах саюзных рэспублік і яшчэ пяць — у аддаленых гарадах Расіі. Адметна, што першым сталі будаваць цырк у Мінску. З усіх праектаў аддалі перавагу працы архітэктара Уладзіміра Жукава. Менавіта ён прыдумаў «ноу-хау»: купал мінскага цырка мае 42 метры ў дыяметры, і гэта адзіны з усіх купалаў былых савецкіх цыркаў, які не падтрымліваецца дадатковымі калонамі.

Выбар пляцоўкі для будаўніцтва пераўтварыўся ў сапраўдную праблему. Спачатку ўлады вырашылі будаваць цырк на ўскраіне горада ў Заводскім раёне. І толькі дзякуючы намаганням славутай спявачкі опернага тэатра Ларысы Александроўскай, якая сябравала з Барысам Кабішчарам, рашэнне змянілі.

Будаўніцтва цырка было завершана ў 1958 годзе, але свой дзень нараджэння ён адзначае з дня, калі прыняў першага гледача. Будынак здалі ў эксплуатацыю да 40-годдзя БССР 31 студзеня 1959 года, а першая прэм'ера ў ім адбылася 11 лютага. Цырк так спяшаліся здаць да знамянальнай даты, што не паспелі дабудаваць каляровы фантанчык на яго купале. Замест яго падчас адкрыцця малады акрабат Бірукоў ва ўсіх на вачах залез на самую верхавіну купала і рабіў там без страхоўкі неймаверныя трукі: стойкі на адной руцэ, сальта-мартале, акрабатычная экзерсісы... Яшчэ адна адметнасць таго дня была ў тым, што ў першым паказе прынялі ўдзел Алібек Кантэміраў і Ірына Сідоркіна — тыя самыя артысты, якія давалі прэм'еру ў дзень нападу фашыстаў.

— Гэта афіша нашага адкрыцця, яна самая каштоўная для нас, — паказвае Настасся Туманава на пажоўклы прамавугольнік паперы, што вісіць па цэнтры сцяны ў цыркавым музеі.

У адрозненні ад сучасных стракатых плакатаў, на якіх нават не адразу можна ўсё разабраць, на гэтым — усё лаканічна. Савецкая сімволіка, беларускі арнамент і надпіс па-беларуску: «11 лютага 1959 года — адкрыццё новага цырка».

Год адкрыцця цырка прынёс не толькі радасць, але і гора. Падчас адной з рэпетыцый, седзячы ў глядацкай зале, памёр дырэктар. У памяць пра Барыса Яфімавіча абвясцілі двухтыднёвую жалобу. Па аднадушным рашэнні калектыву сезон закрылі. Новы пачаўся ў верасні таго ж года.

Тады на ўсёй савецкай прасторы можна было налічыць больш за сотню цыркаў (уключаючы драўляныя). Цікава, што артысты, якія ездзілі з гастролямі, негалосна вызначылі для сябе чатыры «лідары» сярод іх: гэта цэнтральныя цыркі ў Маскве і Пецярбургу, а таксама ў Кіеве і Мінску.

[caption id="attachment_84742" align="alignnone" width="600"]23-35 Асоб­ны ку­ток у му­зеі пры­све­ча­ны ўзна­га­ро­дам ар­тыс­таў.[/caption]

Горад пад манежамі

У музеі цырка шмат цікавых гістарычных фотаздымкаў і дакументаў. Апроч таго — статуэткі і выявы клоўнаў, касцюмы артыстаў і, вядома ж, узнагароды. Праўда, толькі за апошнія 15 гадоў, хоць Белдзяржцырку сёлета — 56. Справа ў тым, што да 2000 года наш цырк лічыўся пракатным. І толькі 15 гадоў таму тут склаўся сталы калектыў артыстаў, якія ездзяць па самых прэстыжных фестывалях свету і прывозяць адтуль прызы. Сярод іх, напрыклад, узнагарода з самага старажытнага ў свеце цыркавога фестывалю ў Монтэ-Карла, які праходзіць пад патранажам каралеўскай сям'і.

Адна з самых цікавых загадак сучаснага мінскага цырка, дзякуючы якой ён лічыцца адным з самых лепшых у свеце, хаваецца (ва ўсіх сэнсах) у манежы. Дакладней, у манежах. Іх у нашым цырку пяць, і такой колькасцю не можа пахваліцца ніводная падобная ўстанова. Усе дадатковыя манежы знаходзяцца ў шахце пад асноўным і пры дапамозе спецыяльных поршняў мяняюцца. А паабапал гэтай шахты — чатыры паўнавартасныя тэхнічныя паверхі, на якіх размяшчаюцца нават нумары для пражывання замежных артыстаў... Цэлы самадастатковы цыркавы горад!

А ўнізе пад ім — яшчэ адзін «горад», толькі для... жывёл. Для іх тут ёсць і душавыя, і памяшканні, дзе захоўваюцца кармы і сена... У вальерах жывуць і, здаецца, някепска пачуваюцца коні, цікаўныя ламы і нават вярблюды. Дарэчы, адзін з іх нарадзіўся прама ў нашым цырку, і назвалі яго ў гонар сталіцы — Мінск.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?