Вы тут

Пласкагубцы


Выйшла я ў нядзельку ў краму — і ля пад'езда сутыкнулася з суседам. Той аднекуль вяртаўся. І трэба ж было яму ў мяне папытацца, ці дома мой муж, бо хоча, маўляў, зайсці да яго па пласкагубцы. Так ува мне чарговы раз ускіпела тое, што ўскіпае ледзь не з кожным візітам любога з нашых шматлікіх суседаў. Што, як вам думаецца, усім ім патрэбна? Пласкагубцы! Не, часам яны праяўляюць сякую-такую фантазію — ласкава просяць замест пласкагубцаў малаток або адвёртку. Разетку ад сценкі адкруціць, цвічок прыбіць да шафкі, а то і рамонт распачаць. Але ні разнастайнасць патрэб, ні размах дзеянняў, ні паверх пражывання суседа не мяняюць маёй «скнарлівай» пазіцыі.

Не, ну вы мне скажыце, ці можна ўявіць сабе такую вось карціну: суседка бегае да суседкі па чарпак або прас, або швабру? Ды што б сказалі пра такую суседку, якая не мае ў сваёй хаце самага неабходнага, найпрымітыўнейшага з атрыбутаў самай звычайнай, нават далёка не ўзорнай гаспадыні?

— Слухай, — звяртаюся я да Яго, прыйшоўшы з крамы, бо калі ля паліцы з макавымі булачкамі я пра суседа неяк адразу забылася, то на зваротным шляху, ля пад'езда, ён мне зноў-такі ўзгадаўся. — Слухай, ну гэта ж тое самае, што мне ісці да суседкі пазычаць тарку, бо сям'і, бач ты, захацелася дранікаў. Або прасіць пакарыстацца адкрывачкай.

— Прыкладна так, — пагаджаецца Ён. Без удакладняльных каментарыяў — няма слоў.

Гэта не гісторыя пра тое, як дзве суседкі бегаюць адна да адной па соль. Мы з маёй суседкай бегаем адна да адной нават па алей, муку і цукар, але тады, калі тыя патрэбны раней, чым з'яўляецца час дабегчы да крамы. Гэта гісторыя пра іншае. Пра тое, што ў сям'і самае малое двое за нешта адказваюць: адзін — за тое, каб быў парадак у доме, другі — за тое, каб дом быў у парадку (спадабалася мне гэтае выслоўе, а галоўнае — мужчына сказаў!). Гэта гісторыя пра тое, як гаспадарка адлюстроўвае гаспадара: калі адлюстроўвацца няма чаму, то і адлюстроўваць няма каго. Бо няма гаспадара без пласкагубцаў, малатка і адвёрткі. Разумееш, сусед?

Так, згодна. У наш час усе работы можна перадаручыць «спецыяльна навучаным людзям». Мы, жанчыны, гэтым навамодным веяннем пад назвай вузкапрофільнасць таксама карыстаемся. Часам узважваем жаданні і магчымасці. Спячы пірог ці купіць? Набываць агуркі ці вырошчваць на лецішчы? Самой паклеіць шпалеры ці паклікаць майстра? Мы — гаспадарлівыя і разважлівыя, прынцэсы і папялушкі адначасова, самі сабе і ўніверсалы, і вузкапрофільныя. Гатовыя паўдня ляпіць пельмені, бо нам так хочацца. Гатовыя паўгода вязаць кручком гардзіну, бо нам так падабаецца. Безумоўна, кожны павінен займацца сваёй справай, быць у ёй прафесіяналам і зарабляць грошы. Вядома, трэба не скнарнічаць і даваць магчымасць зарабіць іншым — тым, хто выдатна робіць тое, што большасць — не выдатна. Так, гэта называецца падзелам працы, які ўсім на карысць. Толькі чаму гэта больш датычыцца спраў мужчынскіх? Можа, таму і не існуе такога паняцця, як «жонка на гадзіну», пры тым, што «муж на гадзіну» — ёсць.

Неяк Ён сказаў, што газонакасілка ў руках жанчыны таксама працуе. Тады я адказала яму, што і губка для мыцця посуду ў мужчынскіх руках не горш выглядае. Але рэдкай жанчыне прыйдзе ў галаву «нагружаць» посудам мужа, які валодае пласкагубцамі...

Святлана Дзянісава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.