Вы тут

Быў ды... сплыў


— Мамуля, пачытай мне казку!

— Адчапіся...

— Мам, а мы хутка будзем вячэраць?

— Пачакаеш. Трэба было ў дзіцячым садку наядацца.

— А можна, я змайструю з тваёй хусткі ляльцы сукенку?

— Слухай, не даставай мяне! Ты што, не бачыш? Мама занятая!

— Не бачу. Нічым ты не занятая.

— Вось жа маленькая дрэнь... Я ДУМАЮ. Ясна табе? І не лезь са сваімі дурнымі пытаннямі.

23-121

Аленка ўздыхае і замаўкае. Яна ведае, што далейшая дакучлівасць небяспечная — мама можа дастаць з шафы скураную папружку і пусціць яе ў справу. Пасля гэтага, хутчэй за ўсё, застануцца «адмеціны», і выхавальніца ў дзіцячым садку зноў пацікавіцца, адкуль яны ўзяліся. Аленцы сорамна за маму і шкада яе, таму яна прыдумляе ўсялякія неверагодныя гісторыі — ну там звалілася з арэляў ці паслізнулася, калі збягала па лесвічных прыступках, ці з суседскім хлопчыкам Антонам цацку не падзялілі... Аленка ніколі не выдае маму. Праўда, пасля такіх адказаў выхавальніца неяк занадта пільна ўглядаецца ў Аленчыны вочы, і тая хуценька адварочваецца і бяжыць да шафы з цацкамі...

Марына, Аленкіна мама, рана засталася без бацькоў. Іх не стала, калі дзяўчыне споўнілася дзевятнаццаць. Пад не вельмі пільным наглядам цёткі яна жыла адна ў двухпакаёвай кватэры — так, як лічыла патрэбным, бо навучыць, як жыць «правільна», не было каму. Пакуль працавала на хлебазаводзе, куды яе ўладкавала ўсё тая ж цётка, паводзіла сябе больш-менш прыстойна, прынамсі, суседзям па лесвічнай пляцоўцы жыць не перашкаджала. Але неўзабаве нехта з сяброў падказаў ёй «адрасок» кавярні, дзе тэрмінова патрабавалася афіцыянтка... Марына хутка звыклася з новымі абавязкамі: абслугоўванне кліентаў аказалася заняткам, ніколькі не горшым за выпяканне батонаў і булак, тым больш прыносіла нядрэнны падзаработак у выглядзе «чаявых». Былі больш удалыя дні, былі менш, але грошай хапала і на свае патрэбы, і на рэгулярныя «вячоркі» з сябрамі-знаёмымі...

А потым у Марынчыным жыцці з'явіўся Артур. Вядома, кавярня — не лепшае месца для таго, каб заводзіць сур'ёзныя адносіны. Тым больш калі ўлічыць, што Артур працаваў на сталічным рынку. Праўда, сам гандляваў рэдка, — у асноўным займаўся дастаўкай садавіны-гародніны з паўднёвых краін на нашы прылаўкі. Марыне ён спадабаўся за весялосць і дзёрзкасць, за гарачнасць і разам з тым адходлівасць... Праз некалькі тыдняў іх знаёмства, ужо вельмі блізкага, Артур прызнаўся, што быў жанаты, але запэўніў, што развёўся. Марына паверыла, ды, уласна кажучы, ёй было ўсё роўна: калі нават і ёсць тая жонка, дык дзе яна? За тысячы кіламетраў? А ён тут, побач, і кожны вечар прыходзіць да яе, каб пераначаваць. Значыць, усё не проста так, значыць, яго сюды цягне... На ўсялякі выпадак яна папрасіла Артура неяк больш акрэслена вызначыць сваё стаўленне да яе. Ён пацвердзіў: так, цягне. Настолькі, што ён нават гатовы пераехаць са сваёй здымнай кватэры ў яе двухпакаёўку — назусім.

Ёй не трэба было гаварыць пра гэта двойчы: на наступны дзень рэчы Артура, прывезеныя ў дзвюх скрынях, ужо ляжалі на паліцах шафы. Марына кінула кавярню і засела дома, як сапраўдная гаспадыня і «мужава жонка», хоць афіцыйна аформіць адносіны Артур не спяшаўся. Чаму? Яна не забівала галаву падобнымі пытаннямі, ды і хіба ў пячатцы справа? Артур клапаціўся пра яе, даваў грошы, мяхамі прыносіў дадому апельсіны і персікі... Не кожны афіцыйны муж паводзіў бы сябе такім чынам. Праўда, часам ён скардзіўся Марыне, што стамляецца ездзіць на працу і з працы на грамадскім транспарце: маўляў, нядрэнна было б назбіраць грошай і набыць машыну. Яна і рада была б каханаму дапамагчы, але з чаго? Ды кемлівы Артур ужо прыдумаў, з чаго. На нейкі час, маўляў, яны пераедуць у сціплую аднапакаёўку ў прыгарадзе, а сваю кватэру Марына здасць у арэнду за кругленькую суму — балазе, жыллё знаходзіцца амаль што ў цэнтры горада і каштаваць будзе нятанна...

Прапанова, на яе думку, была цудоўнай і, што галоўнае, зусім не складанай у сэнсе ўвасаблення. Марына пагадзілася без ваганняў. І не трэба пытацца, чаму. Жаночую даверлівасць, памножаную на пачуцці, нельга вымяраць меркамі здаровага практыцызму. Здарылася так, што Марына паверыла і даверылася цалкам: яе нячаста падманвалі ў жыцці.

...Праз пэўны час, праважаючы Артура ў аэрапорт (той засумаваў па сваяках, вырашыў іх праведаць), яна ні на імгненне не засумнявалася ў намерах каханага. Тым больш ёй не прыйшло ў галаву папярэдне праверыць скрынку з «заначкай», схаваную глыбока ў нетрах шафы... Калі ж Артур не вярнуўся ні праз абяцаны тыдзень, ні праз два, ні праз тры, Марына вырашыла на ўсялякі выпадак зазірнуць у схованку. Вынік, як вы разумееце, яе не ўзрадаваў. Яшчэ горшым было тое, што Марына ўжо насіла пад сэрцам яго, Артура, дзіця, якое магло б канчаткова «прывязаць» яго да яе...

Кожны чалавек мае права на памылку. Толькі адны памыляюцца ў дробязях, а іншыя — па вялікім рахунку. І справа тут не ў страчаных грошах і нават не ў падмане... Упэўніўшыся, што Артур ужо не вернецца, Марына кінулася да ўрачоў: ратуйце, рабіце аборт! Цяпер дзіця было ёй дакладна не патрэбна. Але яе не захацелі нават слухаць: які аборт на такім тэрміне? Плакала, умольвала... Потым прымала, паслухаўшыся ўсё тую ж «разумную» цётку, нейкія таблеткі, якія быццам бы «выганяюць» плод... «Плод» сапраўды выйшаў — у выглядзе здаровенькай прыгожай дзяўчынкі і ў адпаведнасці з вызначанымі прыродай тэрмінамі.

Так на свет з'явілася Аленка. Марына ўспрыняла гэта пакорліва, як дадзенасць, якую нельга змяніць, і стала выхоўваць дачку так, як лічыла патрэбным, таму што навучыць, як выхоўваць «правільна», зноў жа не было каму...

У медыцыне існуе такі тэрмін — нежаданыя дзеці. Гэта тыя, хто яшчэ ва ўлонні маці «адчуў» негатыўнае стаўленне да сябе і нарадзіўся «запраграмаваным» на нелюбоў. Такіх не заўсёды б'юць, але вельмі часта не хочуць бачыць. На іх глядзяць як на «лішні рот», абузу, якая перашкаджае жыць і атрымліваць няхітрыя зямныя радасці. І недарэмна папярэджваюць урачы аб шкодзе паспешлівых сувязяў па-за шлюбам — маленькі чалавек, які ў выніку з'яўляецца на свет, патрабуе ад бацькоў перш-наперш развітага пачуцця абавязку. І — любові, якая здольна абараніць, суцешыць, сагрэць. Прычым — у выпадках з адзінокімі мамамі — любові ў падвоеным памеры, за сябе і за «таго хлопца», у сэнсе тату, з якім малое ніколі не пойдзе ў заапарк ці ў кіно.

...Адзін Бог ведае, што творыцца ў душы дзіцяці, калі маці ў адказ на ласку бярэ яго за каўнер і выстаўляе за дзверы — на агульны калідор. Але Аленка не бянтэжыцца. Яна вельмі любіць хадзіць у госці да суседскага Антона — іх з мамай і татам кватэра якраз насупраць. Там заўсёды цёпла і ўтульна, твары дарослых свецяцца спагадай, а галоўнае, можна бегаць, гучна смяяцца, гуляць на падлозе з цацкамі і частавацца піражкамі з чаем. Мама Антона ўвогуле часта забірае Аленку да сябе. Калі дзяўчынка хварэе, яна дае ёй розныя лекі, поіць малаком з мёдам, захутвае ў коўдру... Аленка кладзецца на канапу ў пакойчыку Антона, але заснуць не можа — баіцца праспаць мамін прыход. І калі грукаюць у калідоры дзверы, ускідвае галаву і пытаецца ў цёткі Тані: «Гэта яна?»

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».