Вы тут

Як прачынаюцца Музы


Пад музыку — Радзівіла, Агінскага ці Чайкоўскага?

Спачатку абудзілі Кліа — выйшла са сваімі скруткамі і прадставіла доказы: горад асаблівы. З гісторыяй. З такой гісторыяй, што некалькі эпох адлюстраваны, нават у нашым ХХІ стагоддзі яны праяўляюцца, прарываюцца скрозь хвалі часу, гучаць рознымі галасамі. Больш за 20 гадоў гэтыя гукі натхняюць арганізатараў свята мастацтва «Музы Нясвіжа». Упершыню рэспубліканскі фестываль адбыўся ў 1995 годзе, калі ўвага да айчыннай гісторыі дапамагла аднавіць цэлы пласт культурнай мінуўшчыны: на гэта працавалі навукоўцы, якія ў рамках фестывалю дзяліліся сваімі ведамі з усімі ахвотнымі (і нават агучвалі сенсацыі), артысты і музыканты, што адкрывалі невядомыя таленты, творы якіх у незалежнай Беларусі сталі той неабходнай часцінкай, што сапраўды звязала мінулае з сучаснасцю. І працягвае гэта ў прыгожыя майскія дні, калі горад квітнее, цудоўны радзівілаўскі парк так і вабіць сваімі краскамі і пахамі. А палац, ратуша і канцэртныя залы гатовы да прыезду творцаў, якія адкрываюць Нясвіжу яго ж уласную гісторыю.

23-28

Алімп тут

Асаблівасць фестывалю камернай музыкі, паводле ідэі мастацкага кіраўніка народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, у прадстаўленні найперш творчасці беларускіх кампазітараў. Ён любіць ездзіць з канцэртамі ў Нясвіж і не хавае гэтага:

— Я адкрыў гэты фестываль 20 гадоў таму, аддаў яму сябе, сам шмат чаму навучыўся. І я люблю Нясвіж, таму што тут ёсць тое беларускае, што ўсе павінны ведаць. Мы імкнёмся, каб пад музыку, у тым ліку тую, якая нараджалася тут здаўна, праз сваё мастацтва людзі вучыліся любіць сваю краіну.

Два дзясяткі гадоў працы — і стала зразумела: у Нясвіжы весялілася ў камедыях Талія — горад калісьці іх бачыў. Тут заваблівала гарэзлівымі рухамі Тэрпсіхора з лірай — як не патаньчыць, тым больш гасцям у палацы Радзівілаў, якія з'язджаліся на балі? Калі Мельпамена брала верх над сёстрамі, тут разыгрываліся сапраўдныя драмы жыцця і трагедыі гісторыі — пра іх шэпчуць сцены і палаца, і Фарнага касцёла з яго сямейнай крыптай, і старажытная гарадская Ратуша. І быў час, калі здавалася, што старажытнасць замоўкне назаўсёды, калі б не гукі флейты. З ёю прыйшла Эўтэрпа і сваёй музыкай узрушыла ўсё: мінулае сплялося з сучаснасцю. Вынікі большыя, чым проста музычныя: у палац вярнулася жыццё, горад зноў прыцягвае сваёй аўрай, Слуцкая брама сустракае цікаўных, нават бэз цвіце неяк асабліва пышна...

Фестывалю «Музы Нясвіжа» ўдалося нагадаць праз музыку і іншыя прыгожыя мастацтвы пра мінулае насычанае жыццё горада і ўсёй краіны. І гэта адзначана сёлета асобным зборнікам, прэзентацыяй якога 22 мая фактычна пачаўся фестываль яшчэ да афіцыйнага (музычнага) адкрыцця. Па сутнасці, у ім адлюстравана праца навукоўцаў, якія падымалі розныя пласты ведаў пра культуру Нясвіжа (і нават больш). Справа ў тым, што ўсе гады музычна-творчай працы суправаджаліся навуковым абгрунтаваннем, асэнсаваннем і нават тлумачэннем, што забяспечвала доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. Але была і выключна навуковая частка ў выглядзе канферэнцый, дзе кожным разам чакала нейкае адкрыццё ці хоць бы проста здзіўленне: колькі насамрэч можа быць гадоў Нясвіжу? Колькі стагоддзяў у Беларусі прафесійна ствараюць музыку? Што за людзі гэта рабілі раней? Хто працягвае іх традыцыі зараз? І нават калі хто не быў, не прысутнічаў, не чуў, то прачытаць можна тут: «Музы Нясвіжа: 20 гадоў мастацкага асветніцтва».

— Гэта ўжо 20-я кніга, якую мы выпусцілі ў рамках Нясвіжскага фестывалю, — тлумачыць мастацкі кіраўнік свята музыкі Міхаіл Фінберг. — Мы прадстаўляем усіх навуковых супрацоўнікаў, якія разам з намі правялі гэтыя 20 гадоў. Многія канферэнцыі мяняліся, але яны мелі адносіны да гісторыі Нясвіжа, да гісторыі Беларусі наогул і музычнай навукі ў прыватнасці.

І вось як з навукай — і без сенсацый? Калі ласка, галоўная з сёлетніх: у Нясвіжскім цэнтры культуры і адпачынку ў пятніцу ўвечары адбываўся вялікі канцэрт да 175-годдзя Пятра Чайкоўскага, праграму падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі.

Класіка паўсюль

Чайкоўскі, вядома, рускі класік. Прычым жа тут Нясвіж? Няўжо перарываецца традыцыя ўхілу да беларускай культуры?!. Так можна думаць, не зразумеўшы глыбока назву праграмы: «У творчым суладдзі: беларускі меласвет спадчыны Пятра Чайкоўскага». А вы думалі, што ўсе кропкі расстаўлены. Не, беларускім навукоўцам ёсць пра што распавесці. А музыкантам — сыграць.

— У нас у аркестры працуе шмат навукоўцаў (гэта прафесары, дактары навук, кандыдаты навук), з іх дапамогай удалося дакапацца да таго, што Чайкоўскі меў сувязь з Беларуссю, — удакладняе Міхаіл Фінберг. — Таму мы вырашылі прысвяціць вялікаму рускаму кампазітару адкрыццё фестывалю ў яго юбілейны год. Падрыхтавалі спецыяльную праграму з твораў Чайкоўскага, музыку якога іграюць усе нашы калектывы. Безумоўна, аснова праграмы — творы класіка. Але мы пастараемся паказаць, што ёсць уплыў на яго з боку творцаў, якіх мы можам лічыць беларускімі. І наадварот, музыка Чайкоўскага ў сваю чаргу паўплывала на сучасных беларускіх кампазітараў, творы якіх таксама гучаць у Нясвіжы: Аладава, Глебава, Туранкова, Смольскага і іншых.

Але калі казаць пра нашых, то пачнем з Міхала Клеафаса Агінскага. Яго меладызм кранаў людзей таго часу — у тым ліку і ў паўночнай сталіцы Расіі. Кранаў і пазней, калі аўтара не стала, але само адчуванне музыкі, якая западала ў душу і розум, не знікла. Асаблівы меладызм быў уласцівы Міхаілу Глінку, класіку рускай музыкі, які насамрэч паходзіў са старажытнага роду смаленскіх шляхціцаў. Што значыць сіла культуры і асаблівай традыцыі, пра якую, дарэчы, не аднойчы расказвалі музыказнаўцы ў Нясвіжы: у музыцы Глінкі адчуваецца душа яго роднай зямлі. А Чайкоўскага вельмі краналі оперы Глінкі. Між іншым, ім пашчасціла з настаўнікамі ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі.

Адным з настаўнікаў музыкі Пятра Чайкоўскага быў Мікалай Зарэмба, ураджэнец Віцебшчыны. Ён быў прафесарам тэорыі музыкі, а некаторы час з'яўляўся дырэктарам Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, быў загадчыкам кафедры кампазіцыі, сам пісаў музыку (сімфонію, струнны квартэт), харавыя творы, араторыю напрыклад. Акрамя таго, беларускія карані меў скрыпач Канстанцін Горскі, дзякуючы якому Пётр Чайкоўскі захапіўся гэтым інструментам, напісаў пад яго ўплывам канцэрт для скрыпкі, лічыў яго найлепшым выканаўцам гэтага канцэрта і вельмі паважаў. Горскі нарадзіўся ў Лідзе (гэта была Віленская губерня), пачаў вучыцца ў Гродне, працягнуў у Вільні ў Першай філалагічнай гімназіі, музыку глыбока спасцігаў у Варшаве і потым у Санкт-Пецярбургу, дзе быў узнагароджаны Вялікім сярэбраным медалём. Але музыку ствараў і як кампазітар. Гэты скрыпач-віртуоз лічыцца творцам польскім (пасля рэвалюцыі ён пераехаў у Польшчу), але гэтае імя з шэрагу тых, каго можна ўводзіць у кантэкст беларускай культуры. Тым больш, што і пасля яго засталіся музычныя творы, якія можна выконваць.

Пантэон наш

Колькі іх ужо прагучала, але кожны год усё адно, нешта па-новаму прапануюць зразумець ці асэнсаваць. Дзякуй Кліа: ёсць што. Гісторыя нам пакінула імёны не проста выдатныя, а тыя, што могуць натхняць цяпер. Напрыклад, сёлета адзін з канцэртаў у Нясвіжскім палацы (як гэта і было пры жыцці іх гаспадароў) быў прысвечаны адразу некалькім айчынным «юбілярам»: Мікалаю Радзівілу Чорнаму (у яго 500-годдзе), Антонію Генрыку Радзівілу (240 гадоў з дня нараджэння), Міхалу Клеафасу Агінскаму (250). Кожны — як святло на пэўным этапе гісторыі нашай Айчыны. Кожны па-свойму яе ствараў. Канцлер Вялікага Княства Літоўскага, князь Свяшчэннай рымскай імперыі (і такі ў яго быў), палітык, вернік і асветнік (актыўны прыхільнік ідэй Рэфармацыі). Але што асабліва важна — прыхільнік ідэі незалежнасці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, гатовы быў бараніць яе ад каго б то ні было — а пагрозы былі як з Захаду, так і з Усходу. І нарэшце — тата Мікалая Радзівіла Сіроткі, дзякуючы якому Нясвіж мае палац і касцёл. Антоній Генрык Радзівіл, рыцар мальтыйскага ордэна, адукаваны і паважаны чалавек вядомымі асобамі свайго часу, быў ардынатам Нясвіжскім, хоць і жыў у Германіі. Але менавіта яму вялікі паэт Іаган Гётэ асабіста даверыў стварыць оперу «Фаўст» — яна ёсць, рупліўцы-музыказнаўцы і музыкі нават прадставілі яе ў Беларусі (яшчэ напрыканцы 90-х гадоў загучаў гэты твор). Важны твор, які сведчыць, што можна згубіць краіну, але немагчыма згубіць культуру. Пра гэта сведчыў усім сваім жыццём і ўсёй сваёй прыгожай, сумнай, але велічнай у прыгажосці і суме творчасцю Міхал Клеафас Агінскі. Наша ўсё. Не, не так. Той, хто паказаў, як усё можа быць тады. Калі, здаецца, нічога няма.

Канцэрт, які быў прысвечаны гэтым выдатным асобам, меў назву «Пад апекай Мецэнатаў». Так і ёсць — у сценах, што некалькі стагоддзяў былі сімвалам творчага мецэнацтва.

І канцэрт, які пройдзе ў суботу ў канцэртнай зале замкавага комплексу, увайшлі творы дынастыі Радзівілаў, творы Міхала Клеафаса Агінскага, творы Восіпа Казлоўскага, які быў яго настаўнікам і паўплываў на развіццё музыкі ў той жа Расійскай імперыі — гаворыць мастацкі кіраўнік фестывалю. — Гэтым канцэртам мы ўзгадваем усіх кампазітараў, якія працавалі ў замку. Гэта 100-ы канцэрт у Нясвіжы, калі палічыць: за 20 фестываляў у нас да кожнага ствараецца 5 праграм.

Свята. Горад адчувае яго па-рознаму. У тым ліку праз вялікі «Музычны салют», дзе бярэ верх папулярнае. І праз асобныя камерныя праграмы, якія праходзяць на розных пляцоўках. Галоўнае, каб на гукі зляцеліся ўсе 9 вытанчаных дачок вялікага найстаражытнага для еўрапейцаў гаспадара Сусвету Зеўса. Як жа ў Нясвіжы — і без маштабу?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.