Вы тут

Захаваць правы і гарантыі


Такія прыярытэты вызначылі прафсаюзы ў сваёй дзейнасці на наступнае пяцігоддзе.

Згодна з праграмай, прынятай на 2015—2020 гады, прафарганізацыі, як і раней, будуць садзейнічаць занятасці насельніцтва, удасканальваць сістэму аплаты працы, захоўваць правы і гарантыі работнікаў у поўным памеры. Асаблівая ўвага — калектыўным дагаворам, якія дапамагаюць рэгуляваць працоўныя адносіны і павышаць адказнасць наймальніка. Так, сёння каля 18 тысяч лакальных дакументаў ахопліваюць чатыры мільёны чалавек (гэта больш за 90 працэнтаў ад усяго працоўнага насельніцтва). У планах — павялічыць колькасць калектыўных дагавораў у прыватным сектары, каб адстойваць інтарэсы і супрацоўнікаў камерцыйных арганізацый. Разам з тым старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА (на з'ездзе ён, дарэчы, быў перавыбраны на гэтую пасаду) заўважыў, што сустракаюцца дагаворы, у якіх не прапісаны гарантыі сацыяльнай абароны, прынятыя на ўзроўні краіны, рэгіёна, галіны. «У некаторых прафарганізацыях дагаворы ўвогуле не заключаюцца, што ў нашай працы недапушчальна. Да канца года пытанне з калектыўнымі дагаворамі павінна быць вырашана», — адзначыў Міхаіл Орда.

Пра ўражанні ад выступлення Прэзідэнта, новую праграму дзейнасці прафсаюзнага руху, праблемы, з якімі сутыкаюцца камітэты, і міжнародны вопыт барацьбы за правы работнікаў мы спыталі ў дэлегатаў і замежных гасцей з'езда.

Леанід БАРАБАНАЎ, старшыня Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў:

— На Гомельшчыне прафарганізацыі значна ўплываюць на сітуацыю ў рэгіёне. У вобласці членамі прафсаюзаў з'яўляюцца 97 працэнтаў работнікаў — гэта 600 тысяч чалавек. Летась, дзякуючы нашай дапамозе, удалося вярнуць незаконна ўтрыманыя грошы на суму ў пяць мільярдаў рублёў. Новая праграма дзейнасці ахоплівае практычна ўсе сферы жыцця. Адзначу, што прафсаюзы актыўна займаюцца пытаннямі прававой інспекцыі. Штомесяц юрысты праводзяць бясплатныя кансультацыі ва ўсіх раёнах. Неабходна, каб мы вучыліся валодаць законам і ведалі свае правы і, што не менш важна, абавязкі.

Валерый КУЗЬМІЧ, старшыня Савета Беларускага прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання:

— Падчас свайго выступлення Прэзідэнт адзначыў, што да канца года прафарганізацыі павінны з'явіцца на прыватных прадпрыемствах, дзе ў гэтым ёсць патрэба. Слушная заўвага, паколькі мы часта сутыкаемся з тым, што кіраўнікі камерцыйных арганізацый не хочуць ствараць прафсаюзы, каб пазбегнуць пэўных абавязкаў у сацыяльна-працоўнай сферы, не займацца, як належыць, пытаннямі аховы працы і тэхнікі бяспекі. Трэба змагацца з гэтым. Што тычыцца эканамічных умоў, то складанасці ў нашай краіне абумоўлены сусветнай сітуацыяй. На маю думку, у цяжкі час прадпрыемствы прамысловасці павінны падтрымлівацца з боку банкаўскіх структур. Тыя працэнты, пад якія сёння прыходзіцца браць крэдыты на заробкі работнікаў і іншыя выплаты, занадта высокія. Каб яны былі ніжэйшыя, арганізацыі хутчэй маглі б стаць на ногі і даваць прыбытак і працоўныя месцы.

Артурас ЧАРНЯЎСКАС, прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі прафсаюзаў:

— Членаў прафсаюзаў у нашай краіне не так шмат, дзесьці 15 працэнтаў. Адстойваць правы працоўных складана: бізнес, арыентаваны толькі на атрыманне прыбытку, не заўсёды згаджаецца на сацыяльнае партнёрства. Але сітуацыя паступова змяняецца. Становіцца больш калектыўных дагавораў, дзякуючы чаму павялічваецца сярэдні заробак. А вось сацыяльныя пакеты прадастаўляюцца толькі на буйных прадпрыемствах (іх у краіне мала, больш распаўсюджаны малы і сярэдні бізнес).

Аўгуста КАЭЛЬЁ ПРАЦА, сакратар па міжнародных сувязях Усеагульнай канфедэрацыі партугальскіх працоўных:

— У Беларусі добра развіта сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва. Я прыехаў, каб вывучыць гэты вопыт і самому ўбачыць, як абараняюць правы работнікаў у вашай краіне. Мяркую, што беларускую практыку мы зможам выкарыстоўваць у партугальскіх рэаліях. У нас асноўныя правы працоўных зафіксаваны ў Канстытуцыі. Пасля рэвалюцыі 1974 года ў дакуменце з'явіліся палажэнні, якія вызначаюць асноўныя прынцыпы вядзення калектыўных перамоў, час працы і ўзровень заробку. Аднак з 2010 года кіраўніцтва Партугаліі пачало прыціскаць правы работнікаў. Павялічваюцца падаткі, колькасць працоўных гадзін, а прыбыткі насельніцтва меншаюць. Гэта праблема не толькі Партугаліі. Такія тэндэнцыі назіраюцца ва ўсёй Еўропе, дзе вядучую ролю сёння адыгрывае капітал.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.