Вы тут

Сведчыць «Падранак»


Слова дапамагае загойваць раны.

У праекце «Дзеці вайны» беларускія пісьменнікі на асабістым прыкладзе дэманструюць, на што здольна слова. Віктар Карамазаў стаў госцем сустрэчы ў сталічнай бібліятэцы імя Льва Талстога, каб распавесці пра свой вопыт, як змагацца з балючай памяццю дзяцінства. У яго свая жыццёвая драма. Насамрэч, што тычыцца вайны, то тут што ні чалавек — тое гісторыя, не падобная ні да чыёй іншай. Боль можа быць з адной прычыны. А балець можа інакш.

Падчас вайны яго сям'я пакінула родны горад Чэрыкаў, хлопчыку было 7 гадоў, і ён запомніў, што значыць быць бежанцамі — жылі пад Самарай. Дзіцячая памяць захавала тыя моманты, якія дапамаглі потым ужо вядомаму пісьменніку паказаць яшчэ адно аблічча вайны, што не звязана з фронтам, партызанскай гісторыяй, жыццём у акупацыі. Яго раман «Бежанцы» быў надрукаваны ў 1990 годзе, гэта быў фрагмент агульнай драматычнай гісторыі, які дапамог убачыць яе з іншага пункту гледжання. Але чым каштоўная творчасць Віктара Філімонавіча Карамазава — ён вельмі адчувальны да міру. Ён яго любіць, асабліва даражыць ім у сваім сэрцы, песціць у творах, скіраваных на гармонію і гарманізацыю. Можа быць, менавіта таму, што ён — дзіця вайны. Але дзіця, якое вярнулася на Радзіму пасля вайны, праўда, у іншы горад (Крычаў). Нібыта людзям трэба было сапраўды пачаць усё наноў, але каб абавязкова грэла цяпло Радзімы. Тым не менш памяць не падманеш. Назва першай кнігі «Падранак» красамоўная. У яго шмат кніг, некаторыя былі экранізаваны, як раман «Пушча». Але не менш значная і журналісцкая творчасць Віктара Карамазава. Самыя даўнія і адданыя чытачы «Звязды» могуць памятаць гэтае імя на старонках газеты: Віктар Філімонавіч некалькі гадоў працаваў тут, у тым ліку загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва. Журналістыка дала яму ў рукі самую бездакорную зброю для сцвярджэння міру: праз слова размаўляць з іншымі. Гэта было адзначана Дзяржаўнай прэміяй імя Каліноўскага — за кнігу «Проста ўспомніў цябе...». Ён умее ўспамінаць не толькі балючае. Умее бачыць прыгожае. Ствараць яго. Нават маляваць (чым ён займаецца цяпер). Але ж гэта ўсё адно да аднаго.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.