Вы тут

Не кажыце «арывідэрчы»


Фільм пра іншы свет, які нечакана аказваецца побач.

Трэба прызнаць, што мы выгадаваны на замежным візуальным мастацтве, прывыклі да маралі, праблем і мыслення іншай ментальнасці, іншай культуры, іншага складу, іншага вока. І хоць, безумоўна, усё сапраўднае — універсальна, не абысціся без таго пласта, які дасць нам нагоду ўбачыць важнае побач і знайсці ў гэтым крыніцу для разважанняў і атаясамлення сябе са сваёй зямлёй. Спрадвеку, умоўна кажучы, у гэтым нам дапамагала беларуская дакументалістыка, і сёння з гэтай місіяй яна выдатна спраўляецца. Шмат дзіўнага, натхняючага, цікавага хаваецца на нашых двухстах сямі тысячах квадратаў, і на гэты раз вынікам пошуку стаў дакументальны фільм «Госці» Андрэя Куцілы, дзе паказаны быццам іншы свет, хоць ён і знаходзіцца ў звычайнай беларускай вёсцы. І ўласна слова «госці» тут далёкае ад традыцыйнага сэнсу з гукам шумных застолляў.

23-271

Паглядзіце на звыклую для нас схему існавання ў грамадстве — мы ўладкоўваем, абсталёўваем сваё жыллё, дзе ладзім святы і вечарыны са смачнай ежай, запрашаем гасцей і самі прымаем запрашэнні. Нашы госці — сваякі, сябры, знаёмыя, усе тыя, каго мы любім альбо кім проста цікавімся. А ёсць людзі (у нейкім сэнсе — Лазары), якія хутчэй за ўсё ніколі нашымі гасцямі не стануць. Бедныя, знямоглыя ад старасці і хвароб, былыя зняволеныя. Калі гаворка ідзе пра гэты фільм, важна мець на ўвазе пэўную колькасць людзей, якіх шэраг абставін быццам выкінуў з жыцця. Яны не ўпісваюцца не тое, што ў шумнае святалюбівае паняцце «госці», але і проста ў звычайнае разуменне камфортнага, нармальнага існавання.

Але фільм, словамі галоўнага героя, усё ж такі расказвае пра гасцей — на экране імі з'яўляюцца тыя самыя бедныя, знямоглыя, выкінутыя з жыцця. Яны прыходзяць ва ўнікальны недзяржаўны прытулак у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна, які стварыў Аляксей Шчадроў (ці брат Луіджы — так ён сябе называе). Сам Аляксей, як і яго каштоўнасці і яго паселішча, не ўпісваецца ў стандарты. Мы бачым глыбока веруючага, бясконца міласэрнага, пры гэтым простага і жартаўлівага чалавека. Ён не грэбуе займацца натуральнай гаспадаркай і сваімі падапечнымі, якія патрабуюць яго чалавечай, фельчарскай, у нейкім сэнсе бацькоўскай увагі. І ён, на шчасце, не падобны да духоўна беднага «багацея», які пакідае Лазара (Лазараў) на вуліцы. Знешне гэта звычайны чалавек у спартыўным касцюме, са звонкім голасам і мовай, у якой намешана руская, беларуская і польская. Мы назіраем за яго мерным жыццём, жыццём «з Богам», яго адносінамі з жыхарамі прытулку, яго клопатам і ўвесь час прыўзнятым духам.

Гэты вобраз і фільм па-новаму асвятляюцца, калі ведаць мінулае Аляксея. Некалі ён быў фельчарам у «хуткай дапамозе», дзе звыклай мадэллю працы было забраць па выкліку бяздомнага чалавека і праз некалькі кіламетраў пазбавіцца ад яго як ад лішняй праблемы — вярнуць «пацыента» назад пад адкрытае неба.

Потым Аляксея асудзілі за продаж наркатычных рэчываў і менавіта турма стала «патавай сітуацыяй», экзістэнцыйнай кропкай поўнага змянення ўсведамлення і жыццёвых прынцыпаў галоўнага героя. Пасля вызвалення прайшло некалькі гадоў, якія Аляксей жыў пры касцёлах, пакуль нарэшце ён не стварыў месца, дзе чалавек без даху над галавой можа яго займець.

Супрацьпастаўленне мінулага і сучаснасці быццам на паверхні: галоўны герой прайшоў шлях ад амаральнага фельчара да праведніка. Але адрозненне заключаецца не ў маралі, а ў чалавечым прыстасоўванні, існаванні ў сістэме.

Абыякавае пазбаўленне ад бяздомных гучыць, зразумела, непрыгожа і нават жудасна, але першае жаданне кінуць камень у агарод працаўнікоў «хуткай» варта ў сабе падавіць. Уявіце маладога медыка пасля сямі гадоў навучання: ён апранае белы халацік і натхняецца высакароднай місіяй дапамагаць людзям і выратоўваць іх ад болю, хвароб і смерці. А тут выклікаюць да бяздомнага, з якім белы халацік — адзін, нават з высокімі ідэямі — нічога не можа зрабіць.

Выкінуць бяздомнага на вуліцу нельга так проста, абыякава, з лёгкім сэрцам. Як гэта адбывалася, таксама ўявіць складана, але вось яна — праява суіснавання чалавека і абставін, праз якія часам яму складана пераступіць. На месцы працаўнікоў «хуткай» абсалютная большасць абывацеляў таксама спынялася б праз некалькі кіламетраў. Гэта мы — звычайныя людзі.

Але сёння Аляксей ужо выбіўся з кола звычайных, нягледзячы на клопаты, колькасць працы і ўмовы існавання недзяржаўнай установы, больш не прыстасоўваецца і нікога ніколі не пакідае на вуліцы, а прымае ў сваё паселішча ўсіх, нават тых, хто шкодзіў яму, а потым вяртаўся. Таму справа не ў шляху да маралі, а ў тым, што чалавек здольны выйсці за межы звычайнасці, якая кожнаму з нас дыктуе не марнаваць час і энергію.

Так, на энтузіязме запрацаваў прытулак. Вось гарыць яго акенца ў начной цішыні. Уявіце сабе просты і акуратны вясковы дом, тут печ, дровы і катлы, звычайны пакой, дзе стаіць некалькі ложкаў, драўляная падлога, старыя фіранкі і пакрывалы, кот. У адным з закуткоў (складваецца такое ўражанне) Аляксей дае сваёй падапечнай дакумент і кажа: «Вось, зрабілі табе пашпарт... Трымай, цяпер будзеш з пашпартам, як чалавек». Жартуе. Заходзіць у пакой, кожнаму мерае ціск, аднаму старому мужчыну кажа, што трэба рабіць укол, а той, як дзіцё, баіцца і адмаўляецца... Так фіксуецца гэтая рэальнасць — у антуражы, дзе кожная дробязь важная для характарыстыкі ладу жыцця і паўсядзённых спраў незнаёмай нам прасторы.

Гэтае паселішча, гэты маленькі свет амаль адарваны ад сацыяльнага кантэксту, не звязаны з тым, што вакол. І гэта сімвалічна вылучае жыхароў прытулку, якія ў агульным сэнсе «не тыя, што могуць стаць нашымі гасцямі», і падкрэслівае ўнікальнасць Аляксея. Камерны, павольны фільм, з выверанымі кадрамі, шчырымі буйнымі планамі, увагай да дэталяў (хаця тут усё красамоўна), ненасычанымі, але каларытнымі размовамі ўтварае адчуванне іншага свету. Толькі мы ж ведаем, што ён знаходзіцца побач, што ён — частка нашага, звычайнага.

З гэтай камернасці сюжэт вырываецца ў Італію, куды Аляксей Шчадроў выязджае, каб адсвяткаваць Каляды і знайсці ахвяраванні для свайго дома. «Што Папе перадаць?» — пытаецца ў сваіх падапечных. «Здароўя», — адказвае нехта. Для разумення фільма і персанажа частка з Італіяй і эпізоды, дзе Аляксей адорвае выпадковых мінакоў ці дапамагае італьянскаму жабраку ежай і вадой, даволі важныя. Па-першае, гэта неад'емная дэталь для характарыстыкі былога асуджанага, які абагаўляе Маці Тэрэзу і рвецца ў Ватыкан, каб адзначыць вялікае свята ў цэнтры каталіцкай веры. Па-другое, у Італіі свае бяздомныя, якім брат Луіджы з той жа ахвотай дапамагае. Каб не ўзнікла недарэчных параўнанняў і негатыўнага падтэксту неўладкаванасці ў нашай краіне.

Фільм не дае гледачу ліхіх сюжэтных паваротаў, за гадзіну экраннага часу ў паселішчы амаль нічога не здараецца — карціна каларытная, самадастатковая ў сваім назіранні. Толькі адным вечарам сюды трапляе яшчэ адзін госць. «Так заўсёды. Хтосьці аступіўся — усё, ужо не сябар, не брат, арывідэрчы, як кажуць».

Фільм застаецца да каранёў беларускім (наша тэрыторыя, нашы людзі, дробязі менавіта нашага жыцця, нашы моўныя асаблівасці і гэтак далей) і ў той жа час гэта ўніверсальная гісторыя. Экзістэнцыйны пералом, вечныя хрысціянскія каштоўнасці, трагедыя чалавека, які застаецца ў адзіноце і сацыяльнай ізаляцыі. Вы ўбачыце, што маленькі адасоблены свет стаў амаль на столькі ж шматгранным, як і той, што размясціўся на цэлай планеце. Але ў сваёй камернасці нашмат больш павучальным.

Давайце не казаць «арывідэрчы» тым, хто аступіўся.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.