Вы тут

Неабходна ўзмацняць давер


У канцы мінулага тыдня ў Рызе прайшоў саміт Усходняга партнёрства. Дэлегацыю нашай краіны ўзначаліў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Падчас свайго выступлення на саміце кіраўнік знешнепалітычнага ведамства краіны падкрэсліў, што перад стартам ініцыятывы, у 2009 годзе, галоўнай мэтай Усходняга партнёрства прызнавалася ўмацаванне бяспекі, стабільнасці і дабрабыту ў рэгіёне. «Сёння, праз паўтара года пасля нашай апошняй сустрэчы ў Вільнюсе, мы ўсе павінны прызнаць, што гэтая мэта яшчэ больш далёкая, чым раней, — канстатаваў Уладзімір Макей. — На жаль, рэгіён Усходняга партнёрства так і не стаў звяном, што злучае Усход і Захад, прасторай супрацоўніцтва, заснаванай на агульных каштоўнасцях, узаемных інтарэсах і сумеснай адказнасці. Наадварот, ён ператварыўся ў «яблык разладу», што негатыўна адбіваецца на ўсіх краінах-партнёрах».

Міністр заўважыў, што «з моманту вільнюскай сустрэчы мы назіраем сур'ёзнае пагаршэнне сітуацыі». «Мы сутыкнуліся з растучай напружанасцю, паглыбляючымся расколам, які ўзмацняецца канфрантацыяй у рэгіёне і па-за яго межамі, — заявіў Уладзімір Макей. — Падзеі ва Украіне наглядна прадэманстравалі, якімі пагрозамі небяспечна спрэчка пра «выбары». Відавочная рэальнасць заключаецца ў тым, што Беларусь сёння застаецца адзінай краінай Усходняга партнёрства, што не ўцягнута ў які-небудзь канфлікт. Мы павінны знайсці спосабы і сродкі спыніць і павярнуць назад гэтую небяспечную тэндэнцыю, аднавіць мір і стабільнасць, прадухіліць далейшую канфрантацыю. Тое, што нам трэба — гэта дыялог і супрацоўніцтва». Па словах міністра, неабходна ўзмацняць давер і разуменне ў больш шырокім кантэксце, у тым ліку шляхам больш актыўнага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі, наладжвання дыялогу паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі, напрыклад, паміж ЕС і ЕАЭС.

Выніковая дэкларацыя саміту Усходняга партнёрства прадугледжвае больш цеснае супрацоўніцтва паміж ЕС і Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай, Украінай. Немалаважным вынікам саміту для нашай дзяржавы ў прыватнасці стаў і той факт, што ў чэрвені ў Мінску плануецца правядзенне нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін — удзельніц Усходняга партнёрства. Гэтае мерапрыемства ўключана ў выніковую дэкларацыю Рыжскага саміту. Сустрэча пройдзе па ініцыятыве беларускага боку, перамовы ў такім фармаце ў Мінску адбудуцца ўпершыню.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.