Вы тут

Патрабуюцца прафесіяналы


У Мінску не хапае будаўнікоў, а грузчыкі і дворнікі ўсё часцей сутыкаюцца з канкурэнцыяй.

Сёлета ў сталіцы працаўладкавана 2400 беспрацоўных, 43% з іх — у арганізацыі прамысловасці і будаўніцтва. За апошні час змянілася не толькі структура вольных вакансій, але і павялічылася беспрацоўе. Аднак сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, запэўнівае старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама Жанна РАМАНОВІЧ і знаёміць чытачоў «Звязды» з апошнімі тэндэнцыямі сталічнага рынку працы.

26-38

— Якая сітуацыя з працоўнымі рэсурсамі складваецца цяпер у горадзе?

— У Мінску сканцэнтравана 23,5% працоўнага патэнцыялу краіны, гэта 1405,5 тысячы чалавек. Разам з тым назіраецца скарачэнне працоўных рэсурсаў і расце дэмаграфічная нагрузка на працаздольную частку насельніцтва: калі ў 2009 годзе на 1000 працаздольных мінчан прыпадала 513 непрацаздольных, то за 2014 год апошняя лічба павялічылася да 604.

— Як плануецца вырашаць праблему росту рэгістраванага і схаванага беспрацоўя, што назіраецца ў апошні час?

— Узровень беспрацоўя вырас з 0,2% у 2014 годзе да 0,5% за студзень—красавік гэтага года, аднак застаецца самым нізкім з усіх рэгіёнаў і не перавышае межаў прагнозу, таму сітуацыя на рынку працы горада параўнальна стабільная. Больш за тое, у Мінску мы адзначаем рост зваротаў грамадзян у дзяржаўную службу занятасці: за студзень—красавік сёлета па дапамогу ў працаўладкаванні звярнулася больш за 7900 чалавек, з якіх каля 6700 зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных. Гэтаму паспрыяла зніжэнне тэмпаў эканамічнай вытворчасці (сярод беспрацоўных больш за 23% — грамадзяне, якія скасавалі кантракты па згодзе бакоў), а таксама захады, якія прымаюцца па недапушчэнні сацыяльнага ўтрыманства ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта №3. Бо сярод беспрацоўных 21,5% — асобы, якія не працавалі працяглы тэрмін.

Павялічылася і сярэднядзённая колькасць рэгістрацыі беспрацоўных, якая сёння складае 81 чалавек. Сярод зарэгістраваных 80% складаюць грамадзяне рабочых прафесій. (Увогуле партрэт мінскага беспрацоўнага — мужчына 39 гадоў рабочай прафесіі.) Прытым у гарадскім банку вакансій значыцца больш за 8000 прапаноў (летась іх было 18800), большая частка з якіх менавіта па рабочых спецыяльнасцях, і на аднаго беспрацоўнага, умоўна кажучы, цяпер прыпадае менш за два рабочыя месцы. Яшчэ адна асаблівасць: наймальнік ужо мае магчымасць выбіраць паміж суіскальнікамі па такіх прафесіях як грузчык, дворнік, вартаўнік, прыбіральшчыца і іншыя. І ў гэтым няма нічога страшнага — нармальная з'ява, калі ёсць канкурэнцыя: яна стымулюе людзей прымаць актыўныя захады па пошуку працы.

— Якіх спецыялістаў цяпер найбольш не хапае сталіцы?

— Калі казаць пра вакансіі, за апошні час структура вольных працоўных месцаў крыху памянялася. Большасць з іх цяпер у сферы будаўніцтва (24% вакансій), далей ідуць арганізацыі аховы здароўя і аказання сацыяльных паслуг (20%), і ў прамысловасці 15% вакансій. Працягваецца пераразмеркаванне рабочай сілы ў сферу паслуг. Сярэдні ўзровень аплаты па прапанаваных вакансіях — 4,6 млн рублёў, заробак па большасці вакансій складае ад 3 да 10 млн рублёў.

Наша задача — праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на дапамогу ў пошуку працы. На гэтыя мэты накіравана Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва. Дарэчы, на 2015 год прадугледжана фінансаванне ў аб'ёмах больш за 19 млрд рублёў, што ў 1,5 раза больш, чым летась. Грошы ў нас ёсць для таго, каб падтрымаць чалавека, які часова застаўся без працы. Галоўнае яму — не разгубіцца ў гэтай сітуацыі і звярнуцца ў дзяржаўную службу занятасці.

Так, можна казаць пра нізкі памер дапамогі па беспрацоўі — у сярэднім 187 тысяч рублёў, але гэта падштурхоўвае чалавека як мага хутчэй займацца пошукам працы.

А ўвогуле, можа, настаў час і падумаць пра тое, што наспела прымяненне сістэмы сацыяльнага страхавання ад беспрацоўя, як ва ўсіх заходніх краінах: калі чалавек плаціць падатак і ў выпадку звальнення ён можа разлічваць на адпаведную суму дапамогі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».