Вы тут

Са спагадай і разуменнем


Жаночыя праблемы абмеркавалі ў Рэчыцы.

Днямі ў горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці адбылося выязное пасяджэнне Прэзідыума грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» на чале са старшынёй Надзеяй Ермаковай. Такім чынам кіраўніцтва БСЖ на свае вочы пабачыла, як Рэчыцкі саюз жанчын ладзіць работу ў горадзе і раёне, абараняе правы зямлячак, дапамагае ім раскрываць свой творчы і працоўны патэнцыял.
Трэба адзначыць, што рэчыцкая жаночая супольнасць актыўна супрацоўнічае з прафесіянальнымі саюзамі і грамадскім аб'яднаннем «Белая Русь» — тут лічаць, што толькі агульныя намаганні афіцыйных улад і грамадскіх структур маюць плён і поспех.

26-48На выязным пасяджэнні абмяркоўвалі работу Рэчыцкага аддзялення БСЖ з жанчынамі-сялянкамі. Першая сустрэча адбылася у агракамбінаце «Холмеч». Гэтае прадпрыемства незвычайнае: у свой час вёска стала другім домам для дзясяткаў сямей вымушаных перасяленцаў з тэрыторый, забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС.
Сёння для працавітых сялян Холмеч — родны дом! Пра гэта, прынамсі, гасцям з Мінска і Гомеля мясцовы творчы калектыў нават праспяваў гімн. Было прыемна, што оду сваёй вёсцы спявалі ад душы не толькі самадзейныя артысты, але і кіраўнік гаспадаркі Васіль Юшкевіч.
Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Агракамбінат «Холмеч» — адно з найлепшых у Гомельскай вобласці. Тут вырошчваюць збожжавыя і зернебабовыя культуры, агародніну. Вытворчасць малака і мяса наладжаны з улікам усіх перадавых тэндэнцый. Гасцей уразіла на ферме праца робата, які «падкідвае» кароўкам корм. А спецыялісты расказалі, што гэта галандская «штучка» акупілася на ферме за чатыры месяцы. Мала таго, што вызвалілася цэлая працоўная адзінка, дык яшчэ і надоі прыбавіліся даволі хутка. Госці з Мінска сустрэліся з мясцовымі даяркамі і перадалі ім свае падарункі.
Нават самыя перадавыя тэхналогіі не здольны вызваліць сялян ад штодзённай руплівай працы на фермах і ў полі, асабістых гаспадарках. Але сучасная ферма, якая таксама вымагае ад даярак часу, фізічных і маральных высілкаў, дае магчымасць атрымліваць годныя заробкі. А тое, што для іх дзяцей створаны добрыя ўмовы для вучобы і адпачынку, фізічнага развіцця, дапамагае жанчынам не баяцца быць маці: шматдзетныя сем'і тут нярэдкія.
БСЖ Рэчыцкага раёна такіх вельмі шануе, але пільную ўвагу накіроўвае і ў іншы бок — на дзяцей і жанчын, чые сем'і шчаслівымі не назавеш. З такімі «ячэйкамі грмадства» працуюць асобна: дапамагаюць жанчынам з працаўладкаваннем, накіроўваюць на лячэнне ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці. Дапамога дае плён: як расказалі на рэчыцкай сустрэчы прадстаўнікі мясцовага БСЖ, большасць жанчын вяртаюцца да нармальнага жыцця, да сваіх дзетак. Ёсць, зразумела, і цяжкія выпадкі, дзе любая дапамога будзе дарэмнай. Але практыка БСЖ Рэчыцы была высока ацэнена старшынёй рэспубліканскага грамадскага аб'яднання Надзеяй Ермаковай.
Вопыт арганізацыі на базе Холмецкай участковай бальніцы аддзялення кругласутачнага знаходжання для старых і інвалідаў таксама ўзорны. Праблема адзінокіх старых актуальна і для беларускіх вёсак, і для горада. Тут сацыяльны аб'ект арганізаваны з улікам магчымасці аказваць медыцынскую дапамогу на месцы, што вельмі важна. Гэтую акалічнасць адзначыла і намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «БСЖ», міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.
БСЖ — гэта тая жаночая грамадская арганізацыя, якая актыўна прысутнічае ў разнастайным жыцці краіны. Пра тое, як будзе БСЖ удзельнічаць у галоўнай палітычнай падзеі года — выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, удзельнікам выязнога пасяджэння расказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Па яе словах, члены БСЖ традыцыйна працуюць не толькі ў выбарчых камісіях, але і назіральнікамі за выбарамі. Выключэннем не стане і гэтая палітычная кампанія.
Пасяджэнне было арганізавана такім чынам, каб госці маглі не толькі пазнаёміцца з вопытам работы мясцовых калег, але і ўвогуле адчуць, чым і як жывуць жанчыны Рэчыцы і раёна. Канстатаваць проста: дыхаюць на поўныя грудзі, працуюць закасаўшы рукавы, любяць свой край шчыра і аддана. Што ж, так і павінна быць у доме, дзе жывуць шчаслівыя людзі.
Ларыса РАКОЎСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.