Вы тут

Не жыць адным днём


А клапаціцца пра перспектыву.

Кіраўнік дзяржавы падчас свайго выступлення на з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў (ды і раней — падчас звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу) закрануў самыя вострыя і актуальныя тэмы: перапрафіляванне вытворчасцей, пераход прадпрыемстваў на самаакупальнасць, канкурэнтаздольнасць айчынных тавараў... Ні адно з гэтых пытанняў не можа заставацца па-за ўвагай прафсаюзных актывістаў. Менавіта таму Прэзідэнт і запатрабаваў, каб да сярэдзіны 2016 года ва ўсіх працоўных калектывах, незалежна ад формы ўласнасці, былі створаныя прафсаюзныя арганізацыі.

Мікалай Арцюшкевіч, старшыня Дзяржынскага райвыканкама:

— Што тычыцца прысутнасці прафсаюзаў на ўсіх прадпрыемствах, то яны, адназначна, патрэбны. Менавіта прафсаюзы рэгулююць пытанні ўзаемадзеяння паміж органамі кіравання і работнікамі арганізацый, прадпрыемстваў. Там, дзе добра працуюць пярвічкі, не ўзнікае ніякіх пытанняў. У цэнтры іх увагі — абарона працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Прафсаюзы ўдзельнічаюць ва ўсіх сацыяльна значных для раёна праграмах, шмат увагі аддаюць наладжванню адпачынку працоўных. Гэта і культурныя мерапрыемствы, і спартыўныя спаборніцтвы, і экскурсіі па знакамітых мясцінах.

У Дзяржынскім раёне нядаўна створана аб'яднанне арганізацый прафсаюзаў. Гэта самая масавая грамадская структура, якая каардынуе дзейнасць галіновых прафсаюзаў. Дадам, што ў Дзяржынскі раён прыходзяць інвестары, адкрываюцца прыватныя прадпрыемствы, і ўласнікі не супраць ствараць у сябе прафсаюзныя арганізацыі.

* * *

Што робяць айчынныя прадпрыемствы для таго, каб умацаваць свае пазіцыі на рынках і заахвоціць работнікаў? Пра гэта карэспандэнты «Звязды» пацікавіліся ў іх кіраўнікоў.

Тэрэса ДЫБУЛЬ, дырэктар Аранчыцкай птушкафабрыкі Пружанскага раёна:

— Галоўнае для любога прадпрыемства сёння — эканоміка, уменне лічыць грошы і бачыць перспектыву. Працаваць на колькасць, а па сутнасці — на склад, нікому ўжо не патрэбна. Зараз трэба працаваць на прынцыпах самаакупнасці. Мы ў такіх умовах працуем ужо добрую пяцігодку.

Частку прадукцыі мы адпраўляем на экспарт, у Расію. Вельмі даражым сваёй маркай, таму клапоцімся пра якасць.

Калектыў птушкафабрыкі цяпер складаецца са 167 чалавек. У нас працуюць дынастыі, бацькі нярэдка прыводзяць на працу дзяцей. Людзі даражаць сваёй работай. Таму ёсць магчымасць прымаць на працу рабочых нават на конкурснай аснове. Па выніках мінулага года сярэдняя зарплата па акцыянерным таварыстве склала 5 129 000 рублёў. У нас добры сацыяльны пакет. Для тых, каму застаецца пяць гадоў да пенсіі, дзейнічае накапляльны фонд. За ўказаны адрэзак часу збіраецца прыстойная сума, якой чалавек мае права распарадзіцца: атрымаць яе адразу альбо атрымліваць штомесяц як невялікую прыбаўку да пенсіі. Маладых спецыялістаў мы стараемся зацікавіць і жыллём, і ўмовамі працы. У нас працаваць цікава, людзі бачаць перспектыву, таму стараюцца затрымацца.

Уладзімір МАРКУШЭЎСКІ, старшыня назіральнага савета прадпрыемства «Слоніммэбля»:

— Сітуацыя на рынку мэблі цяпер вельмі няпростая. Многія прадпрыемствы сталі зніжаць цэны на сваю традыцыйную прадукцыю, што негатыўна адбіваецца на выручцы ад экспарту, даходах вытворцаў. Далейшай перспектывы, калі ісці такім шляхам, не будзе. Таму сваёй асноўнай задачай мы цяпер лічым практычна поўную змену асартыменту прадукцыі. Бяром крэдыт (каля 1 мільёна еўра) і купляем новыя тэхналогіі, каб перапрафіліравацца на выраб мэблі з так званым высокім глянцам.

Дарэчы, пасля першапачатковага спаду мы ўжо аднавілі аб'ёмы паставак ў Расію (увогуле экспартуем каля 90 % сваёй прадукцыі) і дзякуючы яе пастаяннаму абнаўленню сваіх пазіцый здаваць не збіраемся. Любы крызіс заканчваецца, што, перакананы, тычыцца і расійскага рынку. І поспех будзе ў тых вытворцаў, хто працуе эфектыўна, згодна з пажаданнямі спажыўцоў, накіроўвае інвестыцыі, крэдыты не на зарплату, а на развіццё прадпрыемства. Як гэта здарылася ў нас, напрыклад, з паліўна-энергетычнымі затратамі. У апошнія гады іх доля ў сабекошце прадукцыі значна скарацілася. Пачынаючы з 2011 года, мы цалкам адмовіліся ад спажывання прыроднага газу і перайшлі на выкарыстанне мясцовых відаў паліва — адходаў уласнай вытворчасці, шчэпкі. І аказалася, што гэтыя інвестыцыі практычна за год акупляюцца. Нядаўна запусцілі яшчэ адзін кацёл на мясцовым паліве.

Ад гэтых і іншых вытворчых падыходаў, зразумела, наўпрост залежыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, ды і ўвогуле справы ў працоўным калектыве. Зарплата апошнім часам не ўзрасла, але выплачваецца стабільна. Людзі разумеюць, што сітуацыя няпростая, але пры гэтым прадпрыемства не «праядае» крэдыты, а задзейнічае іх на сваё развіццё. Каб не жыць адным днём, а клапаціцца пра сваю перспектыву.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,

Святлана ЯСКЕВІЧ,
Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.