Вы тут

«Мы — каманда!»


Cям'я Андрэйчыкавых стварае сваё шчасце ўласнаручна.

Тата, мама, трое здаровых і прыгожых дзетак, хамячок і рыбкі, вясёлыя каты і яркі папугай, новая трохпакаёвая кватэра, смачны — аж слінкі цякуць! — пах хатняй выпечкі па нядзелях... Сям'я — гэта наш маленькі рай, свой дом — лепшае месца на свеце. Хто не згодзен? Няма такіх...

Вядома, гэты рай яшчэ трэба пабудаваць, прычым уласнымі рукамі. Гатовага ніхто не прапануе — трэба папрацаваць... У кагосьці атрымліваецца, у іншых — не вельмі. У нашых герояў атрымалася!

Сям'я Андрэйчыкавых любіць збірацца за агульным сталом.

26-6

Маладыя, адукаваныя, шматдзетныя...

Яны маладыя: Васілю Андрэйчыкаву 38 гадоў, яго жонцы Ірыне — 34. Самаму малодшаму, жыццярадаснаму і гарэзнаму Юрачку — шэсць; сур'ёзны, грунтоўны Коля на пяць гадоў старэйшы — яму ўжо адзінаццаць; артыстычнай і трохі сарамлівай Наташы хутка трынаццаць. Цэлая каманда, родныя і блізкія людзі, з якімі і ў горы, і ў радасці... Чым не шчасце?

Нядаўна з высокай трыбуны прагучала, што толькі 3% (!) беларускіх жанчын з вышэйшай адукацыяй маюць траіх і больш дзяцей. Ірына Андрэйчыкава — з гэтай зусім не шматлікай катэгорыі. Яны з мужам абое педагогі. Ірына — настаўніца пачатковых класаў у Мірскай сярэдняй школе. «Цяпер у мяне выпускны 4-ы клас, рыхтуемся! — ажыўлена расказвае яна. — У класе 17 дзетак, усе вельмі актыўныя...». Васіль працуе метадыстам у раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму.

Адзін час ім з дваімі дзеткамі даводзілася здымаць у Баранавічах кватэру. Але потым з'явілася магчымасць пабудаваць кааператыўнае жыллё.

— Нам пашанцавала: калі нарадзіўся Юра, дзяржава аказала вялікую дапамогу, — кажа Васіль Андрэйчыкаў. — Яна ўзяла на сябе абавязак аплачваць 75% кошту кватэры па крэдыце. Такая палёгка будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль наша старэйшая, Наташа, не дасягне паўналецця. Калі ёй споўніцца 18 гадоў, мы ўжо не будзем лічыцца шматдзетнай сям'ёй. А вось цяпер, напрыклад, мы плацім за кватэру па крэдыце ўсяго 25 тысяч рублёў у месяц! Бацькі дапамаглі нам з чэкамі «Жыллё». Таму і змаглі пабудавацца...

Атрымалі кватэру яны без адстройвання — голыя сцены. «Дзеці малыя, зарплата не дазваляла кагосьці наняць — прыйшлося ўсё рабіць самому, — успамінае Васіль. — Першыя месяцы паўтары нашы зарплаты ішлі на рамонт, а мы жылі на палову адной зарплаты, плюс дапамагалі бацькі, перш за ўсё прадуктамі... Цяжкавата было, але мы разумелі, што гэта часова. Самае галоўнае — у нас свая ўласная кватэра!

На пытанне, як яны адважыліся стаць шматдзетнымі — гэта ж такая адказнасць і нялёгкая ноша! — сужэнцы толькі пераглянуліся. «Было двое дзетак, — сарамліва ўсміхаецца Ірына, — і мы вырашылі, ну, хай будзе і трэці, чаму б і не? Цяпер, калі дзеці падраслі, нам ужо не так цяжка. Яны ў нас малайцы, дапамагаюць адно аднаму і нам». А Васіль сур'ёзна адказвае: «Мне заўсёды ўспамінаюцца бабуліны словы: калі можаце пракарміць дваіх, то зможаце і трэцяга...»

Цяпер яны ўжо не ўяўляюць, як можна жыць па-іншаму. Не ўяўляюць свайго жыцця і гэтага свету без сваіх дзетак.

Напрыклад, без Наташы — артыстычнай, мастацкай натуры, як мама.

— Наташа займаецца ў тэатры эстрады «Кропелька» ў мастацкага кіраўніка Ларысы Юр'еўны Довят, у нашым Доме культуры, — распавядае Васіль.

— Яна выступае на сцэне, — падхоплівае і мама. — І не толькі тут. Ездзіла і ў Балгарыю, спявала там сола і прывезла адтуль дыплом. Раней займалася па класе фартэпіяна. Тут жа ў нас ёсць філіял музычнай школы...

— Але ў адзін цудоўны момант Наташа сказала: «Гэта не маё», — пакеплівае тата. — А ўжо чатыры гады займалася...

І зноў мама: — Цяпер у нашай Наташы новае хобі, яна ездзіла нядаўна ў «Зубраня» і навучылася там плесці фенечкі. Так што зараз захапілася дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Сама зрабіла Юрачку на дзень нараджэння падарунак: кацяня з пап'е-машэ. Раней яна наведвала харэаграфічную школу, і ў «Зубраняці» Наташы прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе «Роўны навучае роўнага». Так што яна правяла там майстар-клас — вучыла іншых дзяцей, сваіх аднагодкаў, танцаваць.

— А апошнім часам запоем стала чытаць, — заўважае тата.

Сярэдні, Коля, — ужо сур'ёзны хлопец, апошнім часам захапіўся праграмаваннем. Яму купілі ноўтбук, і ён з татам у вольны час ужо пачаў асвойваць гэтую няпростую навуку. Да яго ўжо нават іншыя дзеці прыходзяць па параду, тым больш што інфарматыку пачнуць вывучаць толькі ў наступным годзе...

— За выхадныя мы з Колем паклалі ламінат у пярэднім пакоі, — задаволены тата. — Нам і Юра дапамагаў, з пыласосам смецце прыбіраў...

Васіль перакананы, што трэба прывучаць дзяцей да працы ўжо цяпер, інакш момант можа быць упушчаны. «Цяпер яны з радасцю дапамагаюць нам», — сцвярджаюць бацькі.

— Раней Коля захапляўся гімнастыкай і акрабатыкай, ездзіў займацца ў Лядовы палац у Баранавічы. Але з-за праблем са зрокам мы вырашылі гэты від спорту пакінуць. Цяпер наш хлапчук захапіўся барацьбой, — кажа мама...

Самы малодшы, шасцігадовы Юра, — вялікі аматар машын. Яму падабаюцца розныя канструктары, любіць сам майстраваць будынкі, караблі. Нядаўна папрасіў купіць для яго дарожныя знакі, правілы дарожнага руху і святлафор. Увогуле, таксама сур'ёзны хлопец расце...

Выхадныя праходзяць шумна і весела

У гэтай сям'і ўмеюць працаваць і ўмеюць адпачываць. У будні раней за ўсіх — у шэсць раніцы — устае тата: яму даўжэй дабірацца на працу. Адыходзячы, будзіць сваю сям'ю.

— Юра, пакуль спінку яму не пагладзіш, не ўстане, — жартуе Васіль. — І ўсё просіць: можна яшчэ хвілінку? Затое на выхадных, калі ў садок не трэба, можа і а 6-й раніцы ўскочыць. І тады пачынаецца: «Мама, уставай, уключы мульцік!»...

Ролі ў сям'і распаўсюджваюцца традыцыйна: тата, часцей за ўсё, строгі і патрабавальны. Да мамы бягуць, каб пашкадавала, прылашчыла. Усё як трэба! У кожнага члена сям'і — сваё кола абавязкаў.

— Дзеці самі прыбіраюцца ў сваіх пакоях, посуд мыюць за сабой. Урокі таксама робяць ужо ў асноўным самастойна. Дарослыя ж ужо, 5-ы і 7-ы клас! — усміхаецца мама.

Выхадныя праходзяць шумна і весела. Бо столькі ўсяго трэба паспець! Узімку па суботах тата пячэ бліны раніцай на цэлую сям'ю. І кліча ўсіх на смачны сняданак. Летам доўга залежвацца не даводзіцца: адразу падскочылі — і наперад, па сваіх абавязках. Дача, гараж, кватэра... Траву пакасіць, бацькам-бабулям-дзядулям дапамагчы, на дачы градкі прапалоць... «Яна ў нас размешчана ля возера, месца вельмі прыгожае. Адпачываем, шашлыкі робім. Гасцей пакуль не завём, бо дача нядаўна ў нас з'явілася, яшчэ не ўсё там зроблена», — наперабой расказваюць дарослыя і дзеці. У кожнага ёсць ровар, так што велапрагулкі ўсёй сям'ёй не рэдкасць, а яшчэ катаюцца на роліках, зімой — на лыжах, санках. «У нас побач лыжаролерная траса, ездзім туды ўсёй сям'ёй». Любяць адпачываць на Свіцязі... А яшчэ яны нярэдка ўсёй сям'ёй праводзяць вольныя дні ў вандроўцы. Былі ўжо і ў Лідзе, і ў Мінску, і ў Пінску. Улетку могуць і а 4-й раніцы ўстаць, каб усё паспець!

«Памяць пра родных захоўваем»

Яны любяць удзельнічаць у конкурсах. Цікава ж! Ірына летась прымала ўдзел у раённым конкурсе «Настаўнік года». А ў раённым аглядзе-конкурсе «Лепшая шматдзетная сям'я» ў 2013 годзе Андрэйчыкавы занялі першае месца.

— Мы з Колем у 4 класе працавалі над праектам па энергазберажэнні ў нашай сям'і, занялі першае месца ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі малодшых школьнікаў, — распавядае тата. — Даследавалі залежнасць энергаспажывання ад тыпу лямпачак. Памянялі звычайныя на святлодыёдныя і аналізавалі спажыванне электрычнасці за тры гады... Эканомія ёсць!

Выхаванне папугая — справа цікавая.

 26-7

Наташа даглядае хамячка.

26-5

А яшчэ ў гэтай сям'і лічаць, што ім трэба ведаць свой род, памятаць пра бабуляў і дзядуль, жывых і памерлых. Таму ўсе разам аформілі альбомы пра іх. Прыклад для ўсёй сям'і — Ірынін дзед Млынарчык Міхаіл Афанасьевіч, удзельнік партызанскага руху. Пра яго ў сям'і Андрэйчыкавых стварылі невялікую дакументальную кнігу-летапіс, у якой сабралі ўсе дакументы — лісты, узнагароды, фотаздымкі, граматы. «Яго ўжо няма ў жывых, але мы памятаем аб ім, ганарымся», — кажуць дзеці.

Вось такая маладая і дружная сям'я жыве ў аграгарадку Мір Баранавіцкага раёна. Працуюць, гадуюць дзяцей, і не проста з надзеяй глядзяць у будучыню, а ствараюць яе сваімі ўласнымі рукамі. І менавіта на такіх простых і сумленных сем'ях і трымаецца гэты свет. Яны — аснова асноў любога грамадства і любой дзяржавы.

Святлана Бусько

Каментарый спецыяліста

— Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага райвыканкама Таццяна Саванец:

— Усе шматдзетныя сем'і ў нас атрымліваюць неабходную дзяржаўную падтрымку ў адпаведнасці з заканадаўствам. Так, бясплатным дзіцячым харчаваннем у нашым раёне летась было забяспечана 171 дзіця на суму 460 млн рублёў. Сёлета бясплатнае дзіцячае харчаванне атрымліваюць 80 дзетак, на суму 140 млн рублёў. Таксама шматдзетныя сем'і разам з няпоўнымі сем'ямі складаюць асноўную частку атрымальнікаў адраснай сацыяльнай дапамогі.

У гэтым годзе быў уведзены новы від дапамогі — на дзяцей ад 3 да 18 гадоў, калі ў сям'і ў гэты перыяд выхоўваецца дзіця да 3 гадоў. Яго памер складае 50% бюджэту пражытковага мінімуму незалежна ад колькасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям'і. Па гэту дапамогу да нас ужо звярнуліся 80 сем'яў, і ўсім яна была прызначана.

З 1 студзеня гэтага года ў нашай краіне ўведзены яшчэ адзін новы від доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем'яў — сямейны капітал (прадастаўленне сем'ям безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 тыс. долараў пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей). Мы ўжо адсачылі колькасць сем'яў у нашым раёне, якія маюць права на такую дапамогу — іх у нас дваццаць пяць. З кожнай такой сям'ёй мы звязаліся і правялі тлумачальную працу. З заявамі на прызначэнне сямейнага капіталу ўжо звярнуліся 20 мам. Па 17 такіх зваротах прынята станоўчае рашэнне, астатнія тры пакуль у працы. У найбліжэйшы час чакаем заяў і ад астатніх пяці сем'яў.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.