Вы тут

Турысты выбіраюць Коласавы сцежкі


або Як спатоліць смагу гарбатай з зёлак і не трапіць у кіпцюры жандараў

Карэспандэнт «Звязды» на свае вочы ўбачыў, як удасканальваецца адзін з самых вядомых літаратурных маршрутаў Беларусі.

26-16

Лясы, якія памятаюць песняра

Акінчыцы, Смольня, Мікалаеўшчына, Альбуць... Назвы коласаўскіх, прынёманскіх мясцін перагукаюцца з маім дзяцінствам, калі назубок прыходзілася вучыць біяграфію класіка беларускай літаратуры. Але механічнае завучванне магло дапамагчы хіба толькі ў разгадванні крыжаванак і тэлепраграмах кшталту «Адзін супраць усіх». Каб сапраўды адчуць, пра што пісаў паэт, варта ўбачыць карцінкі прыроды, якія яго акружалі. Тым больш пабачыць радзіму Коласа, які ўжо з першых радкоў славутай «Новай зямлі» прызнаецца ў пачуццях роднай старонцы. Так, Акінчыцы, дзе нарадзіўся Кастусь Міцкевіч, ужо не колішні засценак. Стоўбцы разрасліся і даўно праглынулі былую вёску, зрабілі яе сваім мікрараёнам. Затое яшчэ захаваліся славутыя лясы, па якіх столькі крочыў сам паэт. Аднак, на жаль, і ім пагражае небяспека.

— Магутныя грыбныя лясы выразаюць, — з сумам прызнаецца Юрый Міцкевіч, стрыечны ўнук паэта, старшы навуковы супрацоўнік філіяла музея на радзіме Якуба Коласа. — Пабудавалі дрэваапрацоўчы камбінат і безупынна возяць дрэва. А раней Міхал Міцкевіч, бацька паэта, палясоўшчык, не з пілою хадзіў, а са стрэльбай — пільнаваў яго. Гэта была ўласнасць Радзівілаў. Грыбы і ягады нельга было збіраць. Трэба было білет набыць у лясніцтве.

Дарэчы, Акінчыцы, якія сталі першым пунктам нашай вандроўкі, — гэта першае месца службы Міхала. Праўда, маці калыхала маленькага Косціка тут усяго 5 месяцаў: сям'і прыйшлося пераехаць. Старую сядзібу ў Акінчыцах спалілі падчас вайны. А на пачатку 1980-ых аднавілі дзякуючы чарцяжам, якія захаваліся. Цяпер тут жылая хатка, крытая гонтай, склеп, адрына, у адной палове якой можна было трымаць жывёлу, а ў другой — захоўваць збожжа, сена.

— Але адрына была пустой. Гаспадаркі ў Міцкевічаў тут не было. У гэтым месцы мы захоўваем усялякую даўніну, якой карысталіся нашы продкі: скоблі, абручы, кіркі. Ёсць тут і склюд, — паказвае спадар Юрый на прадмет, што вельмі нагадвае сякерку. — Ім з бярвенняў рабілі брусы. Дарэчы, менавіта гэтым склюдом абчэсвалі бярвенні для жылой хаткі мемарыяльнай сядзібы.

А вось у Альбуці, да якой нас вядзе лясная дарога, пасля — драўляны масток праз рачулку, прайшло юнацтва паэта. Тут ён сталеў, навучыўся пісаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыну.

— Цікава, што назвы Альбуць (Радзівілы любілі прыгожыя мясціны называць Альбай, што перакладаецца з лацінскай мовы, як чысты, белы) у «Новай зямлі» няма. Колас не любіў ужываць замежныя словы ў сваіх творах. Ён назваў гэтую мясціну Парэччам.

Пакуль любуюся мясцовымі краявідамі, мяне частуюць цудоўнай гарбатай, кажуць, што тут коласаўскую сядзібу аднавілі ў 1990 годзе. І зрабілі гэта, як няцяжка здагадацца, паводле паэмы «Новая зямля».

Яўген АПАНАСЕВІЧ, намеснік генеральнага дырэктара «Беларустурыст»:

— Мы хочам ажывіць гэты экскурсійны маршрут. Дадаць анімацыйныя праграмы. Сённяшняму турысту важна быць не проста гледачом, але і непасрэдным удзельнікам таго, што адбываецца. Бо, напрыклад, калі праводзіш экскурсію для дзяцей, і яны маюць магчымасць нешта памацаць, зляпіць, атрымліваюцца зусім іншыя ўражанні. У экскурсіі па славутых мясцінах Коласа можна адштурхоўвацца ад яго біяграфіі, творчасці.

26-15

Народны кітайскі паэт Якуб Колас

У адрозненне ад Альбуці, у Смольні Колас бываў наездамі. Прыязджаў наведаць сваякоў, працаваў над некаторымі творамі. Але больш вядомай у літаратурным асяродку Смольня стала дзякуючы аднаму спатканню. Летам 1912 года дядзька Якуб тут упершыню сустрэўся з яшчэ адным мэтрам літаратуры — Янкам Купалам, які пехатою дабіраўся да вёскі. Тут створаны не толькі мемарыяльны музей, але і літаратурны. У невялічкім дамку змешчана вялікая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці. Тут і пераклады на замежныя мовы, і ўласныя рэчы, і арыгіналы карцін, фотаздымкі...

— Калі да нас прыехалі супрацоўнікі музея Гарыбальдзі з італьянскага вострава Капрэра, яны прызналіся, што не чакалі ўбачыць сярод лесу музей еўрапейскага ўзроўню, — з гонарам прыгадвае выпадак Соф'я Міцкевіч, загадчык філіяла дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Музей наведвала і жонка былога прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, быў тут і наш касманаўт Пётр Клімук, які, як аказваецца, браў кніжачку Коласа нават з сабой у космас. А кітайцы ў сваім водгуку аб наведванні коласаўскіх мясцін наогул напісалі: «дзякуй экскурсаводам, што яны расказалі нам пра дом, дзе нарадзіўся народны кітайскі паэт».

На выхадзе з музея нас чакала яшчэ адна неспадзяванка. Некалькі чалавек «трапілі ў палон» да жандараў, якія нікога не хацелі адпускаць. Такая вось адсылка да біяграфіі Коласа, якога ў 1906 годзе арыштавалі за ўдзел у нелегальным з'ездзе настаўнікаў у Прыстаньцы.

Адметна, што турэмная тэма можа атрымаць працяг. Юрый Міцкевіч прызнаўся, што ёсць ідэя ў адной з вежаў Пішчалаўскага замка, сённяшняга следчага ізалятара №1, дзе калісьці сядзеў дзядзька Якуб, таксама стварыць музей.

Што цікава, такі адметны маршрут, які мы прайшлі толькі напалову, не вельмі запатрабаваны, хоць аб'явы пра яго і прысутнічаюць у інтэрнэце.

— Ён не вельмі папулярызуецца, замаўляецца даволі рэдка, — прызнаецца Мікалай Чырскі, старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. — Яго трэба зрабіць больш вядомым. А ідэя аднавіць яго ўзнікла пасля сустрэчы з Людмілай Сянькоўскай, новым генеральным дырэктарам «Беларустурыста». У выніку я перарабіў тэкст старой экскурсіі. Дадаў больш інфармацыі, якая тычыцца літаратуры, а не гісторыі. Зрабіў так, каб у аповедзе можна было павольна перайсці да асобы Коласа.

26-14

— А хто будзе працаваць на гэтым маршруце?

— Гэтай восенню ў Стоўбцах трэба аб'явіць курсы экскурсаводаў. І мы за зіму навучым людзей, каб турысты маглі ўзяць экскурсавода і прайсці з ім мясціны, уключаныя ў коласаўскі заказнік.

— Як я разумею, мы праехалі толькі частку гэтых мясцін. А як цалкам выглядае маршрут?

— Акінчыцы — Альбуць — Смольня — Ласток (дзе таксама жыла сям'я Міхала Міцкевіча) — Мікалаеўшчына (адкуль паходзяць сваякі Коласа) — Прыстанька — Бервянец. За дзень можна ўкласціся. А для тых, каму будзе неабходны начлег, можна спыніцца ў турысцка-экскурсійным комплексе «Высокі бераг».

Мікалай Чырскі кажа, што падобная экскурсіяй сёння была б даволі актуальнай для нашага вучнёўства. І сапраўды, было б добра, каб нашы школьнікі славутую «Новую зямлю» вывучалі не толькі па крытыцы, у класах, але і тут, у мясцінах, якія натхнялі аўтара. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Тарас ШЧЫРЫ

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.