Вы тут

Эдуарда Аранда Гадлеўскі: «Я маю карані.І ім патрэбен паліў»


Нашчадак Караля Чапскага гэтымі днямі завітаў на радзіму славутага продка з далёкай Англіі. Можна сказаць, што радавая сувязь колішняга мінскага галавы аднавілася. Эдуарда-Караль Аранда Гадлеўскі даведаўся, чым жыў яго прадзед, зразумеў значнасць гэтай фігуры, яго ўнёсак у жыццё беларускай сталіцы — і вельмі захацеў працягнуць добрыя пачынанні.

«Людзі схільныя ўсё забываць»

Калі Эдуарда зайшоў на піўзавод «Аліварыя» (колішнюю піваварню «Багемія», якую заснаваў Чапскі), адразу стала заўважна, што яго радавая памяць жывая. Ён далікатна кранаў дзверы XІX стагоддзя, устаноўленыя пры яго продку, правяраў, як працуюць замкі. Усё рабіў з такой пяшчотай, што адразу было зразумела: гэта яму не абыякава. Гадлеўскі адзначыў:

— Я тут для таго, каб падтрымаць памяць пра майго прадзеда. Бо людзі вельмі часта схільныя ўсё забываць. У мяне ёсць карані. Ім патрэбен паліў. І такі візіт у Беларусь — гэта вада для іх.

Увогуле ж за сваё жыццё ён аб'ездзіў шмат краін, бо яго бацька працаваў іспанскім дыпламатам. Як жартуе Эдуарда, ён быў кшталту «чамадана», які вандраваў са сваімі роднымі. Давялося аб'ехаць літаральна ўвесь свет: жылі ў Італіі, Бельгіі, Венесуэле. Ён вывучыў 6 моў, наступная ў спісе — мова краіны славутага прадзеда, беларуская...

Іспанска-беларуская радня

Эдуарда расказаў, што жонка Караля Чапскага пражыла яшчэ 61 год пасля яго смерці. А дзеці раз'ехаліся па свеце: паехалі жыць у Англію, Аргенціну, Італію. У дзяцінстве Эдуарда часта бываў у Рыме, праводзіў там час са сваім дзядзькам, добра памятае яго дом. І цяпер ён працягвае збіраць інфармацыю пра род Чапскіх.

Старэйшая дачка Караля Чапскага выйшла замуж за Юзафа Гадлеўскага, які ў той час быў сенатарам Навагрудка. У іх нарадзілася дачка — маці нашага госця з Лондана.

Увогуле ж на радню ён надзвычай багаты. У дзеда, з Навагрудка, было 9 братоў. Іспанская бабуля мела 13 сыноў. Таму ў Эдуарда 51 стрыечны брат і сястра!

Стыпендыя праз стагоддзе

Варта адзначыць, што ў Беларусь Гадлеўскі прыехаў па запрашэнні «Аліварыі». Госця запрасілі на ўрачыстае адкрыццё рэканструяванай часткі радавой сядзібы Чапскіх у Станькаве, якая называецца «Востраў радасці». Ён змог убачыць, як аднавілі старажытную ратонду, прыстань, мост, лаўкі. І без таго шыкоўнае Станькава цяпер стала яшчэ больш прывабным як для гасцей з Беларусі, так і, мажліва, з Англіі...

На «Аліварыі» вырашылі аднавіць і яшчэ адну добрую колішнюю традыцыю: вярнулі да жыцця, стыпендыю Караля Чапскага: у пачатку XX стагоддзя такая выплата ўжо існавала. Дырэктар прадпрыемства Дзяніс Шарсценнікаў адзначыў:

— Караль Чапскі быў вельмі моцным, ініцыятыўным лідарам, таму мы вырашылі, што такая стыпендыя стане сімвалічнай — яе будзе атрымліваць энергічная моладзь. Ёй узнагародзяць праекты самых актыўных студэнтаў: у пачатку чэрвеня пяцёрка найлепшых ужо атрымае свае выплаты.

Праз шэсць месяцаў Эдуарда Арланда Гадлеўскі абяцае яшчэ раз наведаць Мінск: каб паглядзець, што зроблена за гэты час, як сучаснікі ўшаноўваюць славутага мэра і як працягваюць яго добрыя традыцыі...

26-22

Дзяніс Шарсценнікаў і Эдуарда Аранда Гадлеўскі ля старажытнага будынка «Аліварыі».

 

Гутэн-Чапскія — старажытны нямецкі род, які ў XІІ стагоддзі атрымаў графскі тытул у Свяшчэннай Рымскай імперыі. З часам Гутэн-Чапскія зблізіліся з польскім каралеўскім дваром, а ў XVІІ стагоддзі трапілі ў Беларусь.

Эмерык Гутэн-Чапскі (1828—1896) быў адным з самых яркіх прадстаўнікоў роду. Ён займаў вядомыя пасады пры расійскім імператарскім двары: губернатара Наўгародскай губерні і віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга, пазней узначаліў дэпартамент лясной гаспадаркі.

Яго бабуля Вераніка, народжаная Радзівіл (дачка Міхаіла Казіміра Рыбанькі), была замужам за графам Францішкам Станіславам Косткам фон Гутэн-Чапскім. Дзякуючы ёй у Чапскіх з'явіўся маёнтак Станькава, ператвораны ў другой палове XІX стагоддзя ў радавое гняздо Гутэн-Чапскіх. Граф Эмерык Мікалай фон Гутэн-Чапскі ўзвёў тут палацава-паркавы ансамбль.

У яго былі два сыны — Караль Ян Аляксандр (1860—1904) і Ежы (Георгій) (1861—1930).

Караль Чапскі ўпісаў самую яркую старонку ў гісторыю Мінска — з'яўляючыся гарадскім галавой з 1890 па 1901 год, ён правёў у Мінску рэформы, роўных якім не было ні да яго, ні доўгі час пасля. У Караля Чапскага і яго жонкі Леанціны Пуслоўскай былі два сыны і тры дачкі. Разам з маці яны пакінулі Беларусь у 1920 годзе; жылі спачатку ў Польшчы, потым у Італіі. Сярод краін, у якіх пражывала славутая сям'я, таксама Венесуэла, Іспанія, Бельгія, Фінляндыя і Англія.

 Адна з дачок Караля Чапскага, Яня, выйшла ў 1920 годзе замуж за Юзафа Гадлеўскага, адсюль у родзе з'явілася прозвішча Гадлеўскі. У іх нарадзілася дачка Ізабэла — маці праўнука Караля Чапскага Эдуарда Аранда Гадлеўскага (1964 г.н.), які днямі наведаў Мінск.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?