Вы тут

Кожны можа стаць героем


Сенсацыі не здарылася: як і прагназавалі букмекеры, пераможцам 60-га «Еўрабачання» са значным адрывам ад сапернікаў стаў Монс Зелмерлёў са Швецыі.

Яго кампазіцыя «Heroes» па суме галасавання тэлевізійнай аўдыторыі і міжнароднага журы набрала 365 балаў. На другім месцы размясцілася прадстаўніца Расіі Паліна Гагарына з 303 баламі, трэцяе заняў гурт з Італіі «Іl Volо», у якога 292 балы, таксама ў топ-5 трапілі Бельгія і Аўстралія. «Нулявымі» няўдачнікамі, якія не атрымалі ніводнага бала, сталі Германія і гаспадыня сёлетняга шоу Аўстрыя.

26-18

Эйфарыя...

«Я быў упэўнены, што пераможа Італія ці Расія, і ў першы момант нават не пачуў і не паверыў, што называюць маё імя... Я так ганаруся, так усхваляваны і настолькі поўны радасці, што гэта не перадаць словамі», — прызнаўся 28-гадовы спявак Монс Петэр Альберт Сален Зелмерлёў на сваёй першай прэс-канферэнцыі ў статусе пераможцы конкурсу. Угледзеўшыся ў шчаслівыя вочы артыста, разумееш, што сакрэт поспеху часам ляжыць на паверхні: просты і зразумелы пасыл песні — пра тое, што абсалютна кожны можа стаць героем, шчырая ўсмешка і вера ў тое, што робіш на сцэне. Плюс, безумоўна, бездакорная праца каманды, якая і зрабіла разам гэты маленькі цуд.

Што адметна, калі б улічваліся толькі галасы журы, то «сярэбраным прызёрам» стала б Латвія, а калі ўлічваць толькі сімпатыі гледачоў, то пераможцамі сталі б італьянцы, а ў пяцёрку лідараў замест Аўстраліі ўваходзіла б Эстонія! Але правілы ёсць правілы — выбар зроблены, вынікі абвешчаны, а наступны конкурс з вялікай доляй верагоднасці пройдзе ў Стакгольме.

Ноты і лічбы

Па традыцыі апошніх гадоў, адразу пасля фінальнага шоу на афіцыйным сайце eurovіsіon.tv былі апублікаваны дэталёвыя вынікі галасавання журы і публікі ў паўфіналах па кожнай краіне. Цяпер мы ведаем, прынамсі, што беларускі дуэт Uzarі&Maіmuna заняў 12-ы радок у рэйтынгу (прычым тэлегледачы адвялі беларусам 13-е месца, а міжнароднае журы — 7-е). Найбольш высокімі ацэнкамі для беларусаў стала «дванаццатка» ад Грузіі, 8 балаў нашым артыстам паставіла Малдова, 7 — Арменія, 6 — Расія, па 3 — Данія і Грэцыя. У сваю чаргу Беларусь аддала самы высокі бал Расіі, 10 паставіла Грузіі, 8 — Эстоніі, 7 — Арменіі, 6 — Бельгіі, 5 — Малдове, 4 — Сербіі, 3 — Грэцыі, 2 — Румыніі і 1 — Фінляндыі.

У фінале ж Беларусь паставіла 12  балаў Расіі, 10 — Швецыі, 8 — Бельгіі, 7 — Эстоніі, 6 — Аўстраліі, 5 — Латвіі, 4 — Арменіі, 3 — Грузіі, 2 — Ізраілю і ўсяго 1 — трыа з Італіі, якое чамусьці атрымала вельмі нізкую ацэнку ад беларускага журы. (У склад судзейскай калегіі 2015 года, нагадаем, увайшлі спявак і тэлевядучы Віталь Карпанаў, спецыяліст дэпартамента мастацтваў Міністэрства культуры Аксана Арцюшэўская, спявачка Іскуі Абалян, спявак і выкладчык па вакале Аляксей Грос, дырэктар тэлеканала «Беларусь 2» Наталля Марынава.)

Дарэчы, Монсу Зелмерлёву шведскі адбор на «Еўрабачанне» скарыўся толькі з 3-й спробы, нягледзячы на тое, што на радзіме артыст стаў вельмі папулярным ужо ў 2005 годзе, пасля ўдзелу ў талент-шоу «Іdol», а ў 2007-м яшчэ выйграў танцавальнае шоу. І ўсё ж у 2007-м і 2009-м нацыянальны адбор спявак не прайшоў — затое сёлета літаральна «парваў» яго, прычым з тым самым гатовым мультыплікацыйным нумарам, які быў прадстаўлены на «Еўрабачанні-2015» — здаецца, з сакавіка карэктывы не ўносіліся ні ў пастаноўку, ні нават у касцюм артыста. Вынік мы добра ведаем: звыш 2,2 млн праглядаў афіцыйнага відэа на Youtube, загадзя прадказанае 1-е месца ў букмекераў і перамога на міжнародным песенным шоу.

Прысмак музыкі

Па шчырасці, нават крыху шкада, што 60-е «Еўрабачанне» стала ўжо гісторыяй, а некаторыя моманты шоу застануцца толькі ў памяці — напрыклад, запальны нумар барабаншчыкаў і выдатныя інтэрвал-акты з удзелам сімфанічнага аркестра, калі Вена нагадвала ўсім гледачам, што з'яўляецца радзімай не толькі Канчыты Вурст, але і сусветна вядомых кампазітараў: Ферэнца Ліста, Вольфганга Амадэя Моцарта, Іагана Штрауса, Ёзафа Гайдна, Франца Шуберта і іншых. І толькі ў мабільніках самых заўзятых фанатаў яшчэ доўга будуць гучаць упадабаныя песні сёлетніх канкурсантаў.

З іншага боку, у Беларусі ёсць амаль год на тое, каб цвяроза ўзважыць мэтазгоднасць далейшага ўдзелу ў конкурсе і нашы шанцы на ім, а ў выпадку станоўчага рашэння загадзя пачаць падрыхтоўку да наступнага «Еўрабачання». Напрыклад, ужо сёння?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.