Вы тут

Людзі з асаблівага цеста


або Чаму палярнікі зацікавілі генетыкаў.

У агульнай складанасці 7 гадоў свайго жыцця правёў за паўднёвым палярным кругам начальнік сёмай Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў

— І нават калі б у мяне была магчымасць вярнуцца назад, то я нічога ў сваім жыцці не стаў бы мяняць, — прызнаецца ён.

Аляксей Гайдашоў — адзін з самых вопытных палярнікаў у нашай краіне, але ён зусім не схільны цягнуць «коўдру» на сябе. Вось і падчас урачыстага прыёму, які арганізавалі ў Нацыянальнай акадэміі навук у гонар удзельнікаў апошняй, сёмай, Беларускай антарктычнай экспедыцыі, ён пачаў са слоў падзякі ў адрас усіх, хто меў дачыненне да яе арганізацыі. А гэта, між іншым, не толькі тыя пяць чалавек, якія высадзіліся ў снежні на Антарктыдзе, а сама мінімум 130:

— З 2011 года, калі тэма палярных даследаванняў была перададзена Акадэміі навук, мы знаходзімся ў коле аднадумцаў. Знаходзячыся ў экспедыцыі, па спадарожнікавых каналах мы падтрымлівалі сувязь з Вялікай зямлёй, і менавіта тут вырашаліся ўсе стратэгічныя пытанні. Праца, якой мы займаемся ў Антарктыдзе, — руцінная, нават рамесніцкая. А вось ад дакладных дзеянняў тых, хто адказваў за дзейнасць экспедыцыі, залежалі бяспека і жыццё людзей, якія некалькі месяцаў знаходзіліся на ледзяным кантыненце.

Дарэчы, вага экспедыцыйнага грузу, у які ўвайшлі прыборы для навуковых назіранняў, сродкі сувязі і экспедыцыйны рыштунак, складала 4 тоны! Ён быў дастаўлены да месца прызначэння расійскім навукова-экспедыцыйным суднам «Акадэмік Фёдараў». Беларускія навукоўцы традыцыйна накіроўваюцца на Паўднёвы полюс Зямлі, далучаючыся да расійскіх антарктычных экспедыцый.

Не турыстычная паездка

Удзельнікамі апошняй беларускай экспедыцыі сталі пяць чалавек: намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, інжынер-радыёметрыст Міхаіл Кароль (навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі), інжынер-эколаг Уладзіслаў Мямін (дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ), інжынер-геафізік Павел Шаблыка (стажор-даследчык Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі) і інжынер-механік Уладзімір Алфімаў (МАЗ).

Для Міхаіла Караля гэта была ўжо трэцяя палярная экспедыцыя, для Уладзіслава Мяміна — другая. Але былі ў экспедыцыі і два дэбютанты. 25-гадовы Павел Шаблыка ўсяго два гады таму скончыў геаграфічны факультэт БДУ. На ледзяны кантынент у лістападзе мінулага года ён адправіўся стажорам, а падчас урачыстага прыёму ў акадэміі даведаўся, што стаў малодшым навуковым супрацоўнікам. Цікавімся ў яго: да чаго немагчыма было падрыхтавацца, адпраўляючыся ў далёкае падарожжа, і што стала самым складаным у экспедыцыі?

— Ні да чога немагчыма падрыхтавацца, бо гэта зусім іншы свет: стасункі ў замкнёнай прасторы, вялікія штодзённыя нагрузкі, адсутнасць сувязі, да якой мы ў штодзённым жыцці прызвычаіліся і не звяртаем на яе ўвагі, складаныя кліматычныя ўмовы. Але жаданне зноў трапіць у экспедыцыю ў мяне ёсць, — канстатуе ён.

Між іншым, другі раз на працу ў палярныя шыроты вяртаюцца толькі 30-40% з тых, каму давялося пабываць на ледзяным кантыненце. Дастаткова сказаць, што дарога ў Антарктыку і назад займае больш як тры месяцы. Спачатку самалётам, а затым — доўгі шлях на караблі ...

— Прафесіяналізм і адказнае стаўленне да сваёй справы, безумоўна, важныя, — прызнаецца Аляксей Гайдашоў, — але галоўнае ва ўмовах ізаляцыі ад Вялікай зямлі ўсё ж — поўная псіхалагічная сумяшчальнасць удзельнікаў экспедыцыі, іх кантактнасць, камунікабельнасць і маральна-валявыя якасці. Каб можна было цалкам давяраць чалавеку, што знаходзіцца побач з табой.

У таго, хто адпраўляецца ў экспедыцыю, павінна быць свая тэма і гатоўнасць выконваць работу і па іншых напрамках. Геафізік Павел Шаблыка займаўся геалакацыяй і назіраннямі за ваганнямі магнітнага поля Зямлі і магнітнымі анамаліямі. Але паколькі яго работа вымагала пастаяннага знаходжання, так бы мовіць, на свежым паветры, а метэаўмовы, у прыватнасці, моцны вецер (да 40 метраў за секунду), не заўсёды дазвалялі яму гэта рабіць, то Паўлу давялося ўзяць на сябе і бытавыя пытанні.

— Ён быў нашым карміцелем, за што мы яму вельмі ўдзячныя, — усміхаецца Аляксей Гайдашоў, — бо Паша вельмі спрасціў наша існаванне.

Ад мары да рэальнасці

Беларускія палярнікі жылі і працавалі на станцыі «Гара Вячэрняя», на старой інфраструктуры, створанай яшчэ ў савецкія часы. Там пытанні жыццезабеспячэння займаюць у каманды 60—70% усяго часу...

— Умовы для правядзення навуковых даследаванняў на станцыі даволі спецыфічныя, — прызнаецца Уладзіслаў Мямін. — Напрыклад, у лабараторыі, дзе я быў вымушаны працаваць, было ўсяго 8-9 градусаў цяпла. А мне, як мікрабіёлагу, даводзілася сеяць бактэрыі, рыхтаваць пажыўнае асяроддзе, вылучаць ДНК... Таму будаўніцтва ўласнай сучаснай палярнай станцыі для Беларусі надзвычай важнае.

Плануецца, што першую чаргу станцыі пабудуюць да 2018 года. Аб'ект будзе складацца з 8—10 модуляў памерам з марскі кантэйнер і збірацца, як канструктар. Прадугледжаны аўтаномнае энергазабеспячэнне кожнага модуля (гэта значыць, што ў кожным модулі будзе свой генератар на аварыйныя выпадкі), клімат-кантроль, сістэма сувязі паміж модулямі, навігацыйныя сістэмы. Але самае галоўнае — модулі не патрабуюць капітальнага будаўніцтва. З борта карабля яны верталётам будуць дастаўляцца на ўзбярэжжа, і для іх устаноўкі не спатрэбяцца ні краны, ні бульдозеры. Да таго ж станцыя лёгка дэмантуецца.

Удзельнікі сёмай Беларускай антарктычнай экспедыцыі Уладзіслаў Мямін, Павел Шаблыка, Аляксей Гайдашоў і Міхаіл Кароль.

26-37

26-37

 

Падзел «пірага»

Абсалютна ўсе ўпэўнены, што наяўнасць сваёй палярнай станцыі — гэта выхад на прынцыпова новы ўзровень.

— Без сваёй станцыі мы ніколі не станем кансультатыўным бокам у Міжнародным дагаворы па Антарктыцы, не будзем мець права голасу і вета на кансультатыўных нарадах, дзе вырашаюцца ўсе пытанні і аспекты прысутнасці ў Антарктыдзе, — падкрэслівае акадэмік Уладзімір ЛОГІНАЎ, які стаяў ля вытокаў беларускай арктычнай праграмы. — І калі праз колькі дзясяткаў гадоў распачнецца падзел гэтага «пірага», то мы будзем знаходзіцца на «прыстаўным крэсле». А пытанні аб размежаванні зон уплыву на кантыненце абавязкова паўстануць. Таму недастаткова проста далучыцца да дагавора... Нам патрэбны навуковыя вынікі, якія не сорамна будзе прад'явіць сусветнай навуковай грамадскасці. І вось тады можна будзе ставіць перад урадам пытанне аб святкаванні ў нашай краіне Дня палярніка.

Дарэчы, колькасць беларусаў, якія ўдзельнічалі ў экспедыцыях у палярныя шыроты, складае каля 100 чалавек: гэта і біёлагі, і мэтэаролагі, і геафізікі, і будаўнікі. Адзін з іх— прадстаўнік Навукова-вытворчага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Юрый Гігіняк. Першы раз ён быў у Антарктыдзе ў складзе яшчэ савецкай экспедыцыі ў 1971 годзе, калі яму было 24 гады. А апошні раз — у 2013/2014 гадах у складзе шостай Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

— Беларусы ўдзельнічалі практычна ва ўсіх савецкіх экспедыцыях, таму гэта і наша зямля, — упэўнена заяўляе Юрый Гігіняк. — У Беларусі створана свая моцная школа палярных біёлагаў. Мы прымяняем у палярных умовах самыя сучасныя метады даследавання. Вывучаем, як уздзейнічае ультрафіялет на жывыя арганізмы. Завезлі на станцыю ўстаноўкі, якія дазваляюць вырошчваць зеляніну, таму ў членаў апошняй экспедыцыі была магчымасць атрымліваць натуральныя вітаміны з вырашчанай у Антарктыдзе салаты і кропу.

Падчас апошняй экспедыцыі вялікі ўпор рабіўся на мікрабіялогію — гэты напрамак адкрывае цікавыя перспектывы для развіцця біятэхналогій. Аляксей Гайдашоў расказаў пра адно назіранне.

— Як бы мы ні стараліся быць акуратнымі, але ў Антарктыцы ўсё ж здараюцца невялікія разлівы бензіну ці саляркі. На наступны дзень на месцы разліву нафтапрадуктаў з'яўляецца бурая пена. Калі яе даследавалі мікрабіёлагі, то высветлілася, што гэта мясцовыя віды бактэрый, якія селяцца на гэтым субстраце, сілкуюцца ім і такім чынам знішчаюць. Мне здаецца, што гэтае адкрыццё можа аказацца вельмі перспектыўным. Нас цікавяць і бактэрыі, якія жывуць у скаваных ільдамі антарктычных вадаёмах, у прыватнасці, механізмы іх выжывання. Мяркую, што гучныя адкрыцці яшчэ наперадзе.

Доктар — не раскоша

Вялікай удачай палярнікі лічаць пашырэнне складу экспедыцыі з трох да пяці чалавек.

— Гэта адразу адбілася на эфектыўнасці нашай работы, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў. — Хацелася, каб была разгледжана магчымасць уключэння ў склад экспедыцыі тэхнічнага спецыяліста. Гэта не толькі дазволіла б нам больш часу ўдзяляць навуковай рабоце, а павысілася б бяспека энергазабеспячэння, вырашаліся б многія тэхнічныя пытанні... І абавязкова ў складзе экспедыцыі павінен быць кваліфікаваны урач, бо на вагах — жыццё і бяспека людзей. Да найбліжэйшай расійскай станцыі, дзе ёсць урач, 27 кіламетраў, і пры пэўных умовах гэтая адлегласць можа аказацца непераадольнай. Не трэба думаць, што ўрач адправіцца ў Антарктыду ў якасці турыста або вясельнага генерала. Ён можа ўзяць на сябе абавязкі кухара і эколага, сачыць за санітарным станам на станцыі і вакол яе. Работа для яго абавязкова знойдзецца. Ахвотныя, якія рвуцца ў бой, ёсць.

Першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Чыжык расказаў, што ўжо падрыхтавана канцэпцыя новай дзяржаўнай праграмы маніторынгу палярных раёнаў Зямлі і забеспячэння дзейнасці антарктычных экспедыцый на 2016—2020 гады і на перыяд да 2025 года. Напрыклад, у планах Акадэміі навук — выпрабаванне ў Антарктыцы беспілотніка, які дапаможа навукоўцам у назіранні за лядовым становішчам, за жывёльным светам. Ёсць і іншыя цікавыя напрамкі...

Члены сёмай экспедыцыі падарылі, ці, больш дакладна будзе сказаць, вярнулі кіраўніцтву Акадэміі навук сцяг, які быў перададзены ім тры гады таму.

— Гэта наш верны сябар і баявы таварыш, — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў. — На ім пазначаны ўсе нашы маршруты. І гэты сцяг узнімаўся на полюсе холаду Зямлі, на расійскай станцыі «Усход», дзе зафіксавана самая нізкая тэмпература на планеце — мінус 89,2 градуса.

Ці варта здзіўляцца прапанове, якая прагучала ад генетыкаў, — стварыць генетычны пашпарт беларускіх палярнікаў (накшталт генетычнага пашпарту спартсменаў)? Можа, у ДНК гэтых мужных і вынослівых людзей закладзена штосьці, чаго няма ва ўсіх нас? Кажуць, што нават псіхалагічная ўстойлівасць праграмуецца прыродай...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.