Вы тут

Літаратар з... суседняга дома


26-10Гродзенскіх пісьменнікаў і паэтаў цяпер можна ўбачыць не толькі на прэзентацыях кніг і літаратурных канферэнцыях, але і на тэлеэкране. Бліжэй пазнаёміцца з імі прапануе праект «Літаратар» тэлерадыёкампаніі «Гродна». Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з аўтарам праграмы Дар'яй ХОХАЙ.
— Ідэя праграмы, пэўна, звязана са святам беларускага пісьменства, якое сёлета будзе адзначацца ў Шчучыне...
— Так. Праграма, якую мы робім у партнёрстве з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, скіравана на тое, каб пазнаёміць жыхароў Прынямоння з нашымі землякамі — пісьменнікамі і паэтамі. З людзьмі, з якімі мы жывём побач, нічога альбо зусім мала пра іх ведаючы. Прыходзіш, здаралася, у працоўны калектыў героя праграмы, а там... упершыню чуюць, што ён не толькі настаўнік, але і літаратар. Сумна, вядома. І задача нашай праграмы — прыцягнуць увагу да цікавых асоб і іх творчасці.
— Вы ў праграме толькі журналіст ці яшчэ і чытач твораў сваіх субяседнікаў?
— Калі рыхтуюся да інтэрв'ю, то стараюся пачытаць кнігі гэтых аўтараў. Не скажу, што ўсе яны асабіста мне даспадобы. Але ёсць і тое, што не пакідае абыякавым. Напрыклад, мне вельмі спадабаліся выдатная казка Галіны Самойлы «Чароўны ліхтарык», публіцыстыка Ірыны Шатыронак. Дарэчы, па літаратарах адразу бачыш: калі чалавек начытаны, то ў яго творах няма нейкіх штампаў.
— Да кожнага субяседніка, зразумела, павінен быць свой падыход, каб праграмы не нагадвалі блізнят...
— Інакш і немагчыма, бо кожны чалавек, а тым больш творчы, — гэта свая «планета». Напрыклад, Пётр Сямінскі нам запомніўся цудоўным пачуццём гумару і таму праграма пачалася з адпаведнай жартаўлівай «запеўкі». Галіна Самойла раскрылася ў інтэрв'ю не толькі як літаратар, але і збіральнік генеалагічнага дрэва свайго роду, у якім шмат людзей з творчымі здольнасцямі. Хтосьці хоча зрабіць акцэнт на сваім асабістым жыцці, іншыя — больш расказаць пра сваю творчасць, літаратуру ўвогуле, даць пэўныя парады чытачам. Таму праграмы атрымліваюцца рознымі.
— Літаратараў на Гродзеншчыне, па вялікім рахунку, не так ужо і шмат. Таму ці ёсць ў праграмы часавыя «рамкі»?
— Мяркую, што яе фармат можа змяняцца і тэматыка не абмяжуецца толькі аповедам пра пісьменнікаў і паэтаў, а будзе ўвогуле служыць папулярызацыі літаратуры, чытання кніг, абмеркаванню надзённых праблем у гэтай сферы.
— Аднак ці будзе «зваротная сувязь»? Прыярытэт жа цяпер, мусіць, маюць не друкаваныя выданні, а інтэрнэт...
— Мы гэтую тэму абмяркоўвалі з некаторымі літаратарамі. Што тычыцца маёй асабістай пазіцыі, то я не згодна, што чытанне кніг — гэта нешта аджыўшае ў параўнанні з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. І я чытаю кнігі (цяпер, напрыклад, «Вяшчун» Джона Фаўлза), і многія мае сябры. Прынамсі ў маім асяроддзі чытаць стала, так бы мовіць, модна — Бродскага, Цвятаеву, іншых аўтараў. Асабіста мне больш прыемна трымаць кнігу ў руках. Хаця, у прынцыпе, важна не форма падачы літаратуры, а ў большай ступені яе змест. Калі друкаваную кнігу любімага аўтара знайсці складана, то можна пачытаць і за камп'ютарам.
— Але ці чытаюць? Нядаўна ў Мінску зайшоў у метро, а там пасажыры не з кнігамі, як калісьці, а з ноўтбукамі...
— А можа, у ноўтбуку кніга?
— Значыць, не ўсё так кепска з чытаннем кніг?
— Я ўпэўнена, што хутка ў нас літаратура перажыве нейкае адраджэнне.
— Ці ёсць водгукі тэлегледачоў на праграму «Літаратар»?
— Літаратары тэлефануюць мне і кажуць, што ім паступае шмат званкоў ад сяброў, знаёмых, якія, дзякуючы праграме, адкрылі для сябе штосьці дагэтуль невядомае, цікавае. І ўжо гэта прыемна мне, як журналісту.
Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.