Вы тут

Сваё заўсёды смачнейшае


Кааператары плануюць сёлета закупляць усе лішкі сельгаспрадукцыі ў насельніцтва.

Доля тавараў айчыннай вытворчасці ў рэалізацыі Белкаапсаюза складае каля 93%, паведаміў старшыня праўлення арганізацыі Валерый Іваноў на агульным сходзе саюза, дзе былі падведзены вынікі працы спажевецкай кааперацыі за 2010-2014 гады.

Канкурэнты «глыбока не капаюць»

Яшчэ перад пачаткам сходу міністр гандлю Валянцін Чаканаў адзначыў, што сёння саюзу неабходна захаваць існуючы таваразварот: «Для нас важна, каб абласныя, раённыя спажыўтаварыствы не гублялі сваю вагу ў рэгіёнах». Міністр падкрэсліў, што ў існуючай эканамічнай сітуацыі як ніколі важная праца Белкаапсаюза, таму што менавіта спажыўкааперацыя з'яўляецца асноўным партнёрам гандлю па забеспячэнні сельскага насельніцтва харчаваннем.

Пры гэтым Валянцін Чаканаў канстатаваў, што цяпер доля кааперацыі ў агульным таваразвароце зніжаецца. «З'явілася шмат сетак і буйных крам, якія таксама хочуць прыйсці на сяло і абслугоўваць там насельніцтва. Але ў глыбінку яны асабліва не жадаюць ісці, дзе ў асноўным працуе Белкаапсаюз. Таму значнасць яго і важнасць самая сур'ёзная», — падкрэсліў міністр. Кіраўнік паведаміў, што некаторыя прыватныя прадпрыемствы ездзяць у далёкія вёскі без пэўнага графіка і не забяспечваюць у поўным аб'ёме сельскае насельніцтва харчаваннем. Часцей за ўсё яны прыязджаюць туды, дзе большая колькасць людзей. А неабходна, каб забеспячэнне насельніцтва на вёсцы было пастаянным, каб там быў якасны асартымент, лічыць міністр.

26-29

І вёска палюбіць безнаяўныя разлікі

У цэлым па Белкаапсаюзу рознічны таваразварот гандлю за пяць гадоў узрос на 26%. Адкрыта 54 буйныя гандлёвыя аб'екты, 458 новых сучасных магазінаў крокавай даступнасці, праведзена мадэрнізацыя і рэканструкцыя 137 дзейных гандлёвых аб'ектаў.

Валерый Іваноў канстатаваў, што ў райцэнтрах была арганізавана работа 873 спецыялізаваных пунктаў па рэалізацыі нехарчовых тавараў, у тым ліку фарматаў «Будматэрыялы», «Мэбля», «Тэхніка», «Дзіцячы свет» і «Гаспадарчыя тавары». З мэтай папулярызацыі прадукцыі айчынных прамысловых прадпрыемстваў з 2012 года вядзецца актыўная праца па стварэнні фірменных гандлёвых аб'ектаў з элементамі франчайзінгу.

Для павелічэння долі безнаяўных разлікаў у гандлёвай сетцы за пяць гадоў было дадаткова ўстаноўлена амаль 6 тысяч банкаўскіх плацежных тэрміналаў (толькі летась — 749). Безнаяўныя разлікі ажыццяўляюць цяпер больш за 7 тысяч гандлёвых аб'ектаў сістэмы або 83% ад іх агульнай колькасці.

Летась завершана рэалізацыя даручэння Прэзідэнта Беларусі аб стапрацэнтным абслугоўванні аўтакрамамі тры разы на тыдзень сельскіх населеных пунктаў, у якіх адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка. За 5 гадоў набыта 483 аўтакрамы.

На працягу пяці апошніх гадоў было адкрыта 220 аб'ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку 85 спецыялізаваных, 22 аб'екты прыдарожнага сэрвісу, адрамантаваны і тэхнічна перааснашчаны 533 аб'екты, 44 кандытарскія цэхі, набыта і ўстаноўлена 3 тысячы адзінак тэхналагічнага абсталявання. Такім чынам, на 1 студзеня 2015 галіна грамадскага харчавання спажывецкай кааперацыі прадстаўлена 2,1 тысячы аб'ектамі на 116 тысяч месцаў, у тым ліку 134 пунктамі харчавання прыдарожнага сэрвісу.

Па хатніх рэцэптах

За 5 гадоў аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў цэлым па сістэме ўзрос на 14%. За гэты час праведзена мадэрнізацыя 56 прамысловых аб'ектаў. Менавіта гэта дазволіла значна павысіць фінансавую ўстойлівасць прамысловых прадпрыемстваў, чысты прыбытак якіх павялічыўся ў 7 разоў у параўнанні з 2010 годам.

Мадэрнізацыя ў гэтым спектры вялася такім чынам, каб не толькі павялічыць аб'ёмы, але і захаваць нацыянальны каларыт нашых прадуктаў. Толькі летась выраблена прадуктаў з мяса па нацыянальных «хатніх» рэцэптах 11,8 тысячы тон, што ў 1,5 раза больш за ўзровень 2009 года. З мэтай павелічэння аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі квашання, салення і мачэння праведзена работа па мадэрнізацыі і ўзбуйненні квасільна-засолачных цэхаў.

Сфарміраваная ў насельніцтва ўстойлівая думка пра натуральнасць і экалагічнасць прадукцыі, якую вырабляюць кааператары, абавязвае гэтую галіну да павелічэння аб'ёмаў вытворчасці традыцыйнымі метадамі, асабліва ў хлебапячэнні, мясаперапрацоўцы, перапрацоўцы плодаагародніннай і дзікарослай сыравіны, упэўнены Валерый Іваноў.

Купіць і не пакрыўдзіць

Цяпер спажывецкая кааперацыя забяспечвае штогадовы рост закупак у насельніцтва лішкаў сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі. «Наша асноўная мэта — закупіць усю прадукцыю, якую нам гатовы прадаць, перапрацаваць яе і рэалізаваць», — адзначыў Валерый Іваноў. Паводле яго слоў, развіццё нарыхтоўчых комплексаў дазволіла за апошнія пяць гадоў павялічыць аб'ём закупак у насельніцтва практычна ў два разы.

Старшыня канстатаваў, што летась за здадзеную прадукцыю насельніцтва атрымала 1,4 трлн рублёў. Пры гэтым былі закуплены рэкордныя аб'ёмы па такіх відах прадукцыі, як агуркі, морква, лом чорных і каляровых металаў, поліэтылен, шкляная тара. «Для максімальнага засваення лішкаў прымаюцца захады па своечасовым інфармаванні насельніцтва аб патрабаваннях да якасці прадукцыі, закупачных цэнах і месцах размяшчэння прыёмных пунктаў», — паведаміў старшыня Белкаапсаюза. Да задач на наступную пяцігодку Валерый Іваноў аднёс арганізацыю актыўнага супрацоўніцтва з фермерскімі гаспадаркамі для круглагадовага задавальнення патрэб гандлю і стабільнай наяўнасці экспартных рэсурсаў.

Ідэальнае кіраванне

Белкаапсаюз будзе актыўна ўкараняць сучасныя праграмныя комплексы кіравання фінансавымі і інфармацыйнымі патокамі, паведаміў Валерый Іваноў.

Кіраўнік упэўнены, што гэта дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць спажывецкіх арганізацый на рынку, забяспечыць гнуткасць і дынамічнасць сістэмы, а таксама «хуткую адаптацыю да зменлівых умоў рыначнага асяроддзя».

«На базе нашага аптова-лагістычнага цэнтра пачалося ўкараненне аўтаматызаванай сістэмы кіравання з паэтапным падключэннем да гэтай сістэмы рэгіянальных аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Гэта дазволіць дасягнуць канчатковай мэты — павышэння прыбытку і эфектыўнасці аб'ектаў», — канстатаваў Валерый Іваноў.

Карміць норку па-новаму

У сістэме дзейнічае 6 зверагаспадарак, якія вырошчваюць норак, пясцоў і ліс. Наладжана ўласная перапрацоўка пушніны і выпуск гатовых вырабаў з айчыннай сыравіны. У рэспубліканскіх аб'ёмах вытворчасці пушніны Белкаапсаюз займае вядучае месца (больш за 90% шкурак пушных звяроў).

Унітарным прадпрыемствам «Калінкавіцкая зверагаспадарка Белкаапсаюза» ў чэрвені будзе запушчаны цэх корманарыхтоўкі, укамплектаваны самым сучасным фінскім спецабсталяваннем. Гэта дазволіць забяспечваць кармленне звяроў па новым рацыёне ў Калінкавіцкай і Бабруйскай зверагаспадарках. Валерый Іваноў паведаміў, што сёлета ў ліпені завершыцца рэалізацыя інавацыйнага праекта па стварэнні ў Гродзенскім раёне прынцыпова новай зверагаспадаркі з укараненнем у ёй апошніх тэхнічных сусветных дасягненняў у галіне зверагадоўлі. Яна будзе адпавядаць найлепшым еўрапейскім аналагам, дзе пад аўтаматызацыю трапяць усе тэхналагічныя працэсы, што дазволіць утрымліваць да 40 тысяч галоў норкі матачнага пагалоўя скандынаўскага генатыпу і штогод атрымліваць да 200 тысяч шкурак норкі для рэалізацыі на экспарт.

У мінулым сезоне на кааператыўных зверафермах выраблена 937 тысяч шкурак норкі, больш за 4 тысячы шкурак лісіцы і пясца.

Нашы кансервы з'ядуць у Партугаліі і ЗША

Цяпер экспартам у спажывецкай кааперацыі займаецца больш за 150 арганізацый. За мінулыя пяць гадоў імі на экспарт адгружана прадукцыі на суму 312 млн долараў. Станоўчае сальда знешнегандлёвага абароту склала 163 млн долараў. Кіраўнік Белкаапсаюза адзначыў, што за 5 гадоў істотна павялічана наменклатура экспарту плодаагародніннай прадукцыі. Цяпер, акрамя традыцыйных буракоў, морквы, капусты і цыбулі, экспартуюцца таматы, агуркі, ранняя бульба, кабачкі, яблыкі, грушы, садовыя ягады. Так, летась аб'ёмы экспарту свежых гародніны і садавіны былі павялічаны ў 5,2 раза ў параўнанні з 2010 годам.

Арганізавана перапрацоўка гарбарнай сыравіны на давальніцкіх умовах на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці для наступнага экспарту дубленых шкур і іншых гарбарных прадуктаў. Павялічаны экспарт гатовай харчовай прадукцыі, якая выпускаецца прамысловымі прадпрыемствамі саюза (на экспарт пастаўляюцца плодаагароднінныя кансервы, квашаная і салёная гародніна, хлебабулачныя вырабы, мінеральная вада і напоі).

Пашырана геаграфія экспартных паставак, асвоены новыя рынкі (Партугаліі, В'етнама, ЗША, Індыі і Туркменістана).

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.