Вы тут

Устойлівы, значыць багаты


Краіне патрэбны хуткія рэформы і тэхналагічная вытворчасць.

Тыдзень устойлівага развіцця прайшоў у сталіцы. На працягу некалькіх дзён міжнародныя эксперты з Германіі, Польшчы, Швецыі разам з прадстаўнікамі дзяржорганаў, бізнесу, грамадскіх ініцыятыў і арганізацый Беларусі абмяркоўвалі актуальныя праблемы рэгіянальнага і мясцовага развіцця. Пад увагу трапілі пытанні эканомікі, заснаванай на «зялёных тэхналогіях», мадэрнізацыі і ўстойлівага спажывання рэсурсаў, эфектыўнага супрацоўніцтва грамадзян, бізнесу і грамадскіх арганізацый. Таксама былі агучаны дэмаграфічныя прагнозы для Беларусі.

Чалавек і прырода

Пытанні спажывання неаднаўляльных рэсурсаў маюць вялікае значэнне для ўсяго чалавецтва. Як адзначыў каардынатар праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі Марцін Шон-Чанішвілі, калі жыць і спажываць рэсурсы ў такім жа тэмпе, у якім гэта адбываецца цяпер, то досыць хутка яны скончацца.

«Актуальным пытаннем сёння з'яўляецца пастаноўка мэт, якія дапамогуць расці і развівацца, улічваючы памяншэнне неаднаўляльных рэсурсаў. Я лічу, што Нацыянальная стратэгія развіцця Беларусі ўжо змяшчае шэраг мэтаў і асноўных прынцыпаў, якія рэалізуюць стратэгію ўстойлівага развіцця. Цяпер важна ўсім сумесна думаць пра тое, як гэтыя мэты можна рэалізаваць», — растлумачыў каардынатар праграмы.

Намеснік дырэктара навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Беларусі Людміла Баравік удакладніла, што Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця прадугледжвае рашэнне праблем па трох прыярытэтных кампанентах: чалавек, прырода і эканоміка.

«Асноўная наша пагроза сёння — гэта страта працоўнага патэнцыялу краіны і старэнне нацыі. З пункту гледжання эканомікі, сёння ў Беларусі існуе пагроза павольных структурных рэформаў і вялікі ўзровень тэхналагічнага адставання ад еўрапейскіх краін, калі не змяніць структуру нашай эканомікі. Беларуская доля высокатэхналагічнага сектара складае 2%, у той час як у некаторых развітых краінах — 10-12%. Пагрозай для нас таксама з'яўляецца вычарпанне неаднаўляльных рэсурсаў», — адзначыла намеснік дырэктара.

Кіраўнікі самі разбяруцца

У Нацыянальнай стратэгіі таксама распрацаваны канцэпцыі структурных рэформаў. Напрыклад, удасканаленне сістэмы кіравання, рэфармаванне эканомікі за кошт развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей і інавацыйных тэхналогій. Паводле слоў Людмілы Баравік, дадаткова можна вылучыць пагрозу развіцця разрыву ў паказчыках узроўняў жыцця ў рэгіёнах.

«У Нацыянальнай стратэгіі пастаўлена амбіцыйная задача — павялічыць долю малога бізнесу ў ВУП краіны з 22% да 50% у 2030 годзе. Таксама важным напрамкам у рэфармаванні з'яўляецца павышэнне якасці кіравання дзяржуласнасцю. У будучыні міністэрствы і канцэрны павінны адысці ад ролі кіравання гаспадарчай дзейнасцю і засяродзіцца на выпрацоўцы агульнай стратэгіі развіцця галіны. Функцыі гаспадарчага кіравання павінны быць перададзены непасрэдна кіраўнікам прадпрыемстваў», — адзначыла намеснік дырэктара эканамічнага інстытута.

Таксама яна назвала асноўныя напрамкі ў эканоміцы, якія ў перспектыве будуць прыносіць істотны аб'ём чыстага прыбытку для Беларусі. Як вядома, асноўныя даход краіна мае з продажу нафтапрадуктаў і харчовай прамысловасці. Але ў будучыні плануецца зрабіць стаўку на сферу ІТ-паслуга, дзе ў Беларусі ёсць спецыялісты і напрацоўкі, а таксама на развіццё фатонікі і оптаэлектронікі.

Вяскоўцаў стане менш

Па словах Людмілы Баравік, перш чым распрацоўваць Нацыянальную стратэгію, неабходна ведаць дэмаграфічны патэнцыял краіны. У апошнія гады намеціліся пазітыўныя тэндэнцыі. Запаволіўся тэмп натуральнага змяншэння насельніцтва, павялічылася нараджальнасць і працягласць жыцця. Пачынаючы з 2013 года ўпершыню за 20 гадоў колькасць насельніцтва краіны пачала расці. Аднак яго прырост на дадзены момант адбываецца ў асноўным у сталіцы. У іншых рэгіёнах колькасць насельніцтва ўстойліва скарачаецца. Агульныя страты насельніцтва за 14 гадоў склалі каля 5% — 476 тысяч чалавек. Згодна з бягучым дэмаграфічным прагнозам, рост насельніцтва будзе назірацца да 2022 года. Далей колькасць пачне змяншацца. Яна стабілізуецца на ўзроўні 9,5 млн чалавек. Устойліва будзе расці колькасць гараджан, і змяншацца — сельскіх жыхароў. Да 2030 года вёска страціць пятую частку насельніцтва — 485 тысяч чалавек. Гэта адбываецца як за кошт натуральных страт, так і за кошт міграцыйнага адтоку. Прырост гараджан складзе 463 тысячы — больш за 6%, у асноўным за кошт міграцыі.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.