Вы тут

Вадзім Дзевятоўскі: «Людзі прыходзяць і проста выказацца...»


Вядомы спартсмен, алімпійскі прызёр, парламентарый Вадзім Дзевятоўскі прымаў грамадзян у Наваполацку. Адтуль ён родам, з'яўляецца дэпутатам Наваполацкай выбарчай акругі №25. Цікава, што сустрэцца з народным выбраннікам пажадалі не толькі гараджане. У прыватнасці, прыехалі людзі аж з Віцебскага раёна. Карэспандэнт «Звязды», які шмат разоў прысутнічаў на такіх прыёмах, здзівіўся нечаканаму пачатку мерапрыемства. Дэпутат першай наведвальніцы, паэтцы, прачытаў уласныя вершаваныя радкі. Зрабіў гэта ў адказ, пачуўшы верш з яе вуснаў. Дама высока ацаніла твор, прысвечаны вайне. З такой лірычнай «ноткі» і пачаўся прыём.

Дапамажыце цяжарнай сіраце!

Тамара Кавалёва, член грамадскага аб'яднання «Беларускі літаратурны саюз «Полацкая галіна» прапанавала Вадзіму Анатольевічу пасупрацоўнічаць у арганізацыі міжнароднага літаратурнага форуму «Славянская ліра-2015». Ён запланаваны на лета і становіцца традыцыйным.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Таццяна Шалатоніна з гарадскога пасёлка Баравуха-1 з болем у душы расказала пра цяжарную дзяўчыну, сірату, якой няма дзе жыць.

— Выпадкова з Вольгай пазнаёмілася. Яна — сірата пры жывых бацьках. Апошніх пазбавілі бацькоўскіх правоў. У чэрвені нараджаць ёй. Звярталася я да адказных асоб, на «гарачую лінію» наконт жылля... Прапанавалі варыянт. Але там, як той казаў, голыя сцены, як пасля бамбёжкі. Калі б не чакала дзіцяці, дык на працу ўладкавалася мо і жыллё далі ў інтэрнаце. Але ж хто яе цяжарную возьме? Ды і не аддадуць немаўля, таму што няма дзе рэгістраваць па месцы жыхарства, — распавядала неабыякавая жанчына.

Дэпутат сказаў, што раней такіх зваротаў не было. Паспрабуе знайсці вырашэнне гэтай даволі нестандартнай жыццёвай праблемы. Вадзім Анатольевіч падзякаваў жанчыне за яе ўдзел у лёсе чужога ёй чалавека.

Чарговы наведвальнік даволі блытана і доўга распавядаў пра тое, што суд не мае рацыі. Сказаў, што пакрыўджаны ў выніку разгляду справы наконт спрэчнага жылля. Вядома, дэпутаты не маюць права ўмешвацца ў дзейнасць судоў. Але ж у грамадзян ёсць магчымасць абскардзіць «няправільнае», на іх погляд, рашэнне ў вышэйшых судах.

Пра хакей і... радавыя маёнткі

Наваполацк не толькі «нафтаград», але і кузня «зорак» для беларускага хакея. Вадзім Дзевятоўскі шлях у вялікі спорт пачынаў таксама ў правінцыі. Прадстаўнікі хакейнага клуба «Хімік» агучылі свае праблемы. І ён добра зразумеў суразмоўцаў. Так, няправільна, калі несвоечасова выплачваюць заробак. Зразумела, з якім настроем гулялі хакеісты, калі на рукі выдавалі ўсяго 2 мільёны рублёў. Астатняе, маўляў, пачакаць трэба... Бывае, такія праблемы ўзнікалі, на жаль, у розных беларускіх клубах. Мужчыны ўпэўнены, што кіраваць клубам павінны людзі, якія разумеюць, што такое хакей.

— Калі ёсць такі, падкажыце! Хто мог бы ўзяцца? Прапаноўвайце! Можа, як варыянт: кіруе чалавек «не ад хакея», а намеснік яго — з былых хакеістаў? — прапанаваў падумаць дэпутат.

І ў сваю чаргу паведаміў пра перспектыву будаўніцтва ў Наваполацку вялікага лядовага палаца.
У ім паралельна маглі б праводзіць і канцэрты, розныя фэсты... Не выключаецца, што ў «трансформеры» будзе і водная «пляцоўка».

Жыхары вёскі Гара Віцебскага раёна расказалі дэпутату пра радавыя маёнткі. «Звязда» некалькі гадоў таму першай зрабіла рэпартаж адтуль. Нагадаю, у глыбінку моладзь пераязджае з Віцебска, нават з Мінска. «Горцы» не ўжываюць спіртное, не кураць, вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю. Ёсць аналагічнае паселішча ў Мінскай вобласці. Энтузіясты распавялі, што ў Расіі актыўна абмяркоўваюць прыняцце закона аб радавых маёнтках. І ў некаторых расійскіх рэгіёнах улада, дзвюма рукамі «за». Дык трэба ж і нам не адставаць...

— Прывезлі вам нашы напрацоўкі галоўных пунктаў магчымага закона. У ім канкрэтызавана многае: плошча ўчастка радавога маёнтка, форма ўласнасці на зямлю... Ёсць прапановы і наконт магчымасці перадачы яе ў спадчыну, — распавёў Уладзіслаў Мішурны.

Дэпутат Дзевятоўскі — намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. Таму яму, зразумела, імпануе ўсё, што, спрыяе здароўю, пазбаўленню ад шкодных звычак. Але трэба разабрацца. Ці будзе зразумелай ідэя тым, ад каго залежыць, каб запусціць адпаведны механізм? Паабяцаў скласці ліст, пацікавіцца.

І мабільнае пытанне

Наўрад ці чытачам хацелася б жыць у доме, на даху якога аж пяць антэн мабільнай сувязі. Жыльцы такога дома, якія патурбавалі дэпутата, не вераць у тлумачэнні наконт таго, што гэтыя прылады бяспечныя. Дарэчы, у інтэрнэце перыядычна «ўсплываюць» артыкулы пра адваротнае. Група незадаволеных людзей вельмі эмацыянальна падзялілася сваімі бедамі. Сказалі, што з-за тых базавых станцый здароўе ў многіх пагоршылася. Пацверджанне пагрозы для здароўя, на іх погляд, і ў тым, што нават тараканы зніклі.

— Тыя антэны належаць тром кампаніям. З намі сустракаліся прадстаўнікі адной з іх. Мы пачулі, што за арэнду даха штомесяц спраўна ў гарвыканкам пералічаюцца грошы. Дык хаця б рамонт зрабілі дома, якому ўжо больш як 30 гадоў. Было б добра, калі б адказныя асобы частку тых сум патрацілі на рамонт цокаля, пад'ездаў, двор бы ў парадак прывялі, — перабіваючы адзін аднаго скардзіліся гараджане.

Каментуючы вынікі прыёму, дэпутат адзначыў, што ўжо сталі традыцыйнымі звароты людзей, незадаволеных судовымі рашэннямі па пытаннях добраўпарадкавання... Заўважыў, што ў апошні час нямала тых, хто звяртаецца па дапамогу ў пошуку працы.

— Я ўжо атрымаў больш за 400 зваротаў, — удакладніў Вадзім Дзевятоўскі. — Сярод іх па судовых справах — прыкладна 20%, па працаўладкаванні — прыкладна 15%, па розных ініцыятывах — прыкладна 10%. Астатнія, скажам так, у раздзеле «Рознае»... Заўсёды прыемна бачыць людзей неабыякавых. Я пра тых, хто хоча заручыцца падтрымкай дэпутата, каб прасоўваць тое ці іншае пытанне не толькі дзеля асабістай выгады, але карыснае для грамадства ў цэлым. Той жа зварот людзей, якія вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю. Мне здаецца, што трэба як мінімум вывучыць тэму... Як дэпутат магу выйсці з любой заканадаўчай ініцыятывай. Але ж заўсёды неабходна разабрацца, наколькі ў рамках заканадаўства можна падтрымаць тут ці іншую ідэю... А часам чалавек прыходзіць на прыём, каб проста выказацца, атрымаць маральную падтрымку.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота аўтара.

Наваполацк — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.