Вы тут

Рубель будзе роўным


Прынамсі, у найбліжэйшыя два-тры месяцы.

Пра гэта паведаміў эксперт кампаніі ТАА «Бізнес-Форэкс» Міхаіл Грачоў, адказваючы на пытанні карэспандэнта «Звязды».

— Як у найбліжэйшы час будуць паводзіць сябе долар і еўра?

— Пасля выступу 19 мая члена выканаўчага савета ЕЦБ Бенуа Кёры кошт еўра ў дачыненні да долара ЗША знізіўся. Таксама зніжэнню еўравалюты спрыялі звесткі па інфляцыі з ЗША. Індэкс спажывецкіх цэн падняўся да 1,8% у гадавым вылічэнні супраць чаканых 1,7%. У цэлым паказчыкі эканомікі як у ЗША, так і ў Еўрасаюзе пакуль не дасягнулі мэтавых узроўняў (беспрацоўе, інфляцыя і рост ВУП). На гэтым фіксуе ўвагу Камітэт па адкрытых рынках Федэральнай резервовай службы ЗША, як вынікае з пратаколаў яго пасяджэння ў канцы красавіка. І гэты фактар ляжыць у аснове прыняцця рашэння па працэнтнай стаўцы ФРС, якое можа быць прынята ў канцы гэтага года. Такім чынам, крэдытна-грашовая палітыка краін ЕС і ЗША мяняцца не будзе і, хутчэй за ўсё, найбліжэйшыя два-тры тыдні суадносіны еўра да долара застануцца на цяперашнім узроўні 1,0850-1,1150. Вельмі паказальнымі могуць стаць звесткі па рынку працоўнай сілы 5 чэрвеня.

— Наколькі даўгавечным будзе ўмацаванне расійскага рубля?

— Цяперашні стан эканомікі РФ і валютнага рынку ў прыватнасці паказвае, што курс расійскай валюты знаходзіцца на ўзроўні, прымальным для асноўных сегментаў расійскай эканомікі. Адсюль далейшае ўмацаванне рубля малаверагоднае. Галоўны вынік, якога дасягнуў Цэнтрабанк РФ, — гэта стабільнасць на ўнутраным валютным рынку. А гэта, у сваю чаргу, адна з ключавых умоў стабільнасці эканомікі ў цэлым. Нягледзячы на слабую статыстыку першага квартала, стабілізацыя фінансавай сістэмы дае падставу чакаць запаволення рэцэсіі і выхаду на станоўчы рост эканомікі ў 2016 годзе. Чаканы калідор вагання цаны долара ляжыць у межах 48-52 рублёў.

— Для чаго Цэнтрабанк Расіі скупляе валюту на біржы?

— Асноўная мэта — папаўненне золатавалютных рэзерваў. Сёлета ў красавіку ў выніку росту цэн на нафту вышэй за 65 долараў за барэль (у апошні варыянт бюджэту закладзена цана 60 долараў за барэль) утварыліся лішкі. У адпаведнасці з бюджэтным правілам, гэтыя сродкі накіроўваюцца на фарміраванне ЗВР. Акрамя рэзерваў у доларах ЗША, расійскі Цэнтрабанк павялічыў пазіцыю ў амерыканскіх дзяржаблігацыях і металічным золаце. Такім чынам, Цэнтрабанк аднаўляе страты рэзерваў у 2014 годзе, якія склалі каля 120 млрд долараў. Другой мэтай куплі валюты можна назваць падтрыманне курсу рубля на бягучым узроўні, бо далейшае ўмацаванне можа негатыўна адбіцца на экспарцёрах.

— Беларускі рубель будзе ўмацоўвацца або слабець?

— Курс беларускага рубля ў першым квартале 2015 года стабілізаваўся на ўзроўні 14300-14800 рублёў за долар ЗША. Палітыка Нацбанка, як вынікае з публічных выступленняў, накіравана на стабілізацыю валютнай сістэмы і зніжэнне ўзроўню інфляцыі. З першай задачай, як паказвае бягучая сітуацыя, Нацбанк справіўся. Адменены камісійныя зборы, зніжаны ўзровень абавязковага продажу валюты, з чэрвеня ўводзіцца інструмент падвойнага валютнага аўкцыёна. Наступным крокам чакаецца паніжэнне стаўкі рэфінансавання з цяперашніх 25% гадавых, што павінна ажывіць рынак крэдытавання. Акрамя гэтага, урадам падпісаны шэраг міжнародных дагавораў, у прыватнасці з Кітайскай Народнай Рэспублікай, якія адкрываюць дарогу замежным крэдытам у Беларусь. Такім чынам, структурных прычын для паслаблення беларускага рубля пакуль няма. Умацаванне таксама малаверагоднае, у большай ступені таму, што ў першым квартале ўпаў попыт на прадукцыю беларускага рэальнага сектара ў асноўнага імпарцёра — Расійскай Федэрацыі. Паводле звестак Белстата, падзенне ВУП за студзень—красавік гэтага года складае 2,6% у гадавым вылічэнні. Верагодней за ўсё, курс беларускага рубля застанецца на цяперашнім узроўні ў найбліжэйшыя два-тры месяцы.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.