Вы тут

Эфектыўная дапамога


Як дэпутат парламента можа быць карысны людзям? Чаму без яго выездаў на месцы немагчыма абысціся? Што часцей за ўсё абмяркоўваюць з ім грамадзяне? Пра гэта «МС» расказаў дэпутат ад Ваўкавыскай выбарчай акругі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік.

27-11

— Якім чынам вы працуеце з мясцовымі Саветамі дэпутатаў?

— Тут можна вызначыць некалькі кірункаў. Першы — удзел у пасяджэннях сесій. Другі — сустрэчы з дэпутатамі. Трэці — прыём грамадзян. Апошняе я часцей за ўсё практыкую ў сельскіх Саветах. Таксама выязджаю на месцы, калі трэба разабрацца з пэўнай мясцовай праблемай і ёсць неабходнасць падключаць дэпутацкі корпус.

Не так даўно я выязджаў у Субацкі сельсавет Ваўкавыскага раёна. Там былі праблемы з рамонтам дарогі. Безумоўна, перш за ўсё гэтае пытанне вывучылі старшыня Савета і старасты вёсак. Пасля з іх дапамогай мы звярнуліся да службаў, якія павінны выконваць рамонтныя работы. Праца пайшла. Дэпутаты (і я ў прыватнасці) адсочваюць, каб яна не спынялася. Дарэчы, было вельмі прыемна, калі праз пэўны час падыходзілі старасты вёсак і дзякавалі за вырашэнне праблемы, бо дарогу пачалі рамантаваць. Вельмі важна, каб была зваротная сувязь.

— З якімі пытаннямі да вас звяртаюцца?

— Зараз яны часцей за ўсё датычацца прыватызацыі ўчасткаў у сельскай мясцовасці. Людзі скардзяцца на затрымку з афармленнем дакументацыі, яе аплатай і коштам. Але апошняе рэгламентуюць нарматыўныя дакументы, з якімі не паспрачаешся. Праўда, кіраўнікі гаспадарак на месцах могуць прыняць рашэнне і паменшыць плату.

Асноўнымі пытаннямі застаюцца праблемы з рамонтам дарог і тыя, што датычацца жылля.

На сустрэчы з грамадзянамі я запрашаю дэпутатаў мясцовых Саветаў. Яны ж з'яўляюцца непасрэднымі кіраўнікамі і нясуць адказнасць за вырашэнне праблем.

— А калі б вы не выехалі на месца, ці атрымалі б той жа вынік?

— Трэба разумець, што любое пытанне вырашаецца, калі ёсць адпаведная нарматыўная база і фінансавыя сродкі. Нельга сказаць, што мясцовыя ўлады бяздзейнічаюць. Яны стараюцца па меры сваіх магчымасцей. Што можа дэпутат? Паскорыць вырашэнне пытання, абазначыць яго на высокім узроўні, прыцягнуць увагу шырокага кола адказных асоб.

Некаторыя пытанні вырашаюцца хутчэй, таму што ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў ёсць на гэта большыя паўнамоцтвы. А як інакш паўплываеш? Мы не можам прафінансіраваць штосьці з уласных сродкаў.

Бываюць выпадкі, калі праблема заключаецца ў нарматыўнай базе. Калі становіцца зразумела, што на яе трэба і можна паўплываць, мы робім гэта. Напрыклад, да мяне звярталіся пенсіянеры, калі ўводзіўся збор пошлін за карыстанне аўтатранспартам. Спачатку і яны былі абавязаны выплачваць тую ж суму, што і любы іншы грамадзянін. Але гэта для пенсіянераў непад'ёмна. Былі прапановы, каб тых, каму больш за 70 гадоў, увогуле вызваліць ад падатку. Калі мы прымалі закон аб бюджэце і падатковы кодэкс, я хадайнічаў, каб паменшылі пошліну для пенсіянераў. У выніку было прынята рашэнне, што пенсіянеры будуць плаціць 50% ад яе. Гэта прыклад таго, як дэпутат, які працуе на месцы, можа вырашыць набалелую, надзённую праблему грамадзян.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.