Вы тут

Размова з інспектарам... па душах


Старшы ўчастковы Аляксандр Радкевіч — пра спецыфіку сваёй працы, заганы мясцовых жыхароў і веру ў людзей.

Аграгарадок Буйнічы, дзе ён працуе старшым участковым, амаль што прыгарадная тэрыторыя. З Магілёва сюды ідзе грамадскі транспарт. Тут каледж, заасад, этнаграфічная сядзіба, мемарыяльны комплекс — народа пераварочваецца процьма. Прыязджаю, выходжу на звычайным прыпынку і тэлефаную: дзе, маўляў, вас шукаць. «А я вас ужо бачу, спускайцеся ў падземны пераход, сустрэну», — адказвае чалавек, які нават не ведае мае «прыкметы». «Гэта ўжо інтуіцыя, — прызнаўся ён потым. — Да таго ж усіх мясцовых я даўно ведаю ў твар».

[caption id="attachment_85030" align="alignnone" width="600"]27-6 Да кож­на­га ча­ла­ве­ка трэ­ба знай­сці па­ды­ход.[/caption]

На самай справе, за 25 гадоў працы на адным месцы старшы ўчастковы Магілёўскага РАУС Аляксандр Радкевіч не тое, што ў твар, ён чалавека наскрозь бачыць. Малыя яго тут проста дзядзькам Сашам клічуць. У міліцыю, як ён кажа, прыйшоў працаваць па «камсамольскай пуцёўцы». Служыў у пагранвойсках, а калі прапанавалі працягнуць службу ў органах, доўга не раздумваў. Калісьці ў дзяцінстве наглядзеўся «Аніськіна» і марыў быць міліцыянерам.

— Дэбашыраў выхоўваем, п'яных возім, — дзеліцца Радкевіч нюансамі прафесіі і ўсміхаецца, узгадваючы адзін з першых працоўных выпадкаў. Ён тады моцна пацярпеў ад сямейных скандалістаў. Так здарылася, што падчас свайго бальнічнага зайшоў у апорны пункт па справах, а яму прапанавалі схадзіць супакоіць раз'юшанага сем'яніна. І Аляксандр з гіпсам на руцэ пайшоў. У скандаліста, калі ўбачыў «госця», кроў яшчэ больш ускіпела: палюбоўнік, крычыць, і на яго з кулакамі. Ледзь адбіўся, а там і дапамога прыбыла. Шкада толькі куртку было — ад яе адны ўспаміны засталіся.

Першае пачуццё, якое выклікаюць п'яніцы і іншыя асацыялы ў звычайных людзей, — гідлівасць. Але Аляксандр Радкевіч абсалютна з гэтым не згодны. Адкуль мы ведаем, як чалавек да гэтага ўзроўню апусціўся? Да кожнага трэба мець падыход, лічыць ён, і размаўляць на яго мове.

— Я з імі гуляю ў іх гульню, — кажа ён. — Магу падтакваць, але гну сваю лінію. Здаралася, трэба было супакоіць раз'юшанага чалавека, а яго ўсе баяцца. Навошта баяцца? З ім па-добраму паразмаўляеш — і ён сам сядзе ў машыну. Проста трэба зрабіць выгляд, што ты на яго баку... Як з тымі былымі «афганцамі». Пілі яны тут аднойчы гарэлку, а потым буяніць пачалі. Адзін наогул быў без тармазоў, ледзь справіліся з ім. Вязём у машыне, а ён паводзіць сябе па-хамску. «Ты што, дэсантнік? — пытаюся. — Я ж таксама». І некалькі іх слоганаў прадэкламаваў. Ён адразу ж прыняў за свайго і супакоіўся.

Хаця бываюць выпадкі, калі людзі добрых слоў не разумеюць. Аднойчы нават з дапамогай зброі прыйшлося пераконваць. Але там справа была сур'ёзней, чым звычайны бытавы скандал. У пачатку 90-х зладзеі панадзіліся красці паліва з нафтабазы. Радкевіч некалькі гадзін сядзеў у засадзе, каб іх высачыць. Нарэшце, пад'ехалі «Жыгулі», выйшлі некалькі чалавек. Раптам убачылі міліцыянера, кінуліся назад у машыну і наўцёкі. Давялося некалькі разоў пальнуць у паветра, каб спыніліся.

Быць абыякавым Аляксандру Радкевічу сумленне не дазваляе. Людзі звяртаюцца да яго з усялякімі праблемамі. Свой тэлефон ён ніколі не адключае. Калі сам не можа прыйсці, падказвае, як дзейнічаць. Асноўная праблема — сямейныя скандалы. Прыходзіцца дапамагаць, уздзейнічаць. Бывае, людзі перавыхоўваюцца.

— Быў тут адзін такі, дапіўся да таго, што давялося адправіць у ЛПП, — расказвае ён. — Трэба яго везці, а ў мяне як на тое зло машына зламалася. Цэлую ноч мы з ім яе рамантавалі, а раніцай я яго павёз. Год не было, потым бачу — ідзе і... п'яны-п'яны. Мы з ім тады па душах паразмаўлялі, і ён паабяцаў: месяц п'ю, а потым завязваю. І слова стрымаў. Прычым сам адмовіўся, без кадзіроўкі. Рыбак добры, зараз, калі сустракаемся, толькі на гэтую тэму і размаўляем. Перавыхаванне — вялікая справа, але і сіла волі павінна быць.

[caption id="attachment_85034" align="alignnone" width="600"]27-51 Аляк­сандр Рад­ке­віч — свой ча­ла­век у Буй­ні­чах.[/caption]

Старшыня сельскага Савета не аднойчы запрашаў Радкевіча наведаць асацыяльныя сем'і ў іншых вёсках. Там ёсць свае ўчастковыя, але з «буйніцкім» лягчэй дамовіцца. А ён, бывае, і сам да дэпутатаў звяртаецца, калі заўважае непарадак на вуліцы. Убачыў недзе звалку, тэлефануе ў сельскі Савет: давайце прыбяром. Старшыня заказвае тэхніку, а Радкевіч яшчэ і пагрузіць дапаможа. «А што тут такога, — паціскае плячыма ён, — я ж тут таксама жыву. Вось параіў звярнуць увагу на дрэнную дарогу да могілак — трэба нешта рабіць. Пакуль магчымасці няма, але, як кажуць, пытанне на кантролі».

Прывык участковы і да таго, што з некаторымі людзьмі адносіны псуюцца. Адна жанчына пакрыўдзілася за тое, што яе сына пакаралі пазбаўленнем волі. Нават скаргу напісала. «Я яе колькі разоў папярэджваў, каб глядзела хлопца, — уздыхае суразмоўца. — Нікога не паважаў, «адрываўся» па поўнай праграме, біўся... Падлеткам прыводзілі яго ў апорны пункт, а ён ужо тады паводзіў сябе нахабна. Бацькі прыходзілі яго забіраць, а ён і на іх па-ўсякаму. А калі падрос — крадзяжы пайшлі, п'яным за рулём не аднойчы затрымлівалі. Яму на ўсё было напляваць... Цяпер вось за кратамі».

Не абышла бокам Буйнічы і ўсеагульная бяда са спайсамі. Летась паступіў званок, што каля фермы з «Волгі» спайс прадаюць. Участковы з інспектарам па справах непаўналетніх памчаліся да месца. Прыехалі — а там нікога няма. Пачалі шукаць. Па дарозе сустрэлі мясцовых юнакоў. Радкевіч здзівіўся: «А вы што тут робіце?» Тыя ў адказ: «Гуляем». І гэта ў 11 гадзін у бязлюдным месцы. Спачатку адпусцілі іх, але нешта ўчастковаму падказала: гэта яны. Не паленаваўся вярнуцца. А тыя, як убачылі, што іх даганяюць, нешта кінулі ў снег... Хлопцаў затрымалі, а калі прыехала аператыўная група, той пакецік стаў рэчавым доказам. Унутры аказаўся спайс.

— Дзесьці людзей шкада, бывае, чалавек заблытаўся, яму трэба дапамагчы, — разважае буйніцкі ўчастковы. — Дзесьці, магчыма, трэба і пакараць. Але гэта не найлепшы варыянт. Трэба пераконваць. Ведаеце, я ў апошні час больш стаў верыць людзям.

Каб працаваць участковым, трэба прайсці армію, патрульную службу. У арміі сталееш, а ў патрульнай вучышся кантактаваць з людзьмі. А маладыя, здараецца, сюды прыходзяць, каб у армію не ісці. Два гады пабудуць і збягаюць.

Сёлета старшага ўчастковага вылучылі нават на званне «чалавека года» ў вобласці. З гэтай нагоды ён нос на задзірае, сціпла заўважае, што не заслужыў такую павагу. Але прызнаецца, што прыемна было чуць добрыя словы. Губернатар павіншаваў і ўручыў сертыфікат на новую службовую машыну «Джылі». Радкевіч задаволены, бо яго «Жыгулі» даўно аджылі сваё жыццё. «Цяпер наш Аляксандр будзе як сапраўдны шэрыф штата Буйнічы», — радуецца за таварыша яго сябар, які працуе ў музейным комплексе ў Буйнічах. І прызнаецца, што ўчастковага, лепшага за Аляксандра, бачыць яму яшчэ не даводзілася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?