Вы тут

Сяргей Ашмянцаў: «З акна кабінета шмат не ўбачыш»


Сёння ў Брэсцкай вобласці праходзіць выязное пасяджэнне прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны. Яго ўдзельнікі засяродзяць увагу на рабоце мясцовых Саветаў рэгіёна, іх ролі ў забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі. Пад апошнім трэба разумець і перспектывы аграпрамысловага комплексу, і стварэнне новых рабочых месцаў, і работу з насельніцтвам, бо дзейнасць дэпутата ў акрузе заўсёды складала аснову работы кожнага Савета. На асаблівай ролі народных выбраннікаў зрабіў акцэнт і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў:

27-4

Галасуюць не за кожнага

— Для пачатку прывяду тры лічбы. У Брэсцкай вобласці мясцовае самакіраванне прадстаўлена абласным Саветам дэпутатаў, 19 Саветамі базавага ўзроўню і 195 — пярвічнага ўзроўню. А гэта 3039 дэпутатаў. Такой колькасці людзей пад сілу вялікія справы. Мясцовы дэпутат — самае блізкае да людзей звяно прадстаўнічай улады. Ён ведае, што канкрэтна непакоіць жыхароў той ці іншай вёскі. І нярэдка можа дапамагчы свайму выбаршчыку, калі не вырашыць пытанне поўнасцю, то хаця б даць параду, куды і як трэба звяртацца. Дэпутацкі корпус стаў нашай надзейнай апорай на месцах.

— Сяргей Дзмітрыевіч, перад мінулымі выбарамі ў краіне ўзнімалі пытанне наконт мэтазгоднасці інстытута дэпутатаў пярвічнага ўзроўню. Сапраўды, выбары ў сельскіх Саветах часцей праходзяць безальтэрнатыўна. Таму, відаць, і ўзніклі разважанні, што ёсць сэнс пакінуць у вёсцы толькі сельвыканкамы. А як вы лічыце?

— Я лічу, што сельскага дэпутата трэба не «скасоўваць», а ўсяляк падтрымліваць, павышаць яго прэстыж. І хоць выбары ў Саветы праходзяць сапраўды практычна без альтэрнатывы, у вёсцы не за кожнага прагаласуюць. Гэта добра ведаюць тыя, хто арганізоўвае кампанію, таму і падбіраюцца ў абсалютнай большасці людзі аўтарытэтныя. Хто, як не дэпутат, паклапоціцца, напрыклад, пра інтарэсы неабароненых катэгорый насельніцтва? Асабліва гэта датычыцца дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На такіх дзяцей нашы народныя выбраннікі пастаянна звяртаюць увагу і спрыяюць абароне іх правоў.

Адзначу яшчэ адзін важны момант: многія і многія вёскі, на жаль, старэюць. У асобных населеных пунктах застаюцца адны пажылыя людзі. Любая ўвага да іх з боку прадстаўніка мясцовага органа ўлады мае значэнне. Мы яшчэ раз упэўніліся ў гэтым, калі ў складзе дэпутацкіх груп наведвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні свята Перамогі. Такія групы былі створаны рашэннем прэзідыума абласнога Савета. Аналагічная работа праведзена і ў рэгіёнах. Там дэпутаты наведалі сваіх ветэранаў. І нязменна чулі падзяку ад пажылых заслужаных людзей за ўвагу. Ім часта найбольш патрэбна менавіта ўвага.

Цяпер дэпутацкія групы створаны для вывучэння эканамічнага стану асобных прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў складанай фінансавай сітуацыі, у Брэсце, Баранавічах, Пінску. Такія ж групы працуюць у раённых цэнтрах. Думаю, што па выніках дзейнасці названыя фарміраванні выкажуць канкрэтныя рэкамендацыі і прапановы па аздараўленні сітуацыі на прадпрыемствах. Да меркавання дэпутатаў прыслухоўваюцца. Арганізацыйную ж і метадычную дапамогу дэпутатам базавага і пярвічнага ўзроўню аказвае абласны Савет.

Дэпутат, на выезд!

— Наколькі я ведаю, у практыку работы абласнога Савета даўно ўвайшла такая форма работы, як выязная сесія з папярэднім вывучэннем пытанняў на месцах. Гэта сябе апраўдвае?

— Без усялякіх сумненняў. Абласныя сесіі разглядаюць важныя для паўсядзённага жыцця пытанні — жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, транспарту, гандлю, бытавога абслугоўвання. Як пералічаныя галіны народнай гаспадаркі функцыянуюць на месцах, з акна кабінета не ўбачыш. Таму мы і едзем у райцэнтры, аграгарадкі, невялікія вёскі: спачатку пытанне вывучаецца на ўзроўні дэпутацкай камісіі. Калі справа таго патрабуе, праводзіцца выязны прэзідыум аблсавета. А ў дзень сесіі са станам работы на месцах знаёмяцца ўсе дэпутаты абласнога Савета. Менавіта падчас стасункаў з насельніцтвам, работнікамі сельгаспрадпрыемстваў і іншых арганізацый можна выверыць сваю пазіцыю, абгрунтаваць тое ці іншае рашэнне. Калі сесіі праходзяць, на першы погляд, гладка, то апошняе не азначае, што не было спрэчак і дыскусій на этапе падрыхтоўкі да іх.

— На адной з апошніх сесій абласнога Савета гаварылася пра своеасаблівае спаборніцтва сярод сельскіх, пасялковых, гарадскіх Саветаў па вырашэнні пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. Для чаго заснавалі такі конкурс?

— Гэта спроба яшчэ раз засяродзіць увагу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на самым надзённым. Падставай для ўдзелу ў названым конкурсе становіцца выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі. Улічваецца работа па стварэнні новых рабочых месцаў, прыцягненне ў гаспадарчы абарот зямельных участкаў і маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца, арганізацыя работы па развіцці асабістых падсобных гаспадарак і закупак лішкаў сельгаспрадукцыі, прыцягненне даходаў у мясцовы бюджэт, а таксама добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў.

Напрыклад, сельскія Саветы традыцыйна займаюцца арганізацыяй закупу малака з асабістых падворкаў. Толькі за мінулы год ад насельніцтва закуплена 52 тысячы тон. І прыкладам у рабоце з'яўляюцца Пружанскі і Ляхавіцкі раёны, дзе ў разліку на карову закуплена амаль па тры з паловай тысячы кілаграмаў малака. Пры падвядзенні вынікаў робіцца аналіз указанага кірунку работы, выяўляюцца недахопы і рэзервы, абагульняецца вопыт. Як бачым, пад увагу бярэцца ўсё, з чаго складаецца жыццё тэрыторый. А конкурс — дадатковы стымул да паляпшэння работы.

Пераканай скептыка

— Пры падвядзенні вынікаў конкурсаў, відаць, улічваецца і наяўнасць арганізацый і суполак грамадскага самакіравання?

— Вядома, тым больш што грамадскіх актывістаў у гарадах і вёсках з кожным годам становіцца больш. Дамавыя, вулічныя і іншыя камітэты арганізоўваюць мерапрыемствы па добраўпарадкаванні і прыборцы тэрыторый, спрыяюць беражлівым адносінам да жылля, наладжваюць работу з дзецьмі і падлеткамі, робяць шмат іншых добрых спраў.

Напрыклад, у Баранавічах заслужаным аўтарытэтам карыстаецца камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея». Сёння ў межах гэтага грамадскага аб'яднання пражывае ўжо каля пяці тысяч чалавек. «Надзея» мае свой рахунак у банку, на які паступаюць грошы, сабраныя жыхарамі. Дзякуючы «Надзеі» за апошнія два гады памяняўся знешні выгляд пад'ездаў, дваровых тэрыторый, ды і ўсяго мікрараёна. Падобныя аб'яднанні ўжо працуюць у Пінску, Кобрыне і Брэсце.

А ўзяць такую складовую грамадскага самакіравання, як інстытут стараст, які быў створаны ў 1997 годзе. За гэты час старасты заслужылі павагу і давер людзей. Вясковыя лідары спрыяюць навядзенню і падтрыманню парадку. Яны становяцца ініцыятарамі збору грошай на агульныя справы. Сёння 93 працэнты населеных пунктаў удзельнічаюць у цэнтралізаваным вывазе смецця транспартам ЖКГ. І ў гэтым ёсць заслуга стараст, якія размаўлялі з жыхарамі, пераконвалі. У гэтай рабоце трэба было дайсці да кожнага, хто сумняваўся альбо прывык дзейнічаць па інерцыі, пераканаць скептыкаў. У кожным раёне можна знайсці прыклад ініцыятыўнага старасты. І не аднаго.

— А хто дапамагае старастам, ды і дэпутатам сельскіх і раённых Саветаў у рабоце з насельніцтвам?

— У практыцы вырашэння паўсядзённых праблем насельніцтва, яго інфармавання добра зарэкамендавалі сябе «Дні Саветаў». У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічаюць старшыні раённага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта, начальнікі ўпраўленняў і службаў, аддзелаў райвыканкама, старасты вёсак і, вядома, жыхары населеных пунктаў. Там не проста слухаюцца справаздачы адказных асоб, а ідзе адкрыты дыялог з мясцовымі жыхарамі па ўсіх важных для іх пытаннях. На такіх «Днях Саветаў» і намячаецца пералік пытанняў, абавязковых для вырашэння ў гэтым рэгіёне.

Што датычыцца дэпутатаў і актывістаў раённага ўзроўню, яны ўдзельнічаюць у выязных нарадах-семінарах органаў кіравання і самакіравання з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. За перыяд з 2007 года такія нарады прайшлі на базе ўсіх раёнаў вобласці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».