Вы тут

Навіны з рэгіёнаў


Бераставіца

Урок гісторыі

Актывісты гісторыка-краязнаўчага музея «Вытокі» Малабераставіцкай сярэдняй школы запрасілі на сустрэчу мясцовых жыхарак.

Ініцыятар стварэння і кіраўнік музея Тамара Эйсмант прадставіла вучням старэйшых класаў Рамуальду Сцяпанаўну Глябовіч, Зою Аркадзьеўну Бараноўскую, Ніну Мікалаеўну Гоганаву і Галіну Іванаўну Галабурду — сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. Амаль дзве гадзіны дзеці, затаіўшы дыханне, слухалі іх успаміны. А развітваючыся з гасцямі, уручылі ім кветкі і падарункі.

Усё ў музеі «Вытокі» звязана з гісторыяй Бераставіччыны, лёсам мясцовых жыхароў. Тут захоўваюць фатаграфіі, асабістыя рэчы франтавікоў, узнагароды, лісты... Пайменна названы ўраджэнцы гэтых мясцін, якія загінулі на фронце і вярнуліся дадому, падпольшчыкі і ахвяры фашызму.

Барыс ПРАКОПЧЫК

 

Полацк

...І белы цеплаход

Цеплаход «Віцебск», які курсіруе паміж Полацкам і Наваполацкам, стаў папулярным месцам адпачынку.

У Полацкім райвыканкаме адзначаюць, што судна карыстаецца вялікім попытам сярод гараджан і прыезджых. І гэта зразумела, бо доўгія гады не было ў Полацкім рэгіёне пасажырскага цеплахода. Цікава, што адразу, як толькі «Віцебск» прыплыў сваім ходам па Заходняй Дзвіне з абласнога цэнтра, пачаўся ажыятаж. Плануецца, што судна будзе працаваць у Полацку і Наваполацку да сярэдзіны чэрвеня... Кошт падарожжа па хвалях даступны кожнаму: 50 тысяч за гадзіну з дарослага.

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара

 

Ельск

Сапраўды прыгожая!

Аграсядзіба «Васіліса Прыгожая» адкрылася ў вёсцы Жукі Ельскага раёна. Сям'я Алены і Пятра Лагвіненкаў вярнулася ў родную вёску, каб адрадзіць былую бацькоўскую хату.

Сужэнцы надалі ёй сучасны выгляд і стварылі вакол своеасаблівы гасцінічны комплекс — аграсядзібу. Назвалі яе ў гонар роднай цёткі Алены — Васілісы Васільеўны Прохаравай, якая прайшла праз вайну і сустрэла Вялікую Перамогу ў Берліне.

У вялікім доме — чатыры жылыя пакоі. Замест былой гаспадарчай пабудовы дбайныя гаспадары стварылі своеасаблівы музей «Прылады нашых продкаў». На тэрыторыі аграсядзібы пабудавана канцэртная пляцоўка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

 

Лоеў

Спіць спакойна

На Лоеўшчыне, пераадолеўшы 6000 км, пабывала дэлегацыя з Мегіна-Кангаласкага ўлуса Якуціі.

Да брацкай магілы ў вёску Дзяражычы пакланіцца пахаванню Героя Савецкага Саюза Фёдара Папова прыехалі яго нашчадкі-землякі. Фёдар Папоў быў цяжка паранены ў кастрычніку 1943 года ля вёскі Глушэц Лоеўскага раёна і памёр у шпіталі ва ўзросце 22 гадоў. На вечары сустрэчы было сказана шмат добрых слоў у адрас беларусаў, якія паважаюць памяць загінулых, падтрымліваюць парадак і рамантуюць помнікі. Асобную падзяку госці выказвалі Афанасію Шкляраву, які на працягу свайго жыцця не проста вывучае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны на Лоеўшчыне, але і сваімі рукамі стварыў помнік у вёсцы Глушэц.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

 

Воранава

Небяспечныя

Няпростае, але вымушанае рашэнне прынялі члены камісіі па справах непаўналетніх Воранаўскага райвыканкама на выязным пасяджэнні ў Жырмунскім сельсавеце.

Мясцовая жыхарка пражывала разам з непаўналетнім сынам і сужыцелем. Дом неўпарадкаваны, адзін пакой ды кухня. Але яшчэ горш тое, што маці было напляваць на свае абавязкі па выхаванні хлопчыка. П'яныя дэбошы прымушалі яго нават збягаць з дому.

Нядаўна жанчыну накіравалі лячыцца ад алкагольнай залежнасці і яна вярнулася дадому быццам бы іншай. Ужо было даволі рэальным пазбаўленне гэтай сям'і статусу сацыяльна небяспечнай. Але тут ізноў — п'янкі, скандалы, звальненне з працы... Адміністрацыі Жырмунскай школы не заставалася нічога іншага, акрамя звароту ў раённую камісію па справах непаўналетніх. Падлетка накіравалі ў Радунскі сацыяльна-педагагічны прытулак.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.