Лячыцца колерам


прапануе маладая мастачка і выкладчыца Вольга Грыбава.

— ...Я сёння ў жоўтай куртцы, таму, напэўна, думаеце, што я камунікабельная
і добрая, настроеная на размову. Калі б я была ў сінім — думалі б, што я сур'ёзная, закрытая. А вам падыходзіць нябесна-блакітны, бо знешнасць кантрасная, — так пачалася мая сустрэча з мастачкай і выкладчыцай Вольгай Грыбавай.

Вольга — чалавек, які можа зразумець, хто перад ім, з першага погляду, расказаць, што яму падыходзіць і не падыходзіць, бо яна, акрамя таго, што займаецца мастацтвам, з'яўляецца спецыялісткай у не дужа вядомай пакуль у нашай краіне каларыстыцы.

27-44

Навука каларыстыка

— З колерам я пазнаёмілася ў мастацкай школе, пасля працягвала ва ўніверсітэце, у магістратуры, міжнароднай школе Багамолава. Мой галоўны настаўнік — Святлана Валканава, якая дапамагала мне спасцігаць колеразнаўства, — гаворыць Вольга. — Міжнародная школа, стылістыка, якая сёння ёсць, — гэта каларыты знешнасці, гэта модна. І калі я пачала з гэтым разбірацца, пачаліся лёгкія дысанансы, бо там на акадэмічных ведах нічога не заснавана. Мне прыйшлося знаходзіць новыя канцэпцыі выкладання, бо мода — гэта адна гісторыя, а мастацтва — гэта іншая гісторыя, і людзей, якія перакрыжоўваюцца тут, зусім мала.

Сёння Вольга Грыбава цалкам захоплена працай у сферы каларыстыкі. Каларыстыка — гэта навука, якая ўключае ў сябе розныя бакі колеру: колеразнаўства, якое вывучаюць дызайнеры і мастакі, фізіялогію, псіхалогію і многае іншае. Па-першае, каларыстыка — гэта маркетынг (дарэчы, 60% інфармацыі пра колер мы атрымліваем падсвядома), таму гэтай навукай і карыстаюцца маркетолагі: колер брэнда вельмі важны, на гэтым можна зарабляць грошы. Напрыклад, Coca-Cola шмат грошай аддала за колеры свайго брэнда. Кожная мэтавая аўдыторыя любіць розныя колеравыя гамы: насычаныя, яркія колеры любяць людзі, якія займаюцца спортам, фізічнай працай, падлеткі і дзеці; людзі, якія працуюць у сферы, напрыклад, культуры, не выберуць такія насычаныя адценні. У залежнасці ад гэтага выбіраюць свае колеры і брэнды. Вы, напэўна, заўважалі, што зялёны колер — гэта ўхваленне, а чырвоны — пратэст. Гэтыя колеры выкарыстоўваюцца ў мабільных тэлефонах. Калі трэба прыцягнуць увагу, выкарыстоўваюць жоўты.

27-45

Другі аспект каларыстыкі — гэта знешнасць. Можна даведацца, як выкарыстоўваць колер у вобразе. Безумоўна, цяпер гэты напрамак вельмі папулярны (мужчыны цікавяцца гэтым ледзь не больш за жанчын). Калі вы хочаце паказаць жаноцкасць, то будзеце выкарыстоўваць мяккія колеры, калі пры гэтым хочаце чагосьці дабіцца — трэба рабіць акцэнты на аксесуарах.

Па-трэцяе, каларыстыка дазваляе працаваць з дызайнерамі, але далёка не ўсе з іх ведаюць псіхалогію і фізіалогію колеру. Напрыклад, часам дызайнеры пачынаюць падбіраць колеры ў інтэр'еры, робяць прыгожыя пакоі, але там няўтульна, таму ім таксама патрэбны веды па каларыстыцы.

— У нас існуе праблема з разуменнем значэння колераў. Пасля жыцця ў Савецкім Саюзе жанчыны гэтага не ведалі: гардэроб з шэрым, чорным і белым. Колер — гэта эмоцыя, яе трэба праяўляць, а мы не ўмеем, — тлумачыць Вольга Грыбава. — У нас вельмі мала майстроў, якія выкладаюць каларыстыку. Пра колер увогуле шмат літаратуры, але яна на замежных мовах. Як толькі пачынаецца занятак са студэнтамі, я пытаюся: «Якія ў вас праблемы ў працы з колерам?» Вучні адказваюць, што праблем няма. Пасля паўгадзіны лекцыі пытанні з'яўляюцца. Тут шмат падводных камянёў, таму нельга грунтавацца толькі на адной літаратурнай крыніцы, напрыклад.

Увогуле каларыстыка ўзнікла ў пачатку ХХ стагоддзя (у гэты час колер стаў больш даступным, вывучаўся маркетолагамі. Але каларыстыка існавала крыху ў іншым выглядзе і ў часы Гётэ, Ньютана, Леанарда). Адразу былі даследаванні, а пасля з'явілася кніга «Пачуццё брэнда», дзе вывучаецца ўплыў колеру на маркетынг. Навука вельмі папулярная ў ЗША і ў Еўропе, напрыклад, у Грэцыі. Пра каларыстыку няма літаратуры «лёгкай», якую можна пачытаць на адпачынку. Хутчэй гэта крыніцы, дзе трэба разбірацца ў мастацтве ці хаця б яго любіць.

— Колератэрапія і каларыстыка звязаныя. Зараз псіхолагі пачынаюць працаваць з гэтым напрамкам, але каб добра працаваць, то трэба ведаць і псіхалогію, і колер. Колерам сапраўды можна лячыць, асабліва гэта папулярна ў Індыі, там ёсць вельмі даўнія школы. Гэтаму трэба вучыцца, а ў нас пакуль такіх майстроў няма.

27-46

Тэрапія і сродак мастацтва

Колератэрапія становіцца папулярным напрамкам. Калі можна лячыцца, напрыклад, салянымі пячорамі, то чаму нельга лячыцца колерам? Іншая справа, што гэта трэба разумець і практыкаваць. Вольга вучылася на мастацка-графічным факультэце ў Віцебску, але гэтага ёй аказалася мала. Яна займалася адукацыяй пасля ўніверсітэта, займаецца і цяпер. Лічыць, што калі атрымала веды, то іх нельга ўтойваць ад іншых, гэта адказнасць.

— Мне падабаецца быць выкладчыцай. Я з роду выкладчыкаў. Але я пайшла вучыцца ў педагагічны, ведаючы, што не буду настаўніцай, а буду мастаком. Пасля так атрымалася, што я стала выкладаць. Я расказваю пра тэмы, якія мне падабаюцца. Гэта як расказаць людзям пра любімага чалавека — прасцей за ўсё. Я кажу пра тое, што я ведаю, нават уяўляю сябе выкладчыцай у 60. Я проста закахалася ў некаторых сваіх настаўнікаў, захацела быць такімі, як яны, а калі пачала працаваць сама, зразумела, што можна быць цікавай, калі прыкласці крыху намаганняў. Можна станавіцца на парту, можна бегаць босымі нагамі па аўдыторыі.

Яна гаворыць пра сваю эмацыйнасць, пра тое, што калі нешта перажываеш, то трэба абавязкова праяўляць гэта ў нейкай форме. Гэты неверагодна актыўны чалавек заўсёды малюе.

— У мяне эмоцыі выходзяць праз мае працы, і чым больш вострая эмоцыя, тым хутчэй робіцца праца і больш яркай атрымліваецца. Мае працы экспрэсіўныя, акварэльныя. Я малюю пачуцці. Маё жыццё можна зразумець па карцінах — як яно змянялася, што адбывалася. Каб я не магла пісаць, я пачала б танцаваць, спяваць, бо эмоцыі павінны мець аб'ектыўную форму, у іх ёсць энергетычная аснова. Мне нельга не маляваць. Мастацтва дапамагае не падманваць сябе, — прызнаецца Вольга. — Напачатку ёсць ідэя — добра, калі ёсць эскіз, але бывае, што праца пачынаецца з эмоцыі. Ёсць мае рукі, яны ўсё робяць самі. Я не веру, што людзі гэта прыдумалі, нам гэта даецца неяк звыш. Малюнак — гэта як страва. Ён павінен «зварыцца», на гэта патрэбен час.

Аднойчы Вольга малявала на «Карнавале руж» у Батанічным садзе. Тады яна была ў навушніках, пісала пад музыку.

— У час працы не існуе нічога больш. Са мной дарэмна нават размаўляць. Гэта цудоўны стан. Працу нельга недарабіць. Хай яна пастаіць колькі заўгодна, але прыйдзе час, і яна дамалюецца. Мне цяжка расстацца з карцінамі. Я аддаю іх, калі толькі гатовая аддаць.

Сёння мастачка працуе з новымі жанрамі — ёй падабаецца маляваць фэшн-эскізы. Пакуль у нас гэта не надта развіта і не вельмі проста. Але Вольга спрабуе, друкуецца на тэмы мастацтва ў модзе. Цяпер рыхтуе да выхаду ўласную кнігу. Гэта матэрыялы па каларыстыцы для візажыстаў, для індустрыі прыгажосці. Да кнігі ўжо падбіраюцца фотаздымкі, і неўзабаве яе ўжо можна будзе ўбачыць. Акрамя таго, дзяўчына рабіла выставу сваіх прац у ГЦ «Еўропа», у арт-кавярні «Чаплін». Амаль тады ж яна з калегамі стварылі праект «Joіn» — каманду, дзе яны нешта прыдумляюць і прыцягваюць да працы іншых людзей:

— Гэта і студэнты, і проста людзі, якім цікава. Мы распрацоўвалі адзенне, падбіралі колеры. Мы робім так, каб мастацтва пераходзіла ў жыццё, у бізнес, у моду. Мы паказваем тое мастацтва, якое можна выкарыстоўваць і якое можа быць карысным.

Вольга казала, што калі яна займалася ў акцёрскім гуртку, то выконвала заданне — пісала на паперы, чаго баіцца. І напісала, што баіцца перастаць марыць. Бо чалавек ведае, што рабіць, пакуль ён марыць, а калі не марыць, то што рабіць?

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.