Вы тут

Парушальнікаў — на стэнд!


Мінскі раён цяжка выходзіць з «зімоўкі». За восень-зіму тут назапашваецца шмат смецця. Гэта і зразумела: у раёне пражывае больш як 200 тысяч чалавек.

У выхадныя дні, асабліва ў летні перыяд, колькасць насельніцтва павялічваецца мінімум у 3-3,5 раза: дачнікі, садаводы, агароднікі, адпачываючыя на вадасховішчах і азёрах. І, зразумела, не ўсе сярод іх выхаваныя і законапаслухмяныя. Хтосьці не лічыць заганай пакінуць смецце пасля пікніка, а то і наогул выкінуць яго на абочыну дарогі.

27-12

 

Да «масавай міграцыі» ўсіх ахвотных на прыроду засталося няшмат часу. Што зроблена і што належыць зрабіць напярэдадні сезона адпачынку, вывучалі падчас рэйду прадстаўнікі жыллёва-камунальнай службы, дзяржаўнай дарожнай інспекцыі, лясной і экалагічнай службаў, мясцовых органаў улады і самакіравання.

Першы прыпынак — бераг Заслаўскага вадасховішча, а дакладней пляж пад нумарам 5. Месца адпачынку практычна гатова да прыёму наведвальнікаў, засталіся дробязі накшталт падсыпкі свежым пяском. Пляж абсталяваны кабінкамі для пераапранання, лаўкамі, біяпрыбіральнямі, кантэйнерамі для смецця, дзіцячымі пляцоўкамі, мангаламі для прыгатавання шашлыку. Тут створаны і дадатковыя месцы для паркоўкі машын, так званыя «кішэні» паміж дрэвамі, падсыпаныя шчэбнем.

— Гэтыя месцы мы ўзаконілі, — адзначыў намеснік начальніка ДАІ Мінскага раёна Іван Кузьменка. — Колькасць асабістага транспарту ў «пік» купальнага сезона на вадасховішчы ў разы перавышае колькасць добраўпарадкаваных месцаў для стаянкі. Кіроўцы пакідаюць сваіх «жалезных коней» на абочынах дарог агульнага карыстання, што стварае нязручнасці і нават небяспечныя сітуацыі і для пешаходаў, і для вадзіцеляў. Таму мы імкнёмся па максімуме выкарыстоўваць тэрыторыю, што прылягае да зон адпачынку. Побач з пляжам №5, напрыклад, абсталяваны 4 стаянкі, разлічаныя на 50 машын.

Пытанням добраўпарадкавання значную ўвагу надаюць дэпутаты Мінскага раёна, у тым ліку актыўна працуюць з насельніцтвам 267 дэпутатаў сельскіх Саветаў.

— Мы імкнёмся дайсці да кожнага ўласніка дома, нагадаць усім, каб падтрымлівалі парадак не толькі на сваіх падворках, але і ў месцах агульнага карыстання, — кажа старшыня Мінскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шаблыка. — У нас распрацаваны спецыяльныя памяткі, якія паштальёны дастаўляюць жыхарам Мінскага раёна. Па выніках абследавання домаўладанняў выдалі больш як 10 тысяч прадпісанняў, саставілі звыш 300 пратаколаў. Гэтыя меры, як паказвае практыка, дзейсныя. Толькі за месяц ліквідавана 136 стыхійных звалак.

[caption id="attachment_85028" align="alignnone" width="600"]27-1 Пляж пад нумарам 5[/caption]

Праз Мінскі раён праходзіць шмат транзітнага транспарту. Нярэдкія выпадкі, калі вадзіцелі і пасажыры «па ходзе» выкідваюць пакеты са смеццем і пластыкавыя бутэлькі — ім так зручна. Ды і самі жыхары часам вывозяць розныя непатрэбныя рэчы ў лес, на прыпынкі грамадскага транспарту. Кожнага за руку не зловіш, кантралёра не прыставіш.

Дарэчы, цяпер у Мінскім раёне ўстаноўлены 15 камер фотавідэафіксацыі. У кожным раёне вобласці працуюць па 2 -3 брыгады па прыборцы смецця пры дарогах і на аўтобусных прыпынках. Такія ж прыборы ўсталяваны і ў лясах. Усяго на Мінскую вобласць набылі 82 камеры, 505 таблічак папярэджваюць, што вядзецца відэакантроль. У прысталічным рэгіёне іх, адпаведна, 17 і 52.

Далейшы маршрут — аграгарадок Ратамка, дзе пражывае 2,5 тысячы насельніцтва. Спыняемся непадалёку ад месца прыватнай забудовы.

— Менавіта тут мы абсталявалі кантэйнерную пляцоўку, дзе прадугледзелі збор цвёрдых бытавых адходаў, другасных матэрыяльных рэсурсаў. А таксама дадаткова ўстанавілі кантэйнер для будаўнічых адходаў, — паказвае намеснік старшыні Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч. — Тут узводзіцца шмат індывідуальных дамоў. Раней людзі ладзілі стыхійныя несанкцыянаваныя звалкі, даводзілася расчышчаць тэрыторыю з дапамогай камунальнікаў, прыцягваць іншыя арганізацыі. Цяпер тут чысціня і парадак.

Усяго ў Мінскім раёне ўсталявана каля 50 кантэйнерных пляцовак, і работа ў гэтым напрамку працягваецца. Неабходна забяспечыць устаноўку кантэйнерных пляцовак і ў садаводчых таварыствах, якіх у раёне 318. Толькі за апошні час раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вынесла ім прадпісанняў і пастаноў нам суму каля 200 млн рублёў.

У Заслаўі нас сустракае старшыня гарвыканкама Святлана Карташова.

У 2014 годзе ў горадзе прайшло свята — Дзень беларускага пісьменства. Зразумела, тут была праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні населенага пункта, вуліц і дваровых тэрыторый. Цяпер важна не толькі захаваць усё тое, што прыведзена ў парадак, але і прадоўжыць працу. Тут створана рабочая група па навядзенні парадку, прылеглыя тэрыторыі замацаваны за прадпрыемствамі і арганізацыямі. Цяпер арыентуем кіраўнікоў уладкоўваць і грамадскія месцы.

Як адзначыла Святлана Пятроўна, з пачатку года складзена 50 пратаколаў на ўласнікаў прыватных дамоў і 23 — на юрыдычных асоб. Каля гандлёвых аб'ектаў пачалі размяшчаць стэнды, дзе пазначаны не толькі найлепшыя, але і найгоршыя сядзібы. Вядома, ёсць пакрыўджаныя. Але гэта вельмі дзейсны сродак барацьбы з безгаспадарлівасцю.

— І тут незаменныя памочнікі: органы грамадскага самакіравання, дэпутаты, участковыя інспектары. Гэта наш актыў, які здольны дайсці да кожнага чалавека, прымусіць навесці парадак на падворку і прылеглых тэрыторыях.

А вось яскравы «ўзор» безгаспадарлівасці — садаводчае таварыства «Вішанька», куды мы зазірнулі. Розны хлам складзіруецца наўпрост каля агароджаў. Мала таго, што тут не хапае кантэйнераў для буйнагабарытных адходаў, дык яшчэ і не заключаны дагавор на вываз смецця. Жыхары апраўдваліся: маўляў, не ўдалося сабраць членаў таварыства на суботнік, які хацелі зладзіць, часта мяняюцца старшыні таварыства. Вось і на днях знялі былога, а новага яшчэ не выбралі. Тым не менш, парадак наводзіць усё ж давядзецца ў тэрмін, вызначаны для ліквідавання парушэнняў.

Як паказаў рэйд, частка нашых грамадзян усё яшчэ жыве састарэлымі паняццямі накшталт таго, што прыбіраць смецце, наводзіць бляск у населеных пунктах павінны камунальныя службы і сельскі Савет. Але нагадаю: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць... Знешні выгляд сядзіб, паселішчаў, месцаў агульнага карыстання — візітоўка населенага пункта, паказчык узроўню культуры людзей, што там пражываюць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.