Вы тут

Чарга на кватэру: па законе і сумленні


За большасцю зваротаў стаяць сямейныя гісторыі.

Першая скарга на чарговую прамую лінію нават крыху парадавала старшыню Брэсцкага аблвыканкама Анатоля ЛІСА, бо стала сведчаннем заклапочанасці нашых грамадзян станам і захаваннем навакольнага асяроддзя. Марыя Лапіцкая з Пінска выказала абурэнне паводзінамі некаторых суайчыннікаў, якія дазваляюць сабе варварскія спосабы нарыхтоўкі ягад, грыбоў і іншых дароў прыроды.

27-41

 

Паводле меркавання Марыі Гаўрылаўны, чарніц цяпер стала значна менш, таму што збіраюць іх рознымі механічнымі прыстасаваннямі. Пінчанка прапаноўвала ўзмацніць кантроль і павялічыць штрафы, а таксама звярнуць увагу на нарыхтоўшчыкаў, якія прымаюць такія ягады (сабраныя рукамі чарніцы, як указала пенсіянерка, можна адрозніць візуальна ад тых, што вырваны з лісцем і галінамі «камбайнам»).

Старшыня аблвыканкама падзякаваў Марыі Гаўрылаўне за актыўную жыццёвую пазіцыю. Расказаў, як вядзецца барацьба з парушальнікамі прыродаахоўнага заканадаўства, звярнуў увагу на тое, што многае залежыць і ад саміх законапаслухмяных грамадзян, ад іх неабыякавасці.

Калі на гэты раз менш было званкоў ад індывідуальных забудоўшчыкаў, якія адчуваюць цяжкасці з атрыманнем крэдытаў, то два абаненты агучылі актуальную для многіх праблему — ушчыльненне забудовы. Цяпер, як вядома, многія забудоўшчыкі стараюцца не асвойваць новыя пляцоўкі, а «садзіць» шматпавярховыя дамы альбо гандлёвыя аб'екты туды, дзе ёсць гатовыя камунікацыі. А тое, што нехта праз гэта не будзе бачыць нават сонца, іх не вельмі хвалюе. Пра гэта гаварыла жыхарка дома з мікрараёна Вулька. У яе кватэры на першым паверсе сцяна аднаго даўгабуда літаральна засланіла святло. У доме нават мабільная сувязь не працуе. А ў кватэры пражывае пажылы інвалід і немаўля-ўнук. Адпаведныя службы гарвыканкама атрымалі распараджэнне выехаць на месца на наступным тыдні, каб вывучыць становішча і прыняць адпаведнае рашэнне.

Тэндэнцыяй апошняга часу можна, відаць, назваць павелічэнне колькасці зваротаў наконт працаўладкавання. Людзі просяць пакінуць іх на працы альбо прадаставіць хоць бы якую работу. І за кожным з такіх зваротаў стаіць сямейная гісторыя, часам вельмі няпростая. Напрыклад, пенсіянерка з Лунінецкага раёна прасіла за дачку, якая жыве ў Пінску. Маладая жанчына выхоўвае дваіх дзяцей, мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, вышэйшую атрымлівае завочна. Па збегу абставін засталася без работы. А ў Пінску сёння працаўладкавацца надзвычай складана. Відавочна, што гэтага званка не было б, каб бацька сямейства, пра якое ідзе гаворка, не з'ехаў з краіны. У свой час зяць заяўніцы паехаў у Расію на заробкі, а потым застаўся там у нейкай маладзіцы. А яго былая жонка ў Пінску павінна цяпер адна карміць, апранаць, выхоўваць дзяцей...

Паводле нямецкага заканадаўства, напрыклад, такі мужчына мусіў бы даць жонцы і дзецям поўнае ўтрыманне. У нас законы іншыя, таму людзі хапаюцца за любую саломінку, нават такую, як званок старшыні аблвыканкама. І ўжо поўнага спачування заслугоўвае жыццёвая гісторыя маладой брастаўчанкі, у якую яна трапіла па волі лёсу і недасканалага заканадаўства.

У абласным цэнтры да нядаўняга часу жыла шчаслівая сям'я маладых спецыялістаў. Муж і жонка працавалі пасля заканчэння ВНУ, нарадзілася двое дзяцей. Стаялі ў чарзе на кватэру. Калі ж падышла чарга на будаўніцтва, малады муж і бацька раптоўна памёр. І тады высветлілася, што на момант пастаноўкі на ўлік жонка была зарэгістраваная ў вёсцы ў доме сваёй маці. Ён, атрымліваецца, стаяў у чарзе адзін. І ёй аб'явілі, што смерць становіцца прычынай аўтаматычнага выключэння яе мужа з чаргі, не зважаючы на тое, што і на момант пастаноўкі ў чаргу, і на момант смерці мужчына меў сям'ю. Такія вось нюансы заканадаўства. І што тут зробіш?

Праўда, кіраўнік вобласці прасіў гарвыканкам падысці да гэтай праблемы не толькі па законе, але і па сумленні. Можа, у парадку выключэння, асобнае рашэнне прыняць, але знайсці нейкае выйсце, каб падтрымаць сям'ю, якая перажыла такое гора.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».