Вы тут

Яшчэ адзін перспектыўны партнёр


Спікеры абедзвюх палат сустрэліся з дэлегацыяй Інданезіі.

«Беларусь разглядае супрацоўніцтва з Інданезіяй як адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай знешняй палітыкі», — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч падчас наведвання спікерам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі Рэспублікі Інданезія Ірманам Гусманам верхняй палаты беларускага парламента.

«Мы адкрытыя для абмеркавання ўсіх пытанняў супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Нараўне з палітычнымі і парламенцкімі кантактамі надаём увагу пытанням гандлёва-эканамічным, інвестыцыйным, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва», — запэўніў сенатар.

Ён падкрэсліў, што пасля першага ў гісторыі візіту ў Інданезію беларускай дзяржаўнай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам два гады таму ўзаемны таваразварот вырас амаль удвая. «Павялічыўся і аб'ём гандлю ў першым квартале бягучага года ў 1,8 раза», — паведаміў спікер верхняй палаты.

Старшыня Савета Рэспублікі таксама звярнуў увагу на ўдзел Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і дадаў, што праз нашу краіну Інданезія мае магчымасць выйсці на рынак ЕАЭС.

Сёння аснову беларускага экспарту складаюць калійныя ўгнаенні і шыны. З 2012 года да гэтых пунктаў дадаліся пастаўкі грузавых аўтамабіляў, з 2013-га — прадукцыі двайнога прызначэння і сельскагаспадарчых трактароў, з 2014-га — капралактаму і поліямідаў.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА падчас сустрэчы з Ірманам Гусманам зрабіў акцэнт на тым, што Інданезія з'яўляецца для нас важным гандлёвым партнёрам у рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі.

— Мы разглядаем ваш візіт як важны крок па актывізацыі супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Інданезіяй ва ўсіх сферах. Як адзначалася на сустрэчы ў Прэзідэнта і прэм'ер-міністра, нягледзячы на крызісныя з'явы ў сусветнай эканоміцы, у нас даволі актыўна нарошчваецца ўзаемны таваразварот. І мы лічым, што ў гэтым плане нашы краіны маюць вялікі патэнцыял, — сказаў спікер ніжняй палаты парламента.

Ён таксама адзначыў значэнне візіту Прэзідэнта нашай краіны ў Інданезію ў 2013 годзе і згадаў візіт спікера Савета народных прадстаўнікоў Інданезіі Марзукі Алі ў Беларусь у тым жа годзе.

— На жаль, візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі пакуль не адбыўся па аб'ектыўных прычынах, але ён з парадку дня не зняты, і ў самы блізкі час мы пастараемся яго ажыццявіць, — запэўніў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

На думку Уладзіміра Андрэйчанкі, міжпарламенцкія адносіны — важнае звяно ў сістэме міждзяржаўных зносін. У беларускім парламенце з гэтай мэтай ужо створана рабочая група па супрацоўніцтве з парламентам Інданезіі, якую ўзначальвае Уладзімір Васіленка, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях. Старшыня ніжняй палаты выказаў зацікаўленасць у тым, каб у парламенце Інданезіі з'явілася група дружбы з Беларуссю. Як патлумачыў Уладзімір Андрэйчанка, гэта дазволіла б больш цесна кантактаваць, абменьвацца вопытам парламенцкай працы.

— Хацеў бы адзначыць канструктыўнае ўзаемадзеянне нашых дэлегацый у рамках міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН. Думаю, гэтыя ўзаемаадносіны трэба пашырыць не толькі ў міжпарламенцкай асамблеі АСЕАН, але і ў Міжпарламенцкім саюзе, іншых міжнародных арганізацыях.

У сваю чаргу Ірман Гусман выказаў на-дзею на развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю і звярнуў увагу на актывізацыю палітычных сувязяў.

На 22-23 чэрвеня 2015 года запланавана пятае пасяджэнне міжурадавай беларуска-інданезійскай камісіі па гандлёвым, эканамічным, навуковым і тэхнічным супрацоўніцтве.

* * *

Інданезія адносіцца да катэгорыі аграрна-індустрыяльных краін. Для яе эканомікі характэрна актыўная роля дзяржавы: яна валодае прыкладна 140 буйнымі прадпрыемствамі ў розных сектарах нацыянальнай гаспадаркі, а таксама кантралюе цэны на шэраг тавараў, уключаючы базавыя прадукты харчавання і гаруча-змазачныя матэрыялы. У аб'ёме ВУП доля прамысловай вытворчасці складае прыкладна 47%, сферы паслуг — 37%, сельскай гаспадаркі — 15%. Пры гэтым у прамысловасці занята 12,8% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38,3% і ў сферы паслуг — 48,9%.

Органам заканадаўчай улады ў Інданезіі з'яўляецца двухпалатны парламент — Народная кансультатыўная асамблея. Яна складаецца з ніжняй палаты, Савета народных прадстаўнікоў, і верхняй — Савета рэгіянальных прадстаўнікоў.

Вераніка ПУСТАВІТ, Надзея ЮШКЕВІЧ

Заява падпісана

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет рэгіянальных прадстаўнікоў Інданезіі падпісалі сумесную заяву аб супрацоўніцтве.

Гэта адбылося па выніках афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі Інданезіі на чале са спікерам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі гэтай краіны Ірманам Гусманам. З беларускага боку заяву падпісаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Пасля заканчэння цырымоніі ён удакладніў, што дакумент увабраў у сябе ўсе дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе перамоў, якія прайшлі на вышэйшым і высокім узроўнях. «Адзін з аспектаў — тое, што мы будзем больш увагі надаваць рэгіянальнаму супрацоўніцтву, і тут у нас дастаткова актыўна працуюць тры рэгіёны — Брэсцкая і Магілёўская вобласці, а таксама горад Мінск», — заўважыў старшыня Савета Рэспублікі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.