Вы тут

Па легенду — на веласіпедзе


Пра турыстычную прывабнасць раённых гарадоў.

Люблю падарожнічаць. І не вельмі — рабіць гэта на экскурсійным аўтобусе. Узімку, можа, і нічога сабе: цёпла, утульна, ветрам не прадзімае. Летам жа (як тыповы цеплалюб, выбіраю для паездак самыя спякотныя дні) прагрэты сонцам салон не надта радуе. Але справа нават не ў гэтым. Падарожжа ў аўтобусе па горадзе звычайна праходзіць па аднолькавай схеме: «справа вы бачыце ўнікальны архітэктурны комплекс, спыняцца не будзем, і так зразумела, а вунь там старажытны замак, але дарога вузкая, аўтобус не развернецца, таму не паедзем». У выніку аглядальная «празаконная» экскурсія не ўражвае, стамляе і надакучвае.

27-21

Больш люблю знаёміцца з горадам пешшу або на веласіпедзе. Падчас аднаго з падарожжаў, на грэчаскі востраў Кос, вельмі ўзрадавалася, калі заўважыла веладарожку ўздоўж узбярэжжа. З веласіпеда не злезла, пакуль разоў пяць не аб'ехала аднайменную сталіцу вострава (па маштабе як беларускі райцэнтр). Аднак самае вядомае месца на Косе — храм-лякарня Асклепіён, дзе некалі хворых аглядаў сам Гіпакрат, — знаходзілася ў чатырох кіламетрах ад горада. Дужа хацелася на яго паглядзець і яшчэ болей — сэканоміць на праездзе (маршрутка туды каштавала, здаецца, 4 еўра). Таму села на веласіпед і без праблем дабралася да старажытнагрэчаскай бальніцы, у свяшчэнным гаі якой ніколі ніхто не паміраў. Прадбачлівыя і вельмі дарагія дактары таго часу безнадзейна хворых у храм не пускалі.

Да чаго гэта я? Для мяне той востраў стаў добрым прыкладам таго, як трэба развіваць турызм у рэгіёнах. Экамаршруты, культурна-гістарычныя помнікі, нацыянальны каларыт, займальныя легенды — схема, прыдатная і да беларускіх мястэч-каў. Тым больш, каб падарожнічаць па невялічкіх гарадах на двух колах, па сутнасці, і спецыяльныя дарожкі неабавязковыя: там веласіпедыст даўно ўспрымаецца як паўнапраўны ўдзельнік дарожнага руху. Днямі пашанцавала далучыцца да экалагічнага велапрабегу ў Вілейцы, які, у рамках Тыдня ўстойлівага развіцця, арганізавала грамадская арганізацыя «ЗАВіК» пры падтрымцы мясцовай улады, каб звярнуць увагу на турыстычны патэнцыял раёна.

27-23

Велакультуру ў горадзе пачалі развіваць сем гадоў таму. Побач з цэнтральнай раённай бальніцай паставілі першую паркоўку, зрабілі дарожкі ўздоўж ракі Віліі. Крыніцай натхнення стаў шведскі горад Лунд: менавіта адтуль кіраўнік
«ЗАВіК» Таццяна Цітуленка вярнулася з ідэяй зрабіць Вілейку зручнай для веласіпедыстаў.

Падчас прабегу зазірнулі на «Вільянін хутар» — візітную картку горада. Да хутара, які стаіць на паўвостраве сярод возера, вядзе масток. Кажуць, калі пераходзіш яго, трэба спыніцца пасярэдзіне і загадаць жаданне. Калі ты добры чалавек, абавязкова збудзецца. Адразу за мостам расце Дрэва жыцця — канадскі дуб, занесены ў Чырвоную кнігу, сімвал жыццёвай моцы і бясконцага кахання. Крыху далей — невялічкая драўляная пабудова, дзе для маладых (а ў мясцовых пар прынята сюды заязджаць) ствараецца антураж вясковай хаты з покуццю і праводзіцца старажытны вясельны абрад. Адметна, што хутар пабудавалі на сродкі спонсараў — неабыякавых арганізацый і простых гараджан.

Вілейшчына багатая на легенды. Самая папулярная, вядома ж, пра каханне. Распавядаюць, што даўным-даўно ў гэтым мястэчку жыла прыгожая дзяўчына Вілляна. А непадалёк ад яе — Сцяпан, моцны і працавіты хлопец. Падабаліся яны адно аднаму, але баяліся прызнацца. Праз колькі часу Сцяпан пачаў губляць надзею: не зверне такая дзяўчына ўвагу на звычайнага хлопца, што шые боты і кажухі. Каб заваяваць сэрца прыгажуні, вырашыў звярнуцца па дапамогу да нячыстай сілы. Выйшаў на скрыжаванне дарог і выклікаў чорта. Той, калі пачуў гісторыю Сцяпана, усміхнуўся: «Будзе табе каханне Вілляны. Але ты павінен выканаць мае ўмовы. Зняць крыжык са свайго цела, бо цяжка мне так з табой размаўляць, і аддаць душу». Пагадзіўся Сцяпан, але, калі стаў зрываць з сябе крыжык, ударыла ў хлопца маланка і ператварыла яго ў камень. Даведалася пра гэта Вілляна, прыбегла да каменя і горка заплакала. Са слёз тых утварылася рака — Вілія (хаця некаторыя старажылы па-ранейшаму называюць яе Віллёй). Ля вытокаў ракі і сёння стаіць вялізны камень. Кожны год вада падмывае бераг і бліжэй падбіраецца да яго. Месцічы расказваюць працяг легенды: надыдзе час, калі рака сустрэнецца з каменем, і ператворацца яны ў хлопца і дзяўчыну, а іх каханне будзе бясконцым.

27-22

Па адной з вуліц праязджалі завод «Зеніт», некалі вядомы ва ўсім Саюзе. У савецкія часы тут працавала каля шасці тысяч чалавек! Цяпер на прадпрыемстве фотаапараты ўжо не выпускаюць — робяць оптыку для медыцынскіх прыбораў. Дый супрацоўнікаў у шэсць разоў меней засталося.

Яшчэ адна ўнікальная мясціна Вілейшчыны — мемарыял «Зніклыя вёскі». Памяць аб 253 населеных пунктах, якіх за апошнія 70 гадоў не стала на карце раёна. Некаторыя з іх зніклі ў савецкія гады, калі малыя вёскі ссялялі, бо лічылі неперспектыўнымі. Сорак чатыры былі спалены падчас Вялікай Айчыннай вайны. З дзясятак буйных вёсак (у некаторых было па трыста жыхароў) затапілі пры будаўніцтве Вілейскага вадасховішча.

Само вадасховішча сёння з'яўляецца самым вялікім штучным вадаёмам Беларусі. Прываблівае сотні турыстаў улетку і тысячы ў сезон зімовай рыбалкі. Гараджане жартуюць, што там ніколі не ўбачыш белы лёд: з-за шматлікіх рыбакоў ён здалёк здаецца чорным.

...Няхай і невялікі, але пазнавальны і экалагічны маршрут распрацаваць можна, бадай, у любым раёне. Правільна разрэкламаваць — і турысты, прынамсі з суседніх гарадоў, пацягнуцца. А калі яшчэ легендай прыгожай прыправіць (іх наш народ, дзякуй Богу, багата назапасіў), глядзіш, і госці з замежжа ў беларускую глыбінку заедуць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Каментарый да тэмы

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама Сяргей ПАЎЛОЎСКІ:

— Мы зацікаўлены ў тым, каб прыцягваць у раён розных турыстаў, таму працуем па некалькіх напрамках. Апошнім часам з'явіліся новыя аграсядзібы, месцы для кемпінга на турыстычнай базе «Клёвае месца» (знаходзіцца ў вёсцы Кучкі побач з Вілейкай). Гады тры таму быў адрамантаваны гарадскі гатэль «Вілія», які цяпер стаў трохзоркавым. Стараемся развіваць падзейны турызм. Так, улетку чакаюцца фестывалі. 3-4 ліпеня на Дні горада будзем святкаваць 555-годдзе Вілейкі. У гэты ж час у «ніжнім парку», на беразе Віліі, упершыню пройдзе рыцарскі фестываль «Гонару Продкаў», падчас якога наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з культурай і гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, убачыць сярэднявечны ваенна-палявы лагер і сапраўдныя турніры.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.