Вы тут

«Паважаю матчыну мову»


Сяргей ЛАДУЦЬКА, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук:

27-36

— Гадоў 40 таму, калі праз канцылярыю сельгасінстытута «Звязда» трапляла на кафедру, дзе я працую і сёння, у газеце пачалі друкавацца артыкулы «Як бальзаміравалі Сталіна?» І я стаў з цікавасцю знаёміцца з сакрэтамі аб чалавеку, пра якога ў пасляваенныя гады штодня спявалася шмат даволі прыгожых песень. Тады, дарэчы, падшыўка «Звязды» знаходзілася і ў адным з пунктаў Саюздрука, дзе я дачытваў тое, што не паспяваў на кафедры. Пазней мы выпісвалі газету для нашай кафедры ў складчыну. А затым я і сам выпісваў не толькі сабе, але і для некаторых супрацоўнікаў, бо гэта было даволі танна.

Мой першы артыкул надрукавалі ў «Звяздзе» гадоў 30 таму пад назвай «А што, калі вярнуцца да ляснога «бензіну»?». Гэта пра тое, каб частку грузавых аўтамабіляў замест дэфіцытнага ў той час бензіну перавесці на газагенератарныя ўстаноўкі, што працуюць на драўніне.

Аднойчы «Звязда» надрукавала нават маю прыпеўку. Яе, памятаю, не толькі чыталі, але і дэкламавалі многія супрацоўнікі нашага інстытута. А ў апошнія гады на старонках газеты з'явіліся мае публікацыі «Бабры — жывёла карысная ці шкодная?», «Ці патрэбна турма ў цэнтры Гродна?», «Паравозы стаяць, а бабры працуюць», «Дзе той шкіпінар?»

Чаму я выпісваю «Звязду»? Бо ў газеце друкуецца шмат навін, артыкулаў на самыя розныя тэмы, своечасовай інфармацыі пра работу органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый. І, вядома, таму, што паважаю матчыну мову. Дарэчы, з надыходам «перабудовы» была дыскусія аб мовах. І я нават шэраг метадычных распрацовак зрабіў па-беларуску.

Мяркую, што дзеля падпіскі на газету трэба больш друкаваць чытацкіх лістоў, а калі яны не публікуюцца, то тлумачыць прычыну.

Дарэчы, у «Звяздзе» ёсць цікавая рубрыка Міхася Шавыркіна, дзе папулярызуюцца беларускія песні. Але мала хто з чытачоў, пэўна, разумее ноты. Таму, на мой погляд, газеце варта наладзіць сувязь з Першым нацыянальным каналам беларускага радыё, каб гэтыя песні агучваліся.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.